Прадаўцы ў Беларусі абавязаныя ўказваць цэны на тавары, незалежна ад спосабу іх рэалізацыі, толькі ў беларускіх рублях. Як паведаміла прэс-служба Міністэрства гандлю, такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове ўрада № 602.

Дапускаецца ўказваць цэны як у беларускіх рублях, гэтак і ў замежнай валюце, калі прадавец мае права ажыццяўляць рэалізацыю тавараў за замежную валюту ва ўстаноўленых заканадаўствам выпадках. «Гэтае новаўвядзенне дазволіць навесці парадак асабліва ў гандлі па ўзорах, што ажыццяўляецца як з дапамогай рэкламы, якая размяшчаецца ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, гэтак і ў інтэрнэт-магазінах», — зазначылі ў Мінгандлю.

Апрача таго, у «мэтах выключэння практыкі ўвядзення ў зман спажыўцоў аб рэальных памерах скідак, што распаўсюдзілася апошнім часам, пастановай уводзіцца парадак давядзення такой інфармацыі да спажыўцоў».
Так, вызначана, што інфармацыя аб памеры скідак павінна даводзіцца ў працэнтных адносінах да ўстаноўленай рознічнай цаны тавару або ў абсалютным выражэнні ў грашовых адзінках.

Суб`ектам гаспадарання, у якіх ёсць свая вытворчасць (як правіла, гэта фермеры, агракамбінаты, перапрацоўшчыкі прадукцыі), дазволена рэалізоўваць свой тавар спажыўцам праз інтэрнэт-магазін без дадатковай умовы аб наяўнасці гандлёвага аб`екта, што дазволіць скараціць шлях тавару ад фермы, цэха і да т.п. да канцавога пакупніка.

У мэтах забеспячэння кантролю за паступленнем спецыялізаваных харчовых прадуктаў для харчавання спартсменаў і іх рэалізацыяй на рынку Беларусі,
папярэджання выпадкаў рэалізацыі фальсіфікаванай прадукцыі і прадукцыі, якая ўтрымлівае забароненыя кампаненты, пастановай забаронена рэалізацыя такіх прадуктаў на рынках і па ўзорах па-за гандлёвым аб`ектам. «Больш жорсткія патрабаванні да рэалізацыі спецыялізаваных харчовых прадуктаў для харчавання спартсменаў выклікана спецыфікай складу гэтых прадуктаў, іх прызначэння і парадку прыёму (пад абавязковым кантролем спартыўнага ўрача або спецыяліста па харчаванні)», — пракаментавалі ў міністэрстве.

Апрача таго пастановай вызначана, што прадавец абавязаны мець бракеражны журнал толькі ў выпадках, устаноўленых Міністэрствам гандлю (бракераж — працэс прыняцця рашэння аб адпаведнасці знешняга выгляду і смакавых якасцяў прадукцыі шляхам зняцця пробы; бракеражны журнал адзначае ўсе правераныя стравы і кожнаму з іх ставіцца ацэнка).

А таксама з улікам таго, што на сёння заканадаўствам прадугледжана падраздзяленне на нацэначныя катэгорыі толькі рэстаранаў, кафэ, бараў удакладненая інфармацыя, якая даводзіцца да спажыўцоў на шыльдзе і (або) інфармацыйнай таблічцы: звесткі аб нацэначнай катэгорыі павінны ўказвацца толькі для аб`ектаў, у якіх заканадаўствам прадугледжана яе наяўнасць (кафэ, бары, рэстараны).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?