Расказваем, якімі метадамі Лук'янаў змагаецца за розумы беларускай моладзі, якіх куміраў ім прапаноўвае, як бавіць вольны час і за што атрымлівае штрафы, сам заклікаючы прытрымлівацца законаў.

Аляксандр Лук'янаў. Тут і далей — фота з асабістага архіва героя

Аляксандр Лук'янаў. Тут і далей — фота з асабістага архіва героя

Ад МНС да БРСМ

Сённяшні першы сакратар ЦК БРСМ нарадзіўся ў раёне так званага Рабочага пасёлка ў Магілёве. У яго сям'і ўсе так ці інакш звязаныя з пажарнай справай. Маці была намесніцай дырэктара кампаніі «Пажспецсэрвіс», якая ажыццяўляе праектаванне сістэм пажарнай сігналізацыі. Сёння яна на пенсіі. Бацька — дырэктар гэтай арганізацыі і пенсіянер МНС. Менавіта па яго слядах пайшоў сын, які з 2007 па 2021 праходзіў службу ў органах і падраздзяленнях МНС і даслужыўся да звання маёра запасу.

Кар’ера ў МНС у Лук’янава рухалася досыць зайздросна: пачаўшы курсантам, ён працягнуў службу ў якасці інспектара, пазней быў начальнікам дзяжурнай змены. А потым сам выкладаў ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны. У яго маецца нават уласны навуковы праект — «Антыпірэн» — айчынная прапітка для арганічных матэрыялаў, што запавольвае ўзгаранне і гарэнне.

Па гэтай жа тэме Лук’янаў напісаў кандыдацкую дысертацыю («Устойлівая вогнеахова поліэфірных матэрыялаў нанадысперснымі запавольнікамі гарэння»). Лічыцца, што калі б не сям’я і іншыя абавязкі, ён бы з галавой пагрузіўся ў навуку, але ў выніку крута развярнуў сваё жыццё ў бок ідэалогіі і палітыкі.

Першым сур’ёзным сутыкненнем з БРСМ стаў удзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі», у якім ён якраз перамог з праектам «Антыпірэн». Пасля гэтага ён ужо не выключаўся з дзейнасці Саюза.

У 2018 годзе яму прапанавалі прадстаўляць БРСМ у Моладзевай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі, а ўжо ў 2021-м ён быў абраны першым сакратаром.

«2020 год — памылка БРСМ»

Пасля 2020-га БРСМ моцна крытыкаваўся Лукашэнкам і чыноўнікамі, маўляў, у тым ліку праз іх недапрацоўку моладзь выйшла на вуліцы. Таму пасля прызначэння Лук’янава многія задавалі яму лагічныя пытанні: што будзе зроблена для выпраўлення памылак мінулага, як будзе павышацца прывабнасць арганізацыі?

Але замест рэбрэндынгаў Лук’янаў абраў курс на вернасць камсамольскім традыцыям. Так, да 105-годдзя камсамола і 60-годдзя студатрадаў ён з паплечнікамі правёў маштабны канцэрт у Палацы рэспублікі, зрабіўшы з пляцоўкі сапраўдную машыну часу.

У якасці ж працы над памылкамі за 2020 год у БРСМ, напрыклад, запусцілі праект «Моц закона», у межах якога ў звязцы са Следчым камітэтам, МУС, юрфакам БДУ і адвакатамі працуюць над прававым выхаваннем моладзі.

Па інфармацыі «Белпола», на самога Лук'янава ў 2013 годзе накладалася забарона на выезд з Беларусі. Картку выстаўлялі супрацоўнікі аддзела па наркотыках і і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, але развіцця гэтай гісторыі ў базах экс-сілавікоў няма. «Магчыма, праверка вялася не ў дачыненні да Лук'янава», — каментуюць у «Белполе».

Пры Лук’янаве ў БРСМ узялі дадатковы курс на збліжэнне арганізацыі з праваслаўнай царквой. Усё — «для духоўнага выхавання моладзі».

Лук'янаў і мітрапаліт Веніямін

Лук'янаў і мітрапаліт Веніямін

Пры ім жа актыўна ўзяліся за дабудоўванне маштабнага патрыятычнага моладзевага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Грошы на яго пералічваліся з суботнікаў і ахвяраванняў — як народных, так і партыйных. Але самай выгаднай працоўнай бясплатнай сілай тут сталі студатрады БРСМ.

Аб’ект так і пазіцыянуецца — Усебеларуская моладзевая будоўля — у найлепшых савецкіх традыцыях. Плануецца, што першая чарга будаўніцтва (рэканструкцыя казармы 125-га стралковага палка на Кобрынскім умацаванні пад спальны корпус, стварэнне памяшканняў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, стварэнне намётавага мястэчка і спартовай пляцоўкі) скончыцца ў 2025 годзе. Але чыноўнікі ўжо цяпер мараць: «Пасля маштабнай рэканструкцыі ў цэнтры будуць створаныя ўсе ўмовы для арганізацыі штодзённай працы па патрыятычным выхаванні школьнікаў і моладзі ўсёй рэспублікі». Існы Брэсцкі патрыятычны цэнтр мае больш лакальны характар.

Пасля 2020-га ў Беларусі былі ліквідаваныя сотні некамерцыйных арганізацый. Па словах Лукашэнкі і дзяржпрапаганды, якая транслявала яго рыторыку, яны «добрымі справамі прыкрывалі ўліванне грантаў у дзяржпераварот». Заняць іх незлічоную колькасць ніш прапанавалі БРСМ.

Пакуль што ў іх сталых кірунках дзейнасці знайшлося месца валанцёрству на карысць ветэранаў і жывёл, займаюцца актывісты аднаўленнем помнікаў і святыняў. Таксама БРСМ дапамагалі мігрантам на беларуска-польскай мяжы і ўдзельнічалі ў экалагічных акцыях на тэрыторыях, пацярпелых падчас аварыі на ЧАЭС. Умоўныя ахвяры сямейнага гвалту, якім дапамагалі ліквідаваныя арганізацыі, іх не цікавяць. 

Цікава, што, калі для беларускіх ідэолагаў у сферы моладзевай палітыкі паўсталі новыя выклікі — ПВК «Родан» і папулярнасць серыялу «Слова пацана», БРСМ з іх нібыта праведзенай працай над памылкамі ўсё адно не змог зрэагаваць на іх больш крэатыўна, чым пафаснымі заклікамі «не весціся на правакацыі і не ламаць свой жыццёвы шлях».

«Не хочаце быць чушпанамі — уступайце ў БРСМ», — крэатывіў Лук’янаў. Такая самая альтэрнатыва прапаноўвалася і падлеткам, якія зацікавіліся рухам ПВК «Родан».

«Беларускую мову выкарыстоўваюць у палітычных мэтах»

Яшчэ адзін момант, якому пры кіраўніцтве Лук'янава не далі рады — выкарыстанне беларускай мовы. Калі раней БРСМ нават спрабаваў праводзіць Дзень вышыванкі, то сённяшні сакратар гэтага баіцца: «Нашы апаненты перахапілі парадак дня і выкарыстоўваюць беларускую мову ў палітычных мэтах, а гэта няправільна. Павага да беларускай мовы і свабоднае валоданне — таксама важны элемент патрыятызму і нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму будзем думаць, што мы можам зрабіць».

Пакуль што нічога новага Лук'янаў з камандай у гэтым кірунку так і не прыдумалі.

З Наталляй Качанавай

З Наталляй Качанавай

«Супрацоўнікам БРСМ прыходзіла 30-40 пагроз за суткі»

Сваю жонку Маргарыту Лук’янаў называе «тылам». Па яго словах, пасля 2020 года ў сувязі з рознымі палітычнымі перакананнямі ён спыніў камунікацыю са многімі знаёмымі. У той час кожнаму дэананімізаванаму супрацоўніку БРСМ (у тым ліку самому Лук’янаву) нібыта прыходзіла «каля 30-40 пагроз у суткі».

Жонка ж падзяляе погляды мужа. Сама яна займаецца арганізацыяй дзіцячых святаў ва ўласным клубе Danakids.

Пара выхоўвае дачку Мілану, будуючы ў сацсетках вобраз ідэальнай беларускай сям’і: дапамога бацькам, царква, прырода, спорт.

У адпачынак — у Запарожскую і Херсонскую вобласці

Людзі, якія вучыліся з Лук’янавым у адной школе, не адразу могуць яго згадаць. Кажуць, што нічым не вылучаўся. Але сёння ён часты госць на дзяржаўным тэлебачанні і на эфірах у прапагандыстаў.

На пару з Рыгорам Азаронкам у свой адпачынак ён у 2023-м наведваў Запарожскую і Херсонскую вобласці. Там абменьваўся досведам працы з кіраўніцтвам федэральнага агенцтва «Росмоладзь», а таксама міністрамі па моладзевай палітыцы акупаваных Луганскай і Данецкай народных рэспублік.

Галоўная выснова, якую сакратар прывёз адтуль: «Гэтая паездка падштурхнула да думкі, што маладым беларусам варта яшчэ раз задумацца: ад чаго мы сышлі ў 2020-м годзе, калі б хоць на хвіліну наша ўлада завагалася і праявіла слабасць! Наступствы былі б значна горшыя, чым ва Украіне. Памятайце гэта і разумейце!»

Аляксандр Лук'янаў і Рыгор Азаронак

Разам з фондам Аляксея Талая пасля пачатку вайны ва Украіне ідэолаг збірае для дзяцей Данбаса гуманітарку і кіруе працэсам іх аздараўлення ў Беларусі.

«Дзмітрый Баскаў — прыклад для сучаснай моладзі»

У школьныя гады Лук’янаў захапляўся танцамі і выступаў у магілёўскім харэаграфічным ансамблі «Радасць». У старэйшых класах пераключыўся на тайскі бокс і пажарна-ратавальны спорт, у якім выканаў нарматыў на кандыдата ў майстры спорту.

Цяпер ён — сталы наведнік трэнажорак. Часам — разам з жонкай, а часам — з Дзмітрыем Баскавым, якога ён называе прыкладам для сучаснай моладзі. З апошнім яго аб’ядноўвае і нястомная падтрымка Лукашэнкі на хакейных матчах.

Лук'янаў з Баскавым

Лук'янаў з Баскавым

Заўзятары з БРСМ не прапускаюць ніводнай гульні каманды Лукашэнкі па хакеі, адмыслова малюючы для іх плакаты і рыхтуючы крычалкі.

«Па-іншаму і быць не можа, бо мы ведаем, што найлепшая каманда ў краіне — каманда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — тлумачыць Лук’янаў.

Чытайце таксама: Як забівалі Рамана Бандарэнку. Хроніка падзей

«Лукашэнка — нацыянальны герой, асоба гістарычнага маштабу»

Сваю любоў да Лукашэнкі Лук’янаў праяўляе часам аж занадта заўзята — устаўляючы ў свае пасты хэштэгі «за прэзідэнта», арганізоўваючы крычалкі гэтага лозунга на масавых мерапрыемствах ці здымаючы цэлыя прапагандысцкія ролікі з гучнай назвай «Моладзь усяго свету — за Лукашэнку».

Да дня народзінаў Лукашэнкі БРСМ распачаў у сацсетках эстафету: «Наш прэзідэнт — наша краіна». А заява, што той збіраецца на выбары і ў 2025 годзе, выклікала ў Лук’янава «буру эмоцый».

«Лукашэнка — нацыянальны лідар і герой, асоба гістарычнага маштабу! Гарант міру не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім рэгіёне», — падкрэслівае першы сакратар і прыводзіць наступныя аргументы: 1) Лукашэнка разам з Пуціным уратавалі ад трагедыі Казахстан у 2022 годзе; 2) Лукашэнка не спаў, арганізоўваючы пляцоўку для перамоваў Расіі і Украіны ў 2022 годзе, і дапамог «сотням тысяч бежанцаў»; 3) Лукашэнка задушыў мяцеж Прыгожына.

З Лукашэнкам

З Лукашэнкам

У сваім жаданні апраўдаць дадзеную яму пасаду Лук'янаў не саромецца і ў абразах, паўтараючы рыторыку Азаронка: «Тэрарыстаў, экстрэмістаў, змагарскае паскуддзе, здраднікаў і ворагаў народа будзем выпальваць жалезам». Яно і зразумела: у вытокаў БРСМ стаяў сам Лукашэнка, і фінансуецца іх дзейнасць дзяржавай. Але пры гэтым яшчэ ў 2020-м, пасля выбараў, Лук'янаў заклікаў нацыю не дзяліцца і абняцца — заклікі змяніліся следам за палітычнай павесткай.

Чытайце таксама:

«Па сутнасці, проста так аддала грошы». Школьнікі расказалі, чаму яны (не) хочуць уступаць у БРСМ

Нецікава, прымусова, невядома што і невядома навошта. Мінадукацыі абурылася працай БРСМ і БРПА

Ад амаль 6000 да 270 рублёў. Колькі зарабляюць лукашэнкаўскія ідэолагі?

Беларуская Папялушка: як маладая юрыстка з Гародні Бажэна Ярэміч робіць агаламшальную кар'еру

Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста

Клас
8
Панылы сорам
27
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
41