Беларуская праваслаўная царква прэзентавала шэраг беларускамоўных выданняў, што выйшлі апошнім часам. На спецыяльнай канферэнцыі святары ў прысутнасці журналістаў абмеркавалі ўзаемаадносіны беларускай мовы і царквы, гаворка зайшла таксама пра пікет Геніка Лойкі і беларускамоўныя набажэнствы.

«Найбольш шырока беларуская мова ў царкве выкарыстоўвалася ў 60-я і 70-я гады. — кажа клірык Свята-Духавага кафедральнага сабора Мінска Сергій Гардун.
— Калі мне было дзесяць, у маім сяле я амаль не чуў расійскай мовы, некаторыя з жыхароў па-расійску не размаўлялі ўвогуле. І святары таксама карысталіся беларускай. У 1981 годзе я пачуў пра адзінага ў Беларусі ксяндза, які служыць па-беларуску, Уладзіслава Чарняўскага. Я паехаў да яго, сустрэўся з ім, ён мне паказаў запіску, дзе адзін з мясцовых жыхароў пісаў на ламанай польскай, што ездзіць касцёл у іншы горад, бо тут ксёндз чытае па-беларуску, як у праваслаўным храме».
Паводле айца Сергія, найбольшы ўздым беларускай мовы ў царкве адбыўся ў 90-я, калі пачала змяняцца свядомасць грамадства.
Сам айцец Сергій дагэтуль праводзіць літургіі па-беларуску і кажа, што праваслаўныя кнігі ў перакладзе карыстаюцца вялікім попытам. Сергій Гардун пераклаў «Малітваслоў», перавыданне якога з’явілася нядаўна, пашыранае трыма канонамі, прадмовай і дадатковымі малітвамі.
БПЦ дала справаздачу па выпушчаных апошнім часам беларускамоўных кнігах — чатыры Евангеллі, богаслужэбнае «Свяшчэннае Евангелле», «Малітваслоў», «Бажэственная Літургія Іаана Залатавустага» і «Малебен за беларускі народ з Акафістам св. Віленскім мучанікам».

Сустрэчу вёў сакратар Біблейскай камісіі БПЦ Іван Чарота, які ў сваёй прамове вырашыў абвергнуць для СМІ два стэрэатыпы: што ніводная канфесія ў Беларусі беларускай мовай як асноўнай не карыстаецца і што царква мала перакладае на беларускую мову — тут спадар Чарота лічыць галоўным не хуткасць, а якасць. Перавыданне Евангелля, якое з’явілася ў 1991 годзе, налічвае дзве тысячы правак. Кожная кніга, якая перавыдаецца царквой, праходзіць праз праўкі, колькасць якіх вымяраецца сотнямі. Чарота згадаў словы Філарэта пра тое, што калі два чалавекі просяць праводзіць набажэнства па-беларуску, трэба праводзіць па-беларуску.

Аднак ці стане беларуская мова актуальнай праз царкву? Іерэй Юрый Залоска, клірык Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, лічыць, што стан, у якім знаходзіцца мова, залежыць ад грамадства, і прыгадвае нядаўні пікет Геніка Лойкі:

«Я ведаю скульптара Лойку асабіста. Мае дзеці таксама вучацца ў той гімназіі. Лойка пратэставаў супраць цыркуляра, паводле якога настаўнікі самі могуць абіраць мову, на якой выкладаць. Засталася толькі 23-я гімназія. Таму аптымістам не дазваляе быць рэчаіснасць, — кажа айцец Юрый. — Але я ўпэўнены, што беларуская мова не саступіць пазіцый, мы бачым гэта па інтэрнэце, дзе ёй карыстаюцца».

Святары з Гродна і Івянца (апошні, паводле словаў настаяцеля царквы прп. Еўфрасінні Полацкай Віктара Перагудава, вядомы не толькі «бамбардзіроўкай мядзведзямі») кажуць, што ў іх рэгіёне моўная сітуацыя хутчэй аптымістычная. Ізноў паўтараецца тэза пра тое, што

стэрэатып «толькі касцёл моліцца па-беларуску» няправільны, у Івянцы першы клас праваслаўнай царкоўнай школы вучыцца па-беларуску.

Падвёў рысу ў сустрэчы старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у Мінску Мікалай Матрунчык, які сказаў, што, з аднаго боку, добра, што па-беларуску выходзяць праваслаўныя кнігі, аднак наклад у іх невялікі — у «Малітваслова» толькі тысяча асобнікаў, а набажэнствы ў Каложы па-беларуску праходзяць раз на месяц. І

ці не варта царкве дбаць пра захаванне мовы? У адказ святары прывялі цытату з айца Аляксандра Надсана, які казаў, што царква мусіць займацца выключна духоўнымі справамі.

Тады спадар Матрунчык заўважыў, што задача беларускамоўных святароў на наступны год, падчас святкавання 1025-годдзя хрышчэння Русі, паказаць, што праваслаўная вера — насамрэч мультыкультурная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?