Адказваючы яму,
Ісус спытаўся:
чаго ты хочаш ад Мяне?
Марка 10:51
Доўгі званок. Пранізлівы. Патрабавальны. Такі ж самы, як на
пад’ём ці праверку. Пачынаюць грукаць дзверы на першым і другім паверхах, тупат ног па калідорах, шоргат на лесвіцы.
— Віктарына?..
У актавай зале, якую дзяжурка дагэтуль імянуе ленкомнатай,
дзе ў любым кутку цябе гіпнатызуе партрэт Рыгоравіча і ў кратах граюць блікі сонца, прасеянага скрозь лісце, хлопцы ды мужыкі рассаджваюцца на патройных секцыях складных савецкіх крэслаў і заціхаюць.
— Хто з герояў Бібліі сядзеў у турме?
— Назавіце самую светлую кнігу святога Пісьма.
— Ісус, укрыжаваны, крычыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму ты
Мяне пакінуў?.. А сапраўды, чаму?
З сёлетняй вясны ў спецкамендатуры нумар сем адбываюцца
біблійныя сустрэчы. Двойчы на месяц у нядзелю, сярод дня або пад вечар прыязджаюць браты з евангельскіх цэркваў.
Брат Мікалай — баптыст, колішні гарманіст, чарнобыльскі ліквідатар; пахаваў сваіх набрынялых радыяцыяй таварышаў, а сам застаўся жывы, каб сведчыць пра Хрыста; перапісваецца з шасцю пажыццёва зняволенымі; піша вершы, у тым ліку і пабеларуску; прапаведуе і грае на акардэоне.
Яшчэ адзін брат — Мікалай, але ўжо пяцідзясятнік, высокі, з
высакародным абліччам, снежнай сівізной і пякучымі вачыма, што за саветамі цярпеў за веру — глыбокім барытонам спявае псалмы.
Брат Слава, той самы, што працаваў і сведчыў у нас на складзе запчастак — чытае Біблію і тлумачыць: проста, ясна, робіць паўзы, каб дайшло.
Мая справа — біблійная віктарына напрыканцы.
— Колькі разоў Ісус перамяняўся?
— На якіх мовах у Пружанах чытаецца ўголас Евангелле?
— Пакажыце, дзе шукаць Валадарства Нябеснае?
Прызы пераможцам за слушныя адказы адмысловыя. Акрамя, само сабою, кніг ды паштовак з евангельскімі цытатамі, цукерак ды сокаў — шарык для пінгпонга, улюбёнай гульні каменды; дэфіцытная лямпачка (калі ў пакоі перагарэла — цішком выкручваюць, натуральна, у кухні або прыбіральні, і робіцца цёмна ўсім); шасцілітровік чыстай пітной вады — бо тутэйшую, іржавую, толькі фільтраваць.
Пытанні трэба падабраць так, каб адказ трапляў у сэрца.
Біблія Сёмухі — пабеларуску, але затрымкі з адказам дзеля перакладу ў думках у хлопцаў ужо няма. Форма не напружвае, засталося галоўнае: сутнасць.
А сутнасць простая. Хочаш збавіцца? Хочаш жыць вечна? Хочаш на неба?
Маўчыць каменда. На пытанні адказвае, на малітву дружна ўстае, але маўчыць.
Куплін — зусім не Малое Сітна. Евангелізацыя вакол спецкамендатуры аж віруе. Абавязкова прыязджае айцец Ігар з пружанскай СпасаПраабражэнскай царквы, распавядае пра веру ды ставіць фільмы.
Наш айцец Сяргей з Новых Засімавічаў пераконвае цверазець. Мінскі аўтапрабег «Беларусь для Хрыста» з канцэртам… Хрысціянскія працоўныя атрады, маладзёны, што дапамагаюць цэрквам будавацца і парадкаваць гаспадарку…
Евангельскі гурт «Добрая вестка» з бусам гукавой апаратуры, песняроўскім шматгалоссем і дачкой саліста, якая акампаніруе
бацьку на некалькіх інструментах… Берасцейскі ксёндз з парафіянінампадлеткам, які спявае хрысціянскі рэп…
Пастар мінскай «Царквы Ісуса Хрыста» дасылае евангельскую газету «Колокол», кнігі пра першыя крокі ў веры і ацаленне ад залежнасцяў. А вось і вядомы бард Аляксандр Чарпакоў, якога тутэйшыя бандыты памятаюць як Чарпака, увесь у наколках, распавядае пра сваё навяртанне басам мацёрага уркі — вернік у законе з хрыплаватымі спевам пра грэх і нябёсы ды пяшчотнымі вачыма.
Гэта ўсё Ён. Задае табе пытанне штодня — каб цярпліва,
усё жыццё, чакаць адказу.
— Назавіце доказы ўваскрасення Хрыста.
— Што значыць «Амінь»? А «Алілуя»?
— Чаму Ісус выбраў у апосталы Юду?
Ці пакідаюць па сабе гэтыя пытальнікі хоць якую кропку ў галовах асуджаных за аліменты, крадзяжы, хуліганкі, дарожнатранспартныя здарэнні і цяжкія цялесныя пашкоджанні? Беларус — чалавек глыбокі, маўчыць.
Прарыў пакуль адзін — пакаянні па п’яні.
Пасля працы, калі ў дзяжурцы ўжо ўнюхалі, далі небараку дыхнуць «у трубачку» і аформілі парушэнне рэжыму ўтрымання, сёйтой заходзіцьс да мяне. «Наруха» — справа сур’ёзная, раздва — і зона, таму развагі адразу бурляць за жыццё.
— Паша, можна паінцерасавацца?
Мнуцца. Пачынаюць здалёк. Блытаюцца. Надсілу, сцяўшы зубы, наракаюць ды выціскаюць з сябе прызнанні. Спавядаюцца. Да спазмаў у горле каўтаюць крыўду — і раптам зрываюцца на рыданні.
— Бог жа ёсць, Паш… Ёсць!
Назаўтра ўжо глядзяць міма. Сорамна.
Сэрца зачынена — раздражнёна, з грукатам.
А ў нядзелю прыходзяць у актавую залу зноў. Слухаюць. Так і
чуеш, як варушыцца ў душах, як хоча кожны нешта спытацца ў Бога сам. І мучыцца.
І стукаецца ў сэрца Творца.
І вісіць у актавай зале пад пільным позіркам Рыгоравіча немае пытанне, нібы дым у курылцы.
Чаму, чаму беларуса, хрысціянскую душу, цярплівую, пакорлівую і глыбокую, што ные, заходзіцца адчаем і трымае, сцяўшы зубы, да апошняга, трэба так доўга і так настойліва ўгаворваць не таіцца, не баяцца, а проста ціха адказаць Богу?..