Бывае, каханне дае сілу. А бывае, яно вымучвае.

Часам яно дае крылы. А парою аднімае жаданне жыць.

Адно цешыць — другое дратуе.

Ад кахання бяруцца дзеці. А ад іншага бяруцца праблемы, у тым ліку са здароўем.

10 асноўных прынцыпаў здаровага кахання — таго самага, якое робіць чалавека шчаслівым і падаўжае жыццё.

1. Чалавека не пераробіш. Прымайце свайго чалавека такім, які ён ёсць. Хочаце перайначыць партнёра? Не ўдасца. Толькі соль яму на раны сыплеце. А калі і ўдасца, то гэта ж будзе іншы чалавек. А вы пэўныя, што гэтаму іншаму чалавеку вы — такі ці такая, які вы ёсць — будзеце трэба? Ён жа ўжо іншы.

2. Нельга купіць каханне. Думаеце, можна? Вашы траты не акупяцца.

3. Вам прыемна выклікаць у мужу / жонцы / сябру / сяброўцы рэўнасць? Вас гэта ўзбуджае, забаўляе? Вы гуляецеся з агнём. А дзе агонь — там і прыгарае. Дзе агонь — там канечне нехта апячэцца. Людзі і без таго схільныя да рэўнасці, людзям і без таго ад прыроды бракуе ўпэўненасці ў сабе, таму не варта свядома распальвааць гэтае пачуццё.

4. Чалавек, які сапраўды кахае, не патрабуе доказаў узаемнасці. Не патрабуе падарункаў, не патрабуе ўвагі. Ён сам даказвае яму сваё каханне. Яму досыць.

5. Ніхто не любіць дэпрэсіўных людзей. Будзьце пазітыўным.

6. Мужчыны не любяць істэрычак. Жанчыны не любяць непрадказальных мужчын.

7. Тое, што ўспыхвае імгненна, хутка і перагарае. Толькі спраўджанае каханне доўжыцца, а стабільныя адносіны даюць у жыцці найбольшае шчасце і здароўе.

8. Чалавек б’е другога чалавека? Не вас, але б’е? Чалавек падманвае другога чалавека? Не вас, але падманвае? Чалавек сексот? Вы гэта бачыце, але думаеце: «Але ж гэта іншых. Мяне ён не кране. Затое ж і зарабляе ён…» Ілюзія! Шчасця з такім не будзе.

9. Калі ёсць сумневы, лепш устрымацца. Лепш пачакаць, будуць і іншыя шанцы. Варта ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія патрабуюць занадта вялікіх намаганняў або выдаткаў і выдаюць вашу залішнюю зацікаўленасць. І тое, і другое альбо не цэніцца, альбо пасля хутка абясцэньваецца.

10. Як правіла, людзі адчуваюць сябе найбольш камфортна з партнёрамі сваёй нацыянальнасці, сваёй мовы, сваёй рэлігіі, блізкімі сабе па сацыяльным становішчы, па ўзроўні адукацыі… Але якія пры гэтым з’яўляюцца іх псіхалагічнымі антыподамі. Вашы жыццёвыя каштоўнасці павінныя супадаць. Калі вы маеце вышэйшую адукацыю, вам варта шукаць партнёра з дыпломам ВНУ. Псіхалагічны ж антыпод будзе стабілізаваць ваш душэўны стан. Экстраверту патрэбны інтраверт, песімісту — аптыміст.

Сацыяльнае становішча і супадзенне поглядаў яднаюць, а адзінства псіхалагічных супрацьлегласцяў забяспечвае гармонію і баланс.

І апошняе. «Раней трэ было думаць!». Узважвайце і задумайцеся на раннім этапе, калі адносіны толькі завязваюцца, толькі наладжваюцца, пакуль вы не паспелі трапіць у залежнасць ад бесперспектыўнага пачуцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?