Іх распыталі пра тое, як яны зацікавіліся беларускай мовай і культурай, як на гэта рэагуюць бацькі і аднагодкі, і якім чынам яны пашыраюць ужытак роднай мовы.

Словы маладых абвяргаюць міф пра заняпад беларускай мовы. Насамрэч мы назіраем адваротны працэс — на мову прадзедаў пераходзіць моладзь.

Ганна Пракаповіч, студэнтка 1 курса БНТУ, скончыла школу № 2 у Паставах:

— З першага класа штогод хадзіла на алімпіяду па беларускай мове. Настаўніца казала — я ішла. Але ў класе восьмым я зразумела, што вывучаю родную мову не толькі для таго, каб атрымаць добрую адзнаку: гэта яшчэ і вельмі цікава.

Дзякуючы настаўніцы Тамары Мікалаеўне Захарэвіч прыйшло разуменне: столькі ёсць цудоўнай беларускамоўнай музыкі! А кнігі! Яны сталі больш цікавымі, бо, напэўна, падрасла, каб падыйсці да больш грунтоўнага чытання і разумення класікі беларускай літаратуры.

А размаўляю па-беларуску я толькі год. Цяпер задаюся пытаннем, чаму я не раней перайшла са звыклай трасянкі да гнуткай, спеўнай, мілагучнай беларускай мовы. Магчыма, у малым узросце я проста не магла адчуць увесь яе смак. І вось адчула! Адным са штуршкоў да маёй беларускасці стала песня беларускага выканаўцы Вінсэнта «Наша слова ў небяспецы». Пачуўшы яе, я нарэшце зразумела: «Пачынаць трэба не з іх, не з яго, не з яе, а з сябе».

Бацькі размаўляюць не па-беларуску, але і не па-руску: тутэйшая гаворка з перавагай беларускіх слоў. Сябры — тут ужо іншая справа. Некаторыя былі здзіўленыя і не надта задаволеныя, некаторыя ўспрынялі нармальна, але з цягам часу прывыклі. На выпускным я заўважыла, што шмат хто з аднакласнікаў у гутарцы са мной ужывае адметныя беларускія словы. І гэта цешыць.

Я заўсёды імкнуся прыдумаць нешта, каб зацікавіць людзей роднай мовай. Запрашаю пайсці разам са мной на імпрэзы, вечарыны, прэзентацыі. На сваім дні народзінаў, напрыклад, усіх гасцей я прымусіла гаварыць па-беларуску. Увесь вечар гучала родная мова з вуснаў блізкіх мне людзей, хоць некаторым было цяжкавата.

Мая спецыяльнасць у БНТУ называецца «вытворчасць экспазіцыйна-рэкламных аб’ектаў», і я спадзяюся, што, адвучыўшыся пяць гадоў, змагу ствараць якасную беларускамоўную рэкламу.

Алег Русін, вучань 11 класа Удзельскай школы (Глыбоцкі раён):

— Асэнсаванне таго, што беларуская мова для мяне родная, прыходзіла паступова. Спачатку зацікавіўся беларускай гісторыяй. Я ніяк не мог уцяміць, чаму гісторыя Беларусі можа выкладацца на расійскай мове. Са школьных прадметаў мне найбольш падабаецца беларуская літаратура.

Беларускую мову ў размове выкарыстоўваю не вельмі часта: я стараюся не навязваць свае погляды. Хай кожны дойдзе да разумення сам. Па-беларуску я пішу на сваёй старонцы «ВКонтакте». Ёсць некалькі сяброў у сацыяльных сетках, якія могуць падтрымаць зносіны на роднай мове. Пісаў па-беларуску артыкулы ў газету.

Цяпер я навучаюся ў 11 класе Удзельскай школы. Збіраюся паступаць на гістарычны факультэт. І я ўжо цяпер ведаю, што мовай майго навучання будзе беларуская. Доўгатэрміновых планаў на жыццё я будаваць не люблю. Хацелася б працаваць выкладчыкам гісторыі ў школе або ва ўніверсітэце. І, канечне, выкладаць па-беларуску.

З мастацкіх твораў магу параіць творы Васіля Быкава. Яны вельмі праўдзівыя, рэалістычныя. І сам Васіль Быкаў быў вельмі цікавай асобай. Ён прадказаў нацыянальнае адраджэнне беларусаў, быў яго правадніком. Яшчэ я лічу, што трэба больш здымаць беларускіх фільмаў на беларускай мове. Без роднай мовы мы загінем як нацыя. На маю думку, кожны можа прыкласці намаганні для выратавання мовы.

Вольга Янковіч, вучаніца 11 класа Ваўкалацкай школы (Докшыцкі раён):

— Беларускую мову і літаратуру люблю з дзяцінства, але глыбока цікавіцца беларушчынай пачала адносна нядаўна, гады тры таму. У той час я адкапала бібліятэку свайго таты, дзе ўсе кнігі былі беларускімі. Творы Караткевіча, Быкава, Чорнага, Глобуса, Янішчыц і яшчэ многіх-многіх сталі самымі любімымі і дагэтуль застаюцца на першых месцах маіх чытацкіх рэйтынгаў.

Настаўнікі асаблівай увагі на пераход на беларускую мову не звярнулі — беларускамоўная школа ўсё ж. Аднагодкі спачатку смяяліся («Калхоз…», «Апазіцыя…»), але потым некаторыя пачалі спрабаваць размаўляць па-беларуску.

Многія людзі, калі пачаць з імі размаўляць роднай мове, адкажуць таксама па-беларуску, ды яшчэ ўсміхнуцца, а хтось і руку пацісне: «Паважаю!»

Я размаўляю (ну, стараюся размаўляць) на беларускай мове, раю сябрам і знаёмым музыку беларускіх гуртоў, кнігі беларускіх аўтараў… Маю старонкі ў сацыяльных сетках на беларускай мове і перапісваюся з людзьмі па-беларуску. Вось мая прапаганда!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?