Рэцэнзія на фільм «Катынь» Анджэя Вайды ў сённяшнім нумары «Звязды».

У Мiнску адбыўся паказ фiльма польскага рэжысёра Анджэя Вайды «Катынь».


Гэтую стужку маглi пабачыць у Беларусi яшчэ ў першай палове года — сёлета фiльм быў намiнаваны на «Оскара» сярод замежных фiльмаў, пра яго шмат пiсалi i гаварылi ў свеце, пры гэтым самай галоўнай iнтрыгай тады была гэтая: а цi пакажуць яго ў Расii? Аднак i там яго маглi пабачыць, а публiка, якая сабралася на прагляд у Маскве, прыняла стужку як грамадзянскi ўчынак аўтара. І зразумела — чаму.

Я ведала, пра што фiльм. Гiсторыя катыньскай трагедыi праходзiла неяк мiццю ў «Гiстарычных хронiках» Мiкалая Сванiдзэ, праўда, злавiла я яе ў цыкле дакументальных фiльмаў выпадкова, амаль ноччу…

Зацiкавiлася таму, што ведала: гэта датычылася ў тым лiку i нашай краiны —
шмат беларусаў былi прызваныя ў польскае войска, калi Чырвоная Армiя ўвайшла ў Заходнюю Беларусь.
У польскае войска праводзiла свайго мужа мая бабуля, i болей яго ўжо нiколi не бачыла.
Ён быў салдатам, i яму «пашчасцiла» — патрапiў у лагер, адтуль у армiю Андэрса, як i адзiн з герояў фiльма Вайды. Але афiцэры польскай армii былi расстраляныя НКУС у 1940‑м годзе ў расiйскай Катынi…

Я ведала, чаго чакаць ад фiльма — звароту да тых падзей. Ведала, што для аўтара гэта балючая тэма: сярод расстраляных у Катынi быў яго бацька. I ўсё‑такi не чакала, што ён ускалыхне ў ва мне столькi эмоцый i думак пра каштоўнасць чалавечага жыцця ў розныя часы.

Пра злачынствы сталiнскага рэжыму ў Расii зняты не адзiн фiльм, дзе ёсць крывавыя сцэны.
Аднак мяне папярэджвалi, што фiнал «Катынi» — не для слабанервовых. I сапраўды, перад вачыма ўсё яшчэ стаяць кадры, як бульдозер засыпае зямлёй цела чалавека, якi ў руках сцiскае нацельны крыжык…

Але найбольш кранула ў карцiне не гэта. Не дакументальная аснова, i не спроба паказаць, як усё было. Не палiтычныя варункi, у якiя трапляюць людзi, якiя апынулiся памiж двух агнёў: фашысцкай Германiяй i сталiнскiм Саюзам i не ведаюць, куды бегчы, каб уратавацца.

Гэтых людзей проста вырашылi растаптаць, а iх краiну дзялiлi памiж сабой два дыктатары, якiя пра ўсё дамовiлiся.
А каб краiна не здолела аднавiцца i адстаяць сябе — з яе войскам проста расправiлiся. Лiквiдаваў кiраўнiцтва армii — лiчы, яе няма. I адным выгадна, i другiм…

Кранула менавiта тое, што фiльм аўтар здымаў пра людзей, а гiстарычныя факты былi фонам, на якiм паказаны лёсы. Гэта гiсторыя сем’яў, якiя чакалi i верылi ў лепшае, якiя былi падманутыя i пазбаўленыя надзеi. Фiльм пра тых, хто перажыў сваё гора цiха, i пра тых, хто iмкнуўся крычаць пра яго, каб пазбавiцца ўласнага болю. А гэта б’е значна мацней за самыя цяжкiя сцэны.

Пачынаецца ўсё з падзей у Беларусi. I гэта не выпадкова.

Анджэй Вайда прызнаваўся, што з дзяцiнства памятае Гродна:
яго тата служыў у Сувалках афiцэрам 41‑га палка пяхоты. Менавiта трагедыю гэтага палка i гiсторыю сваёй мацi ён адлюстраваў у фiльме. Але карыстаўся рэжысёр знойдзенымi ў катынскiм лесе дзённiкамi аднаго з польскiх афiцэраў, якi апiсаў апошнiя гадзiны перад расстрэлам. Вайда ў лiсце да беларускiх гледачоў вызначыў: «Гэты фiльм не сее нянавiсцi i не заклiкае да помсты, аднак абвiнавачвае сталiнскi рэжым, якi быў не менш бесчалавечным як да ўласнага народа, так i для беларусаў, i для нас, палякаў. Гэта праўда павiнна быць агучаная, калi мы прагнем сапраўднага яднання памiж народамi».

Калi славуты польскi рэжысёр атрымаў «Оскара» за заслугi ў кiнематографе, то рэкамендуючы яго Сцiвен Спiлберг пiсаў: «Прыклад Анджэя Вайды нагадвае нам, стваральнiкам кiно, пра тое, што часам гiсторыя ставiць нас перад выпрабаваннямi, патрабуючы ад iмя гледачоў падтрымкi iх духу, паказваючы, што мы можам апынуцца перад неабходнасцю рызыкаваць кар’ерай, абараняючы свой гонар i гонар нашых народаў». Сапраўды, Вайда заўсёды лiчыўся рэжысёрам, само мастацтва якога было ўчынкам. Яго творчыя ўчынкi былi адзначаныя галоўнымi прызамi на кiнафестывалях у Канах i Венецыi. Стужкамi «Чалавек з мармуру» (1977 г.) i «Чалавек з жалеза» (1981 г.) ён сцвярджаў, што творчасць нельга аддзяляць ад чалавечай i грамадзянскай пазiцыi. Яго грамадзянская пазiцыя заключалася ў тым, што ён хацеў бачыць свабоднай краiну, якая ў ХIХ стагоддзi не прысутнiчала на карце Еўропы.

Прыклад палякаў даказаў, што можна страцiць краiну на нейкi час, але нельга яе страцiць назаўсёды, калi яна ёсць у думках людзей.
Як усё зразумела: Беларусь прайшла свой шлях у гэтым накiрунку.

Ларыса Цімошык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0