Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацняць беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы рэалізацыі калійных угнаенняў. Пра гэта ён заявіў 22 ліпеня на нарадзе па пытаннях іх рэалізацыі.

«Мы імкнемся ўмацаваць сваю прысутнасць як на традыцыйных для нас, так і на новых, перспектыўных рынках мінеральных угнаенняў. Разам з расіянамі нам будзе прасцей і лягчэй адстойваць свае інтарэсы», — сказаў ён.

Ён нагадаў, што ў маі была створаная рабочая група, якая сёння павінна інфармаваць кіраўніка дзяржавы пра вынікі сваёй працы.
«Паколькі былі некаторыя праблемы на цяперашнім этапе, няўзгодненыя дзеянні і меркаванні па працы ў гэтай сферы (і гэта ўскладнялася тым, што мы ж не адны працавалі пры рэалізацыі калійных угнаенняў, мы цесна супрацоўнічалі з расіянамі ў гэтай сферы), таму было рашэнне — прыцягнуць, як прынята цяпер казаць, незалежных спецыялістаў і прааналізаваць сітуацыю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, дагэтуль існуюць розныя меркаванні і падыходы да асобных пытанняў. Таму, сказаў ён, мэтай цяперашняй нарады з’яўляецца канчатковае прыняцце рашэння і вызначэнне адзінай пазіцыі ўсіх органаў улады ў сферы калійных угнаенняў.

Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы пачуць ад удзельнікаў нарады, якая цяпер сітуацыя з вытворчасцю і рэалізацыяй калійных угнаенняў, а таксама фінансавы складнік.

Акрамя таго, яго цікавіць праца на перспектыву. «З’яўляюцца новыя вытворцы калійных угнаенняў, і не толькі ўнутры нашай краіны, але і за яе межамі, якія хацелі б у перспектыве, як яны сёння заяўляюць, працаваць сумесна з намі па рэалізацыі калійных угнаенняў праз БКК», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларуская калійная кампанія была створаная для павышэння эфектыўнасці працы як «Беларуськалія», так і «Уралкалія».
Паводле яго слоў, жыццё паказала, што гэта рашэнне было ўзважаным і своечасовым, бо з моманту свайго з’яўлення кампанія заваявала велізарны аўтарытэт, а дзякуючы якасці прадукцыі з ёй лічацца ўсе партнёры ў свеце. «Але ў апошнія гады ў сферы вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў адбываюцца істотныя змяненні, і нам трэба прыняць рашэнне, як дзейнічаць на перспектыву», — сказаў Лукашэнка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?