БІБЛІЯТЭКА

 

Кніга пра кнігі

Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Менск: Бібліятэка часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, 2002. — 142 с.

“Калі за гады другой сусьветнай вайны на ўсіх падкантрольных Нямеччыне тэрыторыях было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, то ў Латвіі за тры гады нямецкай акупацыі выйшла на латыскай мове каля 1500 кніг і музычных твораў агульным накладам 5 мільёнаў асобнікаў”. Ці толькі малалікасьць беларускай інтэлігенцыі была прычынай гэтай зьявы? Юры Туронак у сваёй кнізе даводзіць, што на гэта паўплывала і ейная разьяднанасьць — “малая вайна” каталікоў і праваслаўных.

Расповед Туронка ўражвае. За няпоўныя тры гады (1941—44) паўстала некалькі беларускіх выдавецтваў, дзясяткі кніжак былі выдадзеныя шматтысячнымі накладамі — у тым ліку Коласаў “Сымон-музыка”, зборнікі народных песень… Пра тое, чаму такі вялізны пласт гісторыі дагэтуль недасьледаваны, гаворыцца ва ўступе: “На гэта ўплываў… час выпуску кнігі, а ня ейны зьмест”.

Аўтар не разглядае падрабязна мастацкіх вартасьцяў і ідэалягічнага напаўненьня тагачасных выданьняў (хіба што адзначае некалькі прапагандысцкіх брашураў, перакладзеных зь нямецкай, кшталту “Моладзь Адольфа Гітлера”, “Адольф Гітлер і дзеці” ды інш.). Туронка цікавіць сама праблема беларускага кнігавыданьня пад нямецкім кантролем у Беларусі, Латвіі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі. Хто фундаваў кніжкі, хто іх рыхтаваў, дзе і як яны выходзілі — усе гэтыя зьвесткі аўтар браў зь першых вуснаў, ад непасрэдных удзельнікаў падзеяў, зь якімі ліставаўся. У кнізе багата вытрымак зь іхных допісаў.

Такой спробы пабачыць беларускую гісторыю празь лёс беларускай кнігі не было ад часу выхаду “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага.

Кніжка ілюстраваная вокладкамі тагачасных выданьняў — што праўда, у невялікай колькасьці.

Польскі пераклад “Нарысу” ўганараваны прэміяй часопісу “Przegląd

 

Раскоша добрага чытаньня

Сяргeй Астравец. Цэнзaрскiя нaжніцы. — Беласток, 2000.

Сяргей Астравец — валадар таго месца ў дзяржаве беларускай літаратуры, дзе імжыць дождж і жывуць Сабіны. Там працуюць за кампутарамі, там “віхры ўраждзебныя веюць над намі” і такі пазнавальны таварыш Лычоў беспасьпяхова вучыцца вымаўляць слова “хрюкать”... Там адчуваюць, як час імкліва цячэ між пальцаў. Гэта прыкметнае, настраёвае месца.

Нездарма менавіта на гэтага аўтара ў “НН” зьявілася такая рэдкая апошнімі часамі “пародыя”. Парадыяваць можна толькі нешта яскравае, выразнае, стылёвае. Пародыя — прыкмета розгаласу і посьпеху. Наагул, хто з аўтараў выклікае ў чытачоў “НН” жаданьне стварыць нешта падобнае? Віктар Шніп зь ягонымі Сабакам і Гражданом ды вось цяпер — Сяргей Астравец зь ягонымі Сабінамі й дажджом. Я не пабачыла у гэтай “пародыі” ніякай зайздрасьці ні да якіх катоў. Проста вельмі зычлівая і ўдалая спроба імітаваць своеасаблівы астраўцоўскі стыль.

Кожны, хто цэніць добрыя, густоўныя рэчы, атрымае ад “Цэнзарскіх нажніцаў” асалоду і знойдзе сярод шматлікіх апавяданьняў і аповесьцяў нешта асабліва цікавае.

“Цэнзарскія нажніцы” — гэта эўрапейскі паводле паліграфічнай якасьці і “новабеларускі” па сутнасьці зборнік аповесьцяў і апавяданьняў. Прыемна трымаць у руках, яшчэ прыемней чытаць.

 

Игорь Морозов. Основы культурологии. Архетипы культуры. Менск: Тэтра-Сыстэмз, 2001. — 607 с., з ілюстрацыямі, наклад 3100 ас.

Кніга заварожвае. Мы звыкліся з тым, што падручнікі фармалізаваныя да немагчымасьці, маюць суконную мову, багатую штампамі. Ні пра які зь вядомых мне падручнікаў ня скажаш, што ад яго нельга адарвацца. А пра гэты — можна. Дынамічны, арыгінальны і эмацыйны тэкст.

Кніга “прысьвечана ўзьнікненьню і тысячагадовай інтэрпрэтацыі першасымбаляў, архетыпаў у рэлігіях, міталёгіі, мастацтве, штодзённым жыцьці розных цывілізацыяў і эпохаў. Дапамагае зразумець, як зараджалася агульначалавечая культура, які шлях яна прайшла, што чакае яе наперадзе, чаму Я, Мы, Яны — Сьвет Чалавека — менавіта такі, якім ён ёсьць”.

Аднойчы я выпадкова пачула цудоўную размову між шасьцігадовымі хлопчыкам і дзяўчынкай:

— Як ты думаеш, а чаму бацькі назвалі Эдзіту П’ехай?

— Ня знаю. А ты скажы, чаму ёсьць трыкатаж, а двакатажу няма?

Большасьць з гадамі перастае задаваць сабе і другім і гэтыя, і іншыя “чаму”. Мы проста скараемся. Зашмат пытаньняў, на якія немагчыма адказаць.

Памятаеце, як гераіня Вэркора, ліса Сыльва, ператварыўшыся ў жанчыну, галасіла ад разьюшанасьці, калі даведалася, што людзі “зусім нічога ня ведаюць”, ня ведаюць нават асноўнага — “Чаму жывуць? Чаму паміраюць?” Але і яна скарылася.

Кніга Марозава, вядома, не дае ўсіх адказаў. Аднак яна асьвятляе нечаканы для большасьці падыход да іх. Чытачы “НН” ня ўспрымуць гэтага тэксту некрытычна, але кніга, безумоўна, якраз для іх.

“Тэтра-сыстэмз” — інтэлігентнае выдавецтва, якое мае сваю інтэрнэт-кнігарню: http://www. book.shop.by

Наталка Бабіна

 

Круты беларускі брэнд

Часопіс “Партызан”, №1.

На рынку прэсы зьявіўся першы часопіс, прысьвечаны найноўшаму мастацтву. Сярод аўтараў “Партызану” — Артур Клінаў, Міхал Баразна, Ігар Цішын, Алесь Пушкін, Ігар Саўчанка, Ларыса Міхневіч. У першым нумары “Партызану” — і справаздача пра дзейнасьць галерэі “Шостая лінія”, і гісторыя Бум-Бам-Літу ад 91-га году, і пра бурапеннае артыстычнае жыцьцё Віцебску да 2000 г. Можна знайсьці на старонках “Партызану” імёны Адама Мальдзіса, Зянона Пазьняка, Анатоля Сідарэвіча й нават Жырыноўскага зь Лімонавым. Зрэшты, і сярод саміх герояў-мастакоў цяжка каго назваць маладзёнам.

Альманах па гісторыі найноўшага мастацтва завяршае артыкул Ігара Бабкова. Менавіта ў ім, апошнім, і схавалася ляканічная канцэпцыя выдаўцоў. Бабкоў акрэсьліў творцаў канца мінулага стагодзьдзя як “партызанаў” і “мэнэджэраў”: “Імкненьне дагнаць свой час стварыла генэрацыю “мэнэджэраў”. Жаданьне застацца ў сваёй прасторы стварыла тып “партызана”. “Мэнэджэр”, па вызначэньні аўтара, стварае попыт на сябе. “Ён прадае ўсё: сваю біяграфію, якую распрацоўвае гэтак жа прафэсійна, як “Head & Shoulders” — формулы сваіх шампуняў, рэалізаваныя й нерэалізаваныя творы, аўтарскія задумы й канцэпцыі, стыль жыцьця”.

Мэнэджэры “партызанскага” праекту зусім не наіўныя. Іхнае выданьне суправаджаюць паралельныя тексты па-ангельску, якасьць паліграфіі таксама разьлічаная ня толькі на беларускага спажыўца, як, зрэшты, і падбор тэмаў і твораў. Зьмест часопісу й быў разьлічаны на попыт у пакупнікоў.

Галоўная зарука посьпеху часопісу — ягоная назва, брэнд-нэйм. Калі б ня гэтыя выдаўцы, то хто-небудзь іншы абавязкова мусіў бы за “партызана” ўчапіцца ў Беларусі. Прыкладам таму — першы беларускі партал у Інтэрнэце “Дзед Талаш”, на якім, дарэчы горача віталі зьяўленьне “Партызану”.

Брэнд — гэта пасьлядоўны набор функцыянальных, эмацыйных й эстэтычных абяцанкаў спажыўцу. Клясычны брэнд становіцца ўнікальным й непараўнальным, але самае галоўнае — устойлівым. Я спытаўся ў чалавека, які працуе адначасова ў бізнэсе і ў культуры, мастака й паэта Міхала Анемпадыстава, якія, на ягоную думку, ёсьць удалыя беларускія брэнды ў культуры й у прамысловасьці. Вось што ён адказаў: “Натуральна, “Наша Ніва” — супэрбрэнд-нэйм са сваёй міталёгіяй. “Фрагмэнты”, з новых. “Бульба-рэкардз” — вельмі ўдалая назва, мала пакуль раскручаная. “Партызан” Клінава мае ўсе шанцы пры такім удалым брэнд-нэйме. Можна далучыць таксама назвы гуртоў: “НРМ”, “Уліс”, “Крама”, “Нэйра-Дзюбель”. “МАЗ” — удалы такі брэнд. Вельмі ўдалае слова “Аліварыя”. З навейшых — “Дайнова”. Можа, яшчэ “Мілавіца”.

Міхал Анемпадыстаў перакананы ў посьпеху “Партызану”, аднак адмовіўся хваліць свой жа брэнд “Народны альбом”, хоць, на маю думку, гэта быў ці не найлепшы культурніцкі брэнд на сумежжы стагодзьдзяў. Я дадаў бы ў якасьці прыкладу яшчэ “Песьняроў”, на брэнд якіх цяпер прэтэндуюць два калектывы. А ў галіне гандлю —марку мінэральнае вады “Дарыда” й сьветлагорскага шавецкага прадпрыемства “Калінка”. У Літве ўжо выпускаюць нават падробкі, імітуючы іхныя лягатыпы й дызайн.

Творцы-“мэнэджэры”, пакідаючы “партызанам” іхны час, спрабуюць раскруціцца на іхным брэнд-нэйме. Хоць розьніца паміж імі пакуль умоўная. Пакуль, бо неўзабаве на рынак мастацтва, што спрабуе стварыць для беларускіх творцаў і спажыўцоў Артур Клінаў са сваімі паплечнікамі, прыйдзе новая генэрацыя. Яна ўжо грукае ў “партызанскія зямлянкі”. Тая генэрацыя, для якой героі “Партызану” — настаўнікі-вэтэраны. Гэта маладыя жывапісцы, скульптары й пэрформэры — Бабарэка й Вераб’ёў, Вашкевіч і Рыбчынскі, Трацюк і Ждановіч. Стваральнікі новага брэнду з выхадам часопісу паўсталі перад выбарам: застацца ў сваім часе ці даганяць яго ж. Але незалежна ад таго, які выбар яны зробяць, новае брэнд-імя на беларускі рынак культуры ўжо запушчанае.

Сяргей Харэўскі

 

Касьцюшка вачыма расейцаў

Восстание и война 1794 года в литовской провинции / Уклад., рэд. і прадмова Я.Анішчанкі. – Менск: Моладзевае навуковае таварыства, 2001. 209 с., іл.

Адзіным беларускім гісторыкам, які штогод выдае па кнізе, застаецца Яўген Анішчанка. Апошнім часам ён дасьледуе паўстаньне Касьцюшкі й падзелы Рэчы Паспалітай. Расейскія архівы хаваюць яшчэ шмат таямніцаў пра нашае мінулае. На жаль, навуковы пошук там застаецца прыватнай справай аднаго дасьледніка, які на ўласныя грошы езьдзіць у Маскву.

Архіў замежнай палітыкі Расейскай імпэрыі, што туліцца пад крылом Міністэрства замежных справаў, занепакоены публікацыяй у Беларусі дакумэнтаў XVIII ст., але аўтар цьвёрда абяцае скласьці яшчэ прынамсі адзін зборнік пра Касьцюшкава паўстаньне.

Такім чынам, “Паўстаньне і вайна 1794 году”, частка другая (першая выйшла ў 2000 г.). Дарэчы, нумар часткі не пазначаны, што непазьбежна будзе блытаць чытачоў.

У загалоўку кнігі прысутнічае, як і ў мінулы раз, “літоўская правінцыя”, хоць назва “Вялікае Княства Літоўскае” ў тыя часы яшчэ жыла і выкарыстоўвалася. Паўстанцы ня ставілі за першачарговую мэту ўмацаваньне незалежнасьці Вялікага Княства ў рамках Рэчы Паспалітай. Больш актуальнай была абарона незалежнасьці ўсяе дзяржавы. Так што калі паўстанцы “не гавораць ні пра дзяржаўны сувэрэнітэт ВКЛ, ні пра адраджэньне або наданьне гэтаму княству статусу беларускай дзяржавы” (словы аўтара), гэта не азначае, што ВКЛ зьнікла. А тэрмін “літоўская правінцыя” меў вузкаюрыдычны характар і выкарыстоўваўся ў практыцы парлямэнцкай дзейнасьці, калі ваяводзтвы Рэчы Паспалітай былі падзеленыя на Велікапольскую, Малапольскую і Літоўскую правінцыі.

Яшчэ адзін спрэчны момант – ці выкарыстоўвалі паўстанцы беларускую мову. Анішчанка пэўны, што маніфэсты паўстаньня пісаліся і абвяшчаліся выключна па-польску. Не зусім зразумела, што маецца на ўвазе пад словам “маніфэсты”. Самі паўстанцы такім тэрмінам не карысталіся, гэта атрыбут хутчэй манархічнай улады, а не рэвалюцыйных рэспубліканцаў. Што да паўстанцкіх адозваў, то яны пісаліся і па-беларуску, і па-царкоўнаславянску.

Аўтар не абмежаваўся публікацыяй дакумэнтаў, ён зрабіў некаторыя назіраньні над агульнымі асаблівасьцямі паўстаньня, у прыватнасьці над складам яго ўдельнікаў. На падставе сьледчых матэрыялаў (а царскае сьледзтва разьбіралася з амаль 2 тысячамі касьцюшкаўцаў) аўтар сьцьвярджае, што шляхты сярод іх было 50%, сялянаў – 37%, мяшчанаў – 10% (а калі браць толькі выхадцаў з тэрыторыі сучаснай Беларусі, то адпаведна 44, 36 і 20%). Храналёгія дакумэнтаў зборніка – ад падрыхтоўкі паўстаньня да яго поўнага задушэньня і пакараньня ўдзельнікаў. Тое ж было і ў першым зборніку, так што абедзьве часткі дапаўняюць адна адну. Сярод дакумэнтаў ёсьць сапраўдныя дыямэнты, што многае асьвятляюць у тых падзеях, абвяргаюць памылковыя меркаваньні. Ёсьць і шчырыя прызнаньні карнікаў: “...Цяпер зьявіўся ўсеагульны народны ўздым”. Са старонак дакумэнтаў чуваць галасы ня толькі расейскай “эліты”, але і нашай небагатай шляхты, мяшчанаў, сялянаў. У кнізе гаворыцца пра ўсё: пра пляны паўстанцаў, таемныя знакі змоўшчыкаў, ход ваенных падзеяў, бітвы, горыч паражэньняў, допыт у сумнавядомай Смаленскай сьледчай камісіі.

Зараз ніхто з тых, хто цікавіцца ці навукова займаецца Касьцюшкавым паўстаньнем, ня зможа абысьціся бяз гэтых зборнікаў. Яўген Анішчанка сапраўды выратаваў гонар беларускай гістарычнай навукі – цяпер мы можам заявіць усім: і ў Беларусі навукова вывучаюць паўстаньне Касьцюшкі. Шкада толькі, што першы зборнік дакумэнтаў з-за выдавецкай палітыкі амаль што ня трапіў у Беларусь. Затое другі яшчэ можна набыць у “Акадэмкнізе”.

Валеры Пазьнякоў

 

Што ў “Спадчыне”?

“Спадчына”, № 4, 2001.

Чарговы нумар “Спадчыны” прымеркаваны да 50-годзьдзя Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, што ў Нью-Ёрку. Таму асноўныя героі й аўтары нумару – прадстаўнікі беларускай эміграцыі. Безумоўнае першынство тут трымае Антон Адамовіч — “патрыёт крыўскае дзяржавы”, як назваў яго ў сваім нарысе Лявон Юрэвіч. У нумары зьмешчаныя ня толькі матэрыялы пра Адамовіча, але й ягоныя арыгінальныя творы – літаратуразнаўчы артыкул “Па дарозе да Эўропы”, апавяданьні “Безруч” і “Ўсяночная” (пад псэўданімам С.Юстапчык).

Багата старонак “Спадчыны” адведзена тэме другой сусьветнай вайны. Тут і спогады Ўладзімера Шнэка-Случанскага, і створаны ім альбом уніформы Беларускай краёвай абароны, і ўспаміны Зьмітра Касмовіча, падрыхтаваныя да друку Алегам Гардзіенкам. Апошнія – важкі ўнёсак у беларускую мэмуарыстыку, прысьвечаную беларускай партызанцы ў другую сусьветную вайну. Погляды аўтара ўспамінаў на партызанскія дзеяньні цалкам супярэчаць канцэпцыі савецкіх ваенных гісторыкаў. Праўда, мэмуары Касмовіча ў “Спадчыне” №4 сягаюць толькі да 1939 г., так што усё самае цікавае чакае нас у наступных нумарах часопісу.

Прыцягвае ўвагу і публікацыя Захара Шыбекі “Нарыс гісторыі Беларусі. 1795–2000”. Пачынаецца ён з моманту, якім сканчаецца “Нарыс” Сагановіча, і таксама ўражвае падборам фактаў і выразнай аўтарскай канцэпцыяй. Калі “Нарыс” Шыбекі выйдзе асобнай кнігай, студэнты ВНУ будуць мець поўны падручнік па беларускай гісторыі, пазбаўлены саветызаваных акцэнтаў.

Аркадзь Шанскі

 

KNIHI.COM

Кастусь Акула. Змагарныя дарогі. Раман. Уладзімер Арлоў. Рэквіем для бэнзапілы. Апавяданьні. Уладзімер Дубоўка. Пялёсткі. Апавяданьні-ўспаміны. Іван Шамякін. Сэрца на далоні. Раман. Васіль Хомчанка. Крэсла з гербам і розныя крымінальныя гісторыі. Алесь Змагар. Да згоды. Вершы. Міхась Кавыль. Ростань. Пад зорамі белымі. Вершы. Вінцэсь Мудроў. Іду на таран! Беларуская, жыдоўская, летувіская, польская, расейская, украінская кухні. Уільям Шэксьпір. Санэты. Джанатан Сьвіфт. Падарожжы Гулівэра. Жорж Сымэнон. Першая справа Мэгрэ. Раман. Франц Кафка. Апавяданьні. Дэшыэл Хэмет. Справа Гейтвудаў. Багуміл Грабал. Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных. Джон О’Хара. Апавяданьні. Эрвэ Базэн. Сумленны ўчынак. Станіслаў Ежы Лец. Зь “Непрычасаных думак”. Усевалад Нястайка. Тарэадоры з Васюкоўкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0