Палова Ўкраіны сёньня задаецца пытаньнем: што такое фафудзья? Гэтая зьява літаральна за некалькі месяцаў захапіла ўкраінскае грамадзтва.

"Добры дзень, я з Херсонскай вобласьці, расеец па нацыянальнасьці. Маёй дачцэ ў школе забаранілі насіць такі атрыбут расейскай культуры, як фафудзья. Аргумэнтаваўшы гэта тым, што дзяржаўная мова – украінская. Хачу запытаць, Пётар Мікалаевіч: ДОКОЛЕ?" На такое пытаньне быў вымушаны адказваць у інтэрнэт-чаце лідэр украінскіх камуністаў Пятро Сіманенка. З таго моманту ўкраінскі інтэрнэт захапляецца гульнёй у «фафудзью», па папулярнасьці параўнальнай хіба зь нядаўнім захапленьнем «падонкаўскай мовай» і «мядзьведам» у расейскамоўным Сеціве.

Суполка «Фафудзья», што ўзьнікла на «Жывым журнале» ў сваіх тэкстах і дыялёгах мадэлюе нібыта ідэальны імпэрскі й чарнасоценны «ісьціннарускі» й «ісьціннаправаслаўны» сьвет , дзе ўкраінская мова – усяго толькі дыялект расейскай (дый ангельская толькі «так сказаць язык»), а згадка пра незалежнасьць ад Расеі абавязкова суправаджаецца выразам «чур мяне». Ключавыя паняткі «фафудзізму» – сама «фафудзья», «доколе?!»(заклік-пратэст супраць прыцясьненьняў з боку «юшчанка-масонскае» ўлады), «бярдыш» (ісьціннаруская зброя) і г.д.

«Фафудзья» гуляе на шавіністычных ды каляніяльных стэрэатыпах.. Так, «фафудзісты» ўвесь час прабачаюцца за выкарыстаньне «жыдабандэраўскай клявіятуры» (для гэтага існуе скарачэньне І.З.І.Ж.Б.К. – «ізвінітє за іспользованіє жидобандеровской клавіатуры»), альбо за тое, што вымушаныя пісаць sms-кі «натаўскімі літарамі». Расейскамоўныя ж тэксты там пішуцца з адмыслова выдзеленымі «яцямі» і «ерамі»: «Если доведется вамЪ, братия и сестры мои, посещать чужбину богомерзскую (ИЗТ), то знайте, что есть тамЪ только одна каноническая и богоугодная сеть отелей гостиницЪ – это РитЪцЪ-КарлЪтонЪ. Дабы натовцы не раскусили истинно русских людей (ИЗТ), сеящих единственно верное православие (ИЗТ) среди супостатов неразумныхЪ (ИЗТ) на чужбине, послание о канонической сети отелей гостиницЪ пришло к намЪ в песне на непонятномЪ английском, так сказать, языке (ИЗМТ)». (ИЗТ. – прабачце за таўталёгію).

Ёсьць ва Ўкраіне і аматары традыцыйнага «вока за вока». Удзельнікі украінскай «livejournal» суполкі «Расея, якая шакуе» заяўляюць, што ў адказ на антыўкраінскі піяр у расейскіх СМІ яны адбіваюцца сваім ударам. На «community» адразу папярэджваюць, што не распальваюць міжнацыянальнай варажнечы, бо «яна ўжо даўно распаленая» і жорстка выкрываюць расейскія недахопы. Сваімі падыходамі гэтая старонка нагадвае «Беларускую жабу». Толькі што Беларуская жаба засяроджаная на ўнутрыпалітычных праблемах краіны.

Во так увасабляецца Купалаў заклік «людзьмі звацца» на сучаснай постсавецкай прасторы. Украінскае інтэрнэт-пакаленьне, якое вырасла за незалежнасьцю ва ўмовах павагі да нацыянальных каштоўнасьцяў, не разумее, чаму мусіць мірыцца з шавінізмам і сьцьверджаньнем расейскае вышэйшасьці. Яму не падабаюцца песьні Газманава. Толькі «фафудзісты», замест таго, каб палемізаваць на інтэрнэт-форумах, пачалі іх высьмейваць. Дзеці, як заўжды, разумнейшыя за бацькоў.

Зьміцер Панкавец


Фафудзья

бізантыйская каштоўная тканіна, зь якой рабілася вопратка базылеўсаў, а таксама вопратка з такой тканіны. Пазьней моду на фафудзью перанялі усходнеславянскія князі. Паводле летапісаў, кесар Леў у 912 зрабіў Алегавым паслам дары «золатам і павалокамі, і фафудзьямі». Ад ХІІ ст. замест фафудзьі сталі насіць аксаміты.

У Інтэрнэце пра фафудзью чытайце

тут

вось тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?