Навіну пра смерць выбітнага беларускага фатографа і культурніцкага дзеяча паведамілі Reform.by яго сябры.

Уладзімір Парфянок перастаў выходзіць на сувязь з вечара пятніцы, 12 студзеня. Цягам выходных сябры фатографа намагаліся звязацца з ім, а ўвечары 14 студзеня прыехалі да яго дадому. На кватэры фатографа знайшлі ўжо мёртвым.

Час і прычыны смерці творцы высвятляюцца.

Уладзімір Парфянок — адна з выбітных постацей у беларускай фатографіі. Рэдактар, фатограф, прадстаўнік «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980-х, куратар і адзін з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай фатаграфіі і культуры. Удзельнік шматлікіх выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой. Адзін з выкладчыкаў Школы фатаграфіі ў Мінску. Куратар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Майстэрні-музея Заіра Азгура. Пад яго ўплывам было сфарміравана не адно пакаленне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.

Аўтар культавых фотасерый «Persona non-grata», «Lucida momenta», «Сад камянёў» ды іншых. Сябра Беларускага саюза мастакоў і дарадца экспертнага савета Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
56
Абуральна
2