Паводле сайта «Платформы», прычынай, з якой палітвязень нанес сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні, стала «адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы».

Два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць спагнанні ў той час, калі сканчаюцца пакаранні, накладзеныя раней.

«Платформа» піша, што 4 верасня, калі вязню заставаўся месяц да пагашэння ўсіх парушэнняў, на яго было накладзена новае спагнанне. Гэта пазбавіла яго магчымасці атрымаць пасылку і перадачу, сустрэцца са сваякамі.

Па непацверджанай інфармацыі, прычынай спагнання стала адсутнасць Аўтуховіча 26 жніўня на сваім спальным месцы пасля адбою.

Па версіі з той жа ананімнай крыніцы, эмацыйная рэакцыя Аўтуховіча на спагнанне тлумачыцца тым, што вязень старанна сыходзіць ад любых парушэнняў: «Яму, як вайскоўцу, не цяжка ўстаць раніцай і своечасова легчы спаць. Ён прызвычаіўся да такога рэжыму. Прызвычаіўся і па паўгода ні з кім не размаўляць, кажучы ў дзень па пары дзяжурных фраз — абы не даваць нагоды да далейшых правакацый».

Калі за Аўтуховічам замацуецца статус злоснага парушальніка, тэрмін яго зняволення можа быць падоўжаны.

Таксама вязню можа быць прызначаны прэвентыўны нагляд пасля вызвалення. Для такіх выпадкаў існуе артыкул 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Мікалай Аўтуховіч — прапрымальнік з Ваўкавыска, ветэран-«афганец». Упершыню быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года.

Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС

Мікалай Аўтуховіч другі раз быў арыштаваны 8 лютага 2009 г., асуджаны 6 мая 2010 г. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі № 5 у Івацэвічах ў турму № 1 г. Гродна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?