Прэзыдэнт запатрабаваў павысіць колькасьць турыстаў у 20 разоў, а прыбытак у 300 разоў.

Два тыдні таму Міністэрства спорту й турызму выступіла з ініцыятывай вызваліць ад выплаты ПДВ турыстычныя агенцыі, якія прымаюць замежных гасьцей у Беларусі ды арганізуюць экскурсійныя праграмы ў Беларусі. Атрымаюць таксама ільготы кампаніі, што разьвіваюць турыстычную інфраструктуру на вёсцы.

Цягам 2006—2010 г. Беларусь мае выдаткаваць на рэалізацыю зацьверджанай урадам нацыянальнай праграмы разьвіцьця турызму 21,325 млрд рублёў. Сродкі павінны быць накіраваныя на прасоўваньне нацыянальнага турыстычнага прадукту. Сярод задачаў праграмы — «забесьпячэньне сыстэмы новых падыходаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў турызьме, павелічэньне ролі дзяржавы ў кіраваньні галіной, прасоўваньне беларускага прадукту на сусьветны рынак турыстычных паслуг, разьвіцьцё малога прадпрымальніцтва».

Дзеля дасягненьня гэтага трэба ўдасканальваць заканадаўства па пытаньнях унутранага і ўязнога турызму, спрашчаць візавыя працэдуры, мытны й памежны кантроль. Здавалася, першы крок быў зроблены пры канцы чэрвеня, калі палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект аб унясеньні зьмен у закон аб турызьме. Апроч таго, Мінспорту (яшчэ за Сіваковым) унесла ва ўрад праект нацыянальнай праграмы разьвіцьця турызму. Але той варыянт завярнуў асабіста А.Лукашэнка. Пярэчаньне выклікала закладзеная ў праграме сума прыбытку ад турызму ($400 млн штогод, што ў 30 разоў перавышае ўзровень мінулага году) і павелічэньне колькасьці замежных турыстаў — з 67 500 турыстаў на год (2004) да 114 300 у 2010-м. Прэзыдэнт запатрабаваў павысіць колькасьць турыстаў у дваццаць разоў, а прыбытак у 300 разоў.

Турызм зьявіўся чарговай галіной, у якой дзяржава плянуе наводзіць парадак. Але вопыт іншых галінаў паказаў, што, пачуўшы пра павелічэньне ролі дзяржавы ў кіраваньні галіной, інвэстары не сьпяшаюцца ўкладаць у яе грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0