Магчыма, самае прыгожае месца на зямлі. Унізе – мора. Над морам – горы. Паміж морам і гарамі – старажытны порт Амальфі, які аднойчы амаль цалкам паглынула вада, і цяпер частка Амальфі – на дне.

«На дне», дарэчы, часцяком прыгадваецца, калі едзеш сюды ад Неапаля па тэрыторыях, што кантралююцца «каморай» (італьянскай мафіяй): за вокнамі –кіламетры незаконнай жыллёвай забудовы, гэткі мінскі «сельгаспасёлак». Жыхары прызвычаіліся, што роля паліцыі тут манапалізаваная франтавата апранутымі італьянскімі бандзюкамі.

Калі прайсці шэсць кіламетраў ад Амальфі ў гару па пакручастай дарозе, пабачыш Равэла – хутчэй ужо сяло, чым горад. Гэткае Клетнае ў катэгорыях Магілёўшчыны, якая мяне ўзгадавала і навучыла прыметніку «франтаваты». Дык вось, калі ты яшчэ не зусім здох пасля шасцікіламетровага марш-кідка і здольны варушыць нагамі, трэба зрабіць пешшу вялікую дугу, перайсці па сцежках на іншы хрыбет – і апынешся ў самай зацішнай (і прыгожай!) вёсцы Італіі.

Знаёмцеся: населены пункт Скала. Статыстыка брэша, што ў ім жыве тысяча чалавек, але я, бадзяючыся вулачкамі, сустракаў гэтаксама няшмат жыхароў, як бачу ў родным Барбарове Клятнянскага раёна Магілёўскай вобласці.

Паколькі чытаць пра храмы Скала, больш падобныя да армянскіў цэрквы, пра ўнікальны кляштар Скала, у якім сёстры спяваюць «Алілуя» на чатыры галасы – дык вось, паколькі чытаць пра ўсё гэта вам будзе нецікава, я сканцэнтруюся на адзіным вартым вашай увагі. Кожны дзень тут я хадзіў у мясцовую краму і набываў прадукты. Гэтак жа, як хаджу, бывае, у краму ў Барбарове ці Клетным. Я вырашыў супаставіць беларускі і італьянскі «сельмагі».

 

Спачатку пра падабенствы

—  У Скала, як і ў Барбарове, не гандлююць тым, што мае на падворку кожны селянін. Скала вядомы сваімі смажанымі каштанамі: дрэвы растуць паўсюль. Але набыць каштаны немагчыма, як тую бульбу ў беларускім «сельмагу».

—  Як і ў Клетным, крама тут працуе так, як хочацца крамніку, строга фіксаваны рэжым ёсць на шыльдачцы, але адсутнічае ў рэале. Гандаль у вясковай краме – кшталту хобі. У людзей ёсць гаспадарка, якая патрабуе нагляду. Калі ідзе збор бульбы ці мандарын – не да спажыўцоў!

Як і ў беларускіх вёсках, крамы тут не маюць назваў.

Падабенствы на гэтым заканчваюцца. Зараз пра адрозненні

— Галоўнае адрозненне колькасць. У Барбарове крамы болей няма, яе закрылі. Адзін раз на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка. Няма ў Барбарове таксама клуба (разбурыўся), бібліятэкі (знікла) ці грамадскай лазні. На ўсё Клетнае (статыстыка брэша, што тут жыве каля 400 жыхароў, але ўлетку колькасць мінакоў на вуліцах перавышае тое, што я бачыў у Скала) крама адна. У Скала крам тры. Па-першае, «гіпермаркет». Тут можна набыць усё, ад зубной пасты да пармезану. Па-другое, насупраць – дзяўчына, што гандлюе імпартаванай гароднінай (бананы, ківі і г.д.). Па-трэцяе, тут ёсць асобная тытунёвая крама. Менавіта тут, згодна з невытлумачальнай логікай італьянскай правінцыі, варта набываць квіткі на аўтобус (ох ужо гэтыя малыя адрозненні! У М’янме, напрыклад, грошы мяняюць не ў банках, а ў шпіталях).

—  Самае цікавае, што ў Скала ёсць дзве (!) рэстарацыі. Адна болей падобная да піўной, і там тэарэтычна можна адгрэбці ад мясцовых, калі прыйсці позна ўначы і пачаць крыўдзіць іх па-ангельску. Другая больш падобная да кавярні: тут робяць атамны эспрэса і п’юць яго ля стойкі, у некалькі глыткоў. Адказна заяўляю: у Барбарове, Клетным, а таксама Глуску (7 тыс. жыхароў, раённы цэнтр!) эспрэса выпіць немагчыма нідзе! У рэстаран людзі ходзяць, каб адсвяткаваць юбілей ці ажаніцца. Кава тут паўсюль распушчальная.

—  Дыслакацыя крамы. Скала – вёска, якая існуе не менш за дзве тысячы гадоў. Сістэма вуліц тут прыкладна такая, як была ў гады панавання «амальфійскай рэспублікі». Тут ёсць плошча, усе крамы туляцца да яе. Барбароўская крама была зробленая за саветамі і месцілася на выездзе з Барбарова. Клятнянская крама і «румачная» знаходзяцца ў самым канцы Клетнага. І навошта так рабіць?

—  Уваход у «гіпермаркет» у Скала закрыты фіранкамі з рознакаляровых стужачак пластыка. Нечым гэта падобна да «заслонаў» з бамбукавых «нітачак», што ладзілі ў калідорах савецкіх кватэр. Але пластык тут цяжкі, вісіць настолькі шчыльнай сцяной, што ў першае наведванне крамы я ледзь не «выйшаў» праз шкло акна, падумаўшы, што выхад – там. Пакуль я цёр шышку на ілбе, крамнік патлумачыў, што тыя дзівосы, пластыкавыя стужачкі, патрэбныя, каб спыніць мух. У беларускіх сельскіх крамах з мухамі ваююць з дапамогай ліпкіх стужак, што вісяць са столі – апетытна і па-эстэцку!

—  Тут наогул не карыстаюцца пластыкам! Набыты кавалак пармезану быў абгорнуты ў тры розныя гатункі паперы. У тры, уявіце! Спачатку ішла тонкая, падобная да калькі, празрыстая. Потым – тлустая, нібыта пакрытая парафінам ці правошчаная папера. І, урэшце, усё гэта было пакладзена ў карычневы папяровы пакунак, кшталту тых, у якія некалі ў мінскіх кандытарскіх пакавалі выпечку. Назіраючы за культурай абгорткі тут, у італьянскай правінцыі, я зразумеў, што мы шмат у чым страцілі традыцыі ўласных адносін з паперай. Традыцыя выціснутая танным пластыкам, шапаценнем белых пакецікаў. А як жа гэта прыемна – разгортваць слаі калькі і даставаць з іх кавалак сыра!

—  Прылада для нарэзкі свініны. Ля крамніка ляжыць вэнджаная свіная нага, тое, што называюць «хамонам» у Іспаніі (я не ведаю назвы гэтага далікатэсу ў Італіі). Я замаўляю трохі свініны, пакаштавац. Ён – увага! – бярэ нагу і нясе яе да нейкай металічнай хрэні, падобнай да такарнага станка. Пачынае нагой ціснуць на педаль, гэта раскручвае сталёвы дыск, які здымае танюткія – танчэйшыя за паперу! – пялёсткі «хамона». Крамнік кладзе іх на паперу, перакладае калькай, папраўляе, каб выглядала прывабна (для яго гэта істотна), абгортвае яшчэ некалькімі слаямі паперы і перадае мне. Бачна, што гэтаму «станку» ці не сто гадоў, што менавіта так рэзалі вэнджаную свініну продкі гэтага селяніна.

І пачынаеш вельмі зайздросціць італьянскім сялянам, іх культуры побыту і іх «сацыяльнаму стандарту». І гэта я пра басейн у Скала не прыгадаў!

Але ведаеце, калі сур’ёзна, шчасце не ў басейне і не ў абгортцы. Не ў тым, як рэжуць «хамон» і не ў самім «хамоне». Мне здаецца, ёсць шчыльная ўзаемасувязь паміж тым, як гэтыя людзі п’юць эспрэса, і абрысам храма ХІ стагоддзя, у цені якога месціцца іх кавярня.

Культуру тут дыктуюць традыцыі, і гэта добра бачна па ўзросце «педальнай пілы» ў «гіпермаркеце».

У беларускай вёсцы – страх, п’янства, багна і галеча. Але гэта не таму, што нашыя людзі лайдакі, бо людзей маем не менш працавітых.

Проста ў Скала – храм, а за ім – кляштар, а за кляштарам – дом біскупа, у якім ужо 100 гадоў біскуп не жыве, бо біскуп цяпер толькі ў Амальфі. Але дом стаіць, ніхто яго не руйнуе.

Здаецца, калі жыхары Глуска ўспомняць пра прыгожы палац, які некалі стаяў там, дзе цяпер маркоціцца пыльны закінуты стадыён, гэта будзе першым крокам да хамона і эспрэса на Глушчыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?