Анхела Эспіноса Руіз з іспанскага горада Гранада ў адрозненне ад большасці беларусаў, нашу мову не толькі любіць, але і вывучае, хоць ніколі не была ў Беларусі. Пра тое, як атрымалася, што 20-гадовая іспанка вучыць беларускую мову, як Анхела успрымае беларускага прэзідэнта і што яна думае пра саму Беларусь, мы запыталі непасрэдна ў яе. На ўсе пытанні яна адказала па-беларуску.

У 2008-м, калі Анхеле было 15 гадоў, яна атрымала стыпендыю ЗША паводле праграмы Benjamin Franklin Transatlantic Fellows Initiative. Гэта праграма для маладых студэнтаў з Амерыкі і Еўразіі, якія цікавяцца дыпламатыяй і міжнароднымі адносінамі. Там Анхела ўпершыню пачула славянскія мовы — рускую, польскую i, вядома, беларускую — і адразу іх палюбіла.

Пасля выбараў 2010-га зацікавілася беларускай палітыкай

Я пачала самастойна вывучаць рускую мову, чытала рускіх класікаў. Цікавілася польскай літаратурай. Дзякуючы маім сябрам з BFTF я пазнаёмілася з культурай, музыкай і гісторыяй іншых славянскіх краін, у тым ліку і з беларускай.

Беларусь мяне адразу зацікавіла. У мяне ёсць адтуль сябры, якія распавядалі шмат цікавага пра сваю радзіму. Пасля выбараў у 2010-м я пачала сур’ёзна цікавіцца беларускай палітыкай. Да ўсяго іншага, я вырашыла вывучаць польскую мову ва ўніверсітэце, бо яна з’яўляецца мовай шматлікіх арганізацый, якія падтрымліваюць беларускую культуру.

Выйграла прэмію «Беларусь у фокусе»

У 2012 годзе я выйграла прэмію «Беларусь у фокусе» за артыкул пра Беларусь, і трапіла на семінары ў Варшаву. У маім універсітэце не было магчымасці вывучаць беларускую мову. Я вырашыла вучыць яе самастойна, бо мне вельмі спадабалася беларуская літаратура, асабліва — сучасная паэзія.

Цяжка было звыкнуцца з фанетыкай і арфаграфіяй
Калі я пачала вывучаць беларускую мову, я ўжо ведала рускую і крыху ўкраінскую. Веданне іншых славянскіх моваў вельмі дапамагло. Было цяжка звыкнуцца з новай фанетыкай і арфаграфіяй, зразумець некаторыя архаізмы. Для іспанцаў склоны і дзеясловы руху заўсёды складанасць, але я вельмі люблю граматыку.
Купіла падручнік і займалася
Беларускую мову вывучаю каля дзевяці месяцаў. Я купіла сабе падручнік і займалася, калі быў час. А часу не заўсёды хапае. Не магу сказаць, што вольна валодаю беларускай мовай. Яна такая багатая, што цяжка зразумець усе нюансы. Мне прасцей чытаць і пісаць, чым размаўляць, бо практыкі мала.
Беларуская літаратура — шыкоўная
Варта вывучыць мову не толькі таму, што яна родная (інакш я б і не вывучала, бо іспанка), а таксама таму, што беларуская мова з’яўляецца вельмі цікавай з лінгвістычнай і літаратурнай кропкі гледжання. Веданне беларускай граматыкі можа быць вельмі карысным, каб зразумець агульныя заканамернасці іншых моў. Беларуская літаратура — шыкоўная, і заўсёды лепей чытаць яе ў арыгінале.
Беларуская мова як калыханка
Мне вельмі падабаецца гучанне беларускай мовы. Гэта адна з самых галоўных прычын, па якой я пачала яе вывучаць. Мне здаецца, што вашая мова вельмі мілагучная i гарманічная — як калыханка.
У Іспаніі ведаюць Азаранку і футбольныя каманды Беларусі
У Іспаніі вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Людзі чулі пра Віку Азаранку, футбольныя каманды, некаторыя песні «Еўрабачання» ды інш. Акрамя гэтага зусім нічога не ведаюць ні пра культуру, ні пра палітыку, ні пра мову. Я заўсёды расказваю сваім сябрам пра Беларусь і імкнуся знаёміць іх з беларускай культурай.
Беларускія людзі здольныя дасягнуць усяго
Беларусь для мяне — краіна з вялікай гісторыяй, багатай культурай, выдатным фальклорам і, на маю думку, з вельмі вялікімі магчымасцямі. Таму я думаю, што беларусы павінны ганарыцца сваёй радзімай і верыць у яе. Толькі тады яна будзе развівацца. Галоўнае, што беларускія людзі добрыя, адкрытыя і здольныя дасягнуць усяго, чаго жадаюць.
Я ведаю і вельмі люблю беларускую музыку
Я ніколі не была ў Беларусі. Калі прыеду да вас, хачу пабачыць Брэсцкую крэпасць. Чула, што прырода ў вас выдатная. Я ведаю і вельмі люблю беларускую музыку: Рэспубліку Паліну, «Ляпіса Трубяцкога», Лявона Вольскага, «Кассиопею», Івана Малковіча, Зміцера Вайцюшкевіча, Мулявіна, N.R.M.
Беларуская дзяржава не надае мове патрэбнай важнасці

Беларусы, напэўна, цураюцца сваёй мовы. Асабліва праз магутны ўплыў Расіі на беларускую культуру. Дзяржава не надае мове той важнасці, якую яна насамрэч мае. Таму беларускае грамадства недаацэньвае сваю родную беларускую мову.

Улада разбэсціла Лукашэнку
Што я ведаю пра прэзідэнта Беларусі? Аляксандр Лукашэнка першы раз перамог на выбарах у той момант гісторыі, калі ніхто не ведаў, што будзе далей. Ён абяцаў стабільнасць, і гэта было вельмі важна для беларускага грамадства. Атрымалася такая стабільнасць, што Лукашэнка ўжо 19 год застаецца ва ўладзе, якая разбэсціла яго. Праграма — архаічная, і стаўленне ўлады да беларускай мовы, роднай культуры і нават да свайго грамадства, па-мойму, вельмі негатыўнае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?