1. Нарадзіўся ў Маскве
Да гэтага з кіраўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта толькі Урал Латыпаў (2001–2004) не быў ураджэнцам Беларусі. Зрэшты, Кабякоў жыве на тэрыторыі Беларусі з трохгадовага ўзросту. Нямала крыві ён папіў расійскаму боку на перамовах аб энерганосьбітах, што традыцыйна адбываліся пад Новы год у Крамлі. «А што мне рабіць у Маскве? Так, я там нарадзіўся, але з 1963 года жыву тут. Нікуды з’язджаць з нашай краіны я не збіраюся», — сказаў неяк Андрэй Кабякоў. Усё ж на гістарычную радзіму выправіцца яму давялося — у якасці пасла. Праўда, прабыў ён на гэтай пасадзе менш за год (ад лістапада 2011).

Аляксандр Лукашэнка часта прызначае на важныя пасады неўраджэнцаў Беларусі. Такія людзі апрыёры не могуць вырасці ў канкурэнтаў яму. На сёння, міністры абароны, унутраных справаў, па надзвычайных сітуацыях і кіраўнік КДБ — усе родам не з Беларусі.

2. Скончыў Авіяцыйны інстытут
Кабякоў атрымаў добрую адукацыю. У 1983 годзе ён скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Паступіць туды ў 1970-ыя было нялёгкай справай. Праўда, у лётчыкі хлопец не пайшоў. У год абвяшчэння незалежнасці Кабякоў яшчэ скончыў наргас і Інстытут паліталогіі і сацыяльнага ўпраўлення КПБ.
3. Пратэжэ Даўгалёва
Ён вярнуўся ў Беларусь, дзе спачатку папрацаваў на заводзе імя Вавілава ў Мінску, а потым перайшоў на рагачоўскі завод «Дыяпраектар». Там Кабякоў прайшоў праз розныя пасады: старшы майстар, намеснік начальніка цэха, намеснік начальніка зборачнай вытворчасці. Харэктарна, што ў гэты час на заводзе працаваў Васіль Даўгалёў, яшчэ адна відная асоба беларускай палітыкі. У 1990 Даўгалёў трапіў у Вярхоўны Савет. У 1994 ён стане намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта Даўгалёў перацягнуў Кабякова за сабой у Мінск. 35-гадовы намеснік дырэктара «Дыяпраектара» стаў намеснікам начальніка Службы кантролю, аналага сённяшняга КДК. Урэшце Кабякоў так і не выпадаў з уладнай абоймы. У яго былі пасады старшыні Камітэта дзяржкантролю, міністра эканомікі, віцэ-прэм’ера.
4. Працуе з 8:00 да 21:00 і на выхадных
Некалі Кабякоў падзяліўся з журналістамі сваім працоўным графікам. «Я працую звычайна ад 8:00 да 21:00. Хіба што ў выхадныя больш працаваць стаў». Тады Кабякоў быў яшчэ віцэ-прэм’ерам. «Гадзіннік у мяне не „Луч“, абутак не памятаю, а вось практычна ўсё астатняе — айчыннае», — зазначыў ён.
5. Лукашэнка хрысціў сына Кабякова?
Ёсць такая байка, што аднойчы Андрэй Кабякоў папрасіў Аляксандра Лукашэнку стаць хросным бацькам сына віцэ-прэм’ера. І Лукашэнка, як не дзіўна, згадзіўся. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы заўсёды меў пэўны піетэт да Кабякова.

Ці не ўпершыню, калі не лічыць Мясніковіча, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта прызначаны «гаспадарнік». Да структуру ўзначальвалі будаўнік Сініцын, сілавікі Латыпаў, Шэйман і Нявыглас, дыпламат Макей. Выглядае, што эканоміка выходзіць на першы план перад палітыкай.

Калі міністр замежных справаў у беларускіх умовах адказны толькі за адносіны з Захадам і туды прызначылі Уладзіміра Макея, які мае празаходнюю рэпутацыю, то Адміністрацыю прэзідэнта аддалі чалавеку, які найлепш ведае ўваходы і выхады Масквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?