Дзяржабвінаваўца запытаў у суда ў якасці пакарання для Дорна пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Дзяржабвінаваўца таксама прапануе забараніць Дорну займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасцю, на працягу пяці гадоў і абавязаць яго выплаціць штраф у 500 базавых велічынь.

Дорн абвінавачваецца ў некалькіх эпізодах учынення злачынстваў, прадугледжаных чч. 1, 2, 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Новае абвінавачанне было абвешчанае на працэсе ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 28 лютага.

Першапачаткова Дорну інкрымінавалася ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), чч. 1, 2, 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог), ч. 2 арт. 377 КК (крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў).

Дорну, у прыватнасці, ставіцца ў віну захоп у 2001—2002 гадах дома ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, які ў некалькі прыёмаў быў набыты ад імя рэлігійнага аб'яднання нібыта для стварэння ў ім музея аднаго з яўрэйскіх рэлігійных дзеячаў. Пасля афармлення здзелкі дом з дапамогай мясцовых жыхароў быў разабраны і вывезены цераз пункт пропуску "Беняконі" ў Літву для адгрузкі ў ЗША. Затым Дорн, паводле версіі следства, каб утаіць незаконнае набыццё дома ў Радуні, знішчыў дакументы, што сведчылі пра ажыццяўленне здзелкі і вываз маёмасці рэлігійнага аб'яднання за мяжу. Дорн таксама абвінавачваецца ў тым, што без дазволу праўлення аб'яднання аднаасобна здаваў у арэнду пад офісы і склады памяшканні рэлігійнай арганізацыі ў Мінску розным суб'ектам гаспадарання. У 2005—2012 гадах было заключана некалькі дзясяткаў дагавораў арэнды.

Частка з выстаўленых раней абвінавачванняў дзяржабвінавачаннем былі перакваліфікаваныя.

47-гадовы Юрый Дорн затрыманы 13 сакавіка 2012 года. Першая справа ў дачыненні да яго была распачатая Следчым камітэтам па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры). Тады паведамлялася, што Дорн быў затрыманы пры атрыманні незаконнай грашовай узнагароды ад аднаго з кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання. Устаноўлена, што, з'яўляючыся службовай асобай, адказнай за выкананне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый аб'яднання, ён атрымаў грашовыя сродкі ў памеры больш як 13 тысяч долараў за станоўчае вырашэнне пытання аб заключэнні дагавора арэнды нежылых памяшканняў, якія належаць рэлігійнаму аб'яднанню.

Справа расследавалася галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?