Гэта стала вядома пасьля сёньняшняга галасаваньня дэлегацыяў, якія цяпер уваходзяць у Раду ААН па правах чалавека. За рэзалюцыю, якая зьмяшчае прапанову працягнуць мандат Міклашу Харасьці, аддалі свае галасы дэлегацыі 26 краін, супраць выступілі 3, устрымаліся 18. Згодна з рэглямэнтам лёс пытаньня вырашаецца простай бальшынёй галасоў.

У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі Ірляндыі, ЗША, Беларусі (Міхаіл Хвастоў), Вэнэсуэлы, Эквадору.

Дэлегат Ірляндыі, які выступіў па даручэньні краінаў Эўразьвязу, якія ўваходзяць у Раду ААН, адзначыў: «Рэзалюцыя адлюстроўвае высновы, зробленыя спэцдакладчыкам наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны сьведчаць пра існаваньне сур’ёзных.парушэньняў правоў чалавека. Гэтыя парушэньні маюць сыстэмны і сыстэматычны характар. Яны ўключаюць у сябе абмежаваньні права на свабоду выказваньняў, мірныя сходы асацыяцыяў. Таксама па-ранейшаму працягваюцца запалохваньні, перасьлед і зьняволеньні палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў. Таксама ёсьць зьвесткі пра катаваньне і незаконнае абыходжаньне са зьняволенымі за кратамі».

Беларускія ўлады, як і чакалася, падтрымаў прадстаўнік Вэнэсуэлы. Ён казаў пра нібыта падвойныя стандарты адносна да Беларусі і палітызаванасьць гэтага пытаньня. Пасьля ўсіх выступаў адбылося галасаваньне.

Сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка так пракамэнтавала рашэньне Рады па правах чалавека ААН працягнуць мандат спэцдакладчыка па Беларусі: «Вельмі станоўча, што рэзалюцыя па Беларусі ўхваленая і мандат спэцдакладчыка будзе дзейнічаць яшчэ адзін год. Гэта знак таго, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не выпраўляецца і што яна знаходзіцца ў полі зроку міжнароднай супольнасьці. Гэта вельмі моцны знак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?