Аўстрыйская Der Standard паразмаўляла пра правы чалавека ў Беларусі з Андрэем Саннікавым, які ў 2010 годзе вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта краіны, а з кастрычніка 2012 года жыве ў Лондане. Вось што сказаў беларускі апазіцыянер.

«Таму, хто хоць аднойчы пабываў у беларускай турме, ніколі не пазбавіцца ад гэтага вопыту. Мяне вымусілі пакінуць радзіму. І паверце мне, гэта было неверагодна складанае для мяне рашэнне…»

«Выбары Лукашэнка прайграў… Мірная дэманстрацыя ўвечары 19 снежня 2010 года ўзмацніла страх дыктатара. У выпадку далейшай лібералізацыі ён ні за што не змог бы ўтрымацца ва ўладзе. Вось ён і выбраў шлях рэпрэсій».

«Ужо 19 гадоў Лукашэнка паказвае, што ні пра якую дэмакратызацыю, ні пра якую лібералізацыю пры ім і гаворкі быць не можа. У ЕC дастаткова магчымасцяў — на самых розных узроўнях — паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. За той час, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, ЕC значна пашырыўся. З 2004 года мы знаходзімся каля ўсходняй мяжы ЕC. Гандаль з тых часоў стаў больш ажыўленым, еўрапейскіх інвестыцый у Беларусі стала больш. Так што не трэба мне распавядаць, што ў ЕC няма інструментаў», — заявіў Саннікаў.

«Лукашэнка робіць усё, каб яшчэ мацней прывязаць да сябе міліцыю, спецслужбы і войска… Пасля масавых арыштаў у снежні 2010 года ЕC увёў санкцыі. Такое становішча захоўвалася да пачатку 2012 года. Затым ЕC намякнуў, што з яго боку зноў ёсць зацікаўленасць у збліжэнні з Беларуссю. А Лукашэнка ў той час ніякім чынам не праявіў гатоўнасці да пазітыўных сігналаў. Сітуацыя з правамі чалавека ўсё пагаршалася і пагаршалася. І на гэтым фоне ЕC працягвае руку дыктатару? І дзе ж тут, дазвольце спытаць, логіка?» — запытвае беларускі апазіцыянер.

«Варта было б распачаць пазітыўныя крокі, накіраваныя непасрэдна на наш народ. Я горача падтрымліваю палягчэнне візавага рэжыму з боку ЕC, пашырэнне спектру магчымасцяў для маладых беларусаў у сэнсе адукацыі і падарожжаў. Трэба падтрымліваць сваякоў і сем’і палітвязняў, як і незалежныя СМІ… Можна і далей праводзіць палітыку пугі і перніка, але крыху па-іншаму: пуга — для дыктатара, а дапамога — беларускаму народу, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсе».

«Па-мойму, Расея сама зацікаўленая ў „дыялогу“ паміж ЕC і дыктатарам, каб не прыходзілася ў адзіночку несці ўскосныя эканамічныя выдаткі дыктатуры. Таму што Расеі гэтая дыктатура таксама вельмі дорага абыходзіцца», — лічыць Саннікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?