18 лістапада 2011 пайшла з жыцця Элеанора Вецер, слынная даследчыца мастацтва і архітэктуры Беларусі, выдатная дзяячка культуры, якая стаяла ля вытокаў нашага найноўшага нацыянальнага мастацтвазнаўства.

Яна нарадзілася ў траўні 1932 года ў сям’і настаўнікаў, 9 класаў скончыла ў сівым Барысаве над Бярэзінай, а дзесяцігодку — у старасвецкім Урэччы, некалі слынным мястэчку, што праславілася высокім мастацтвам сваіх майстроў-шкляроў ды ткачоў, куды яе бацькоў перавялі працаваць. Разлогі роднага краю, яго таленавіты люд і неабсяжная гістарычная спадчына назаўжды засталіся ў яе сэрцы. Пасля сканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1957 г. Элеанора Вецер звязала свой лёс з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Пэўны час яна выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняй Акадэміі мастацтваў, дзе лёс звёў яе з такімі героямі нашае культуры, як Лявон Баразна, Генадзь Сокалаў (Сокалаў-Кубай), Віктар Сташчанюк, Міхась Раманюк.

Ад 1968 году Элеанора Вецер разам з аднадумцамі, мастакамі і фізікамі-лірыкамі, рушыла ў вандроўкі па памятках даўніны, адкрываючы неацэнныя скарбы мастацтва, што пакінулі нам у спадчыну продкі. У тыя часы яны выпраўляліся ў экспедыцыі за ўласны кошт, збіралі і ратавалі ўнікальныя матэрыялы, перадусім старажытныя абразы й скульптуры. У 1970—1972 гг. яна ўзначальвала навуковыя экспедыцыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук менавіта як гісторык мастацтва і архітэктуры. Яе намаганнямі быў пакладзены пачатак зборам твораў айчыннага мастацтва, якія гінулі ў зачыненых напаўразбураных храмах. Разам з паплечнікамі, у першую чаргу з доктарам фізіка-матэматычных навук Юрыем Хадыкам, Элеанора Вецер стаяла ля самых вытокаў стварэння акадэмічнага Музея старажытнабеларускай культуры. Першы збор, што такімі высілкамі быў сабраны ініцыятыўнымі навукоўцамі, быў гвалтоўна канфіскаваны.

Але зламіць яе не змаглі. Яе рупнасцю і вераю ў сваю справу захапляліся сябры і цанілі яе за прафесіяналізм, адданасць сваёй працы і сціпласць. У свой час ёю было прачытана безліч лекцый, створаны семінар з мэтай вывучэння сярэднявечнага рэлігійнага мастацтва Беларусі, яго вытокаў і адметнасці. Даследчыца першаю ўвяла ў агульнасаюзны навуковы зварот паняцце беларускага рэнесансу ў выяўленчым мастацтве. Яна была дамаю сэрца для рыцараў нашае культуры, якія натхняліся яе духам і прыкладам служэння сваёй высакароднай справе. Яе сябрамі, калегамі, вучнямі былі Уладзімір Караткевіч, Зянон Пазняк, Тамара Габрусь, Уладзімір Дзянісаў, Аляксандр Ярашэвіч, Алег Трусаў, Юры Піскун ды многія іншыя. У няпростыя савецкія часы варожага стаўлення да ўсяго беларускага нямала прапагандыстаў атэізму і пільных камуністычных ідэолагаў глядзелі на працу Элеаноры Вецер і яе калегаў варожа. Але не зважаючы ні на што, насуперак афіцыйнай ідэалогіі, яна рабіла сваю справу. Найважнейшай часткаю яе грамадзянскага і прафесійнага жыцця была дзейнасць у Беларускім дабраахвотным таварыстве аховы помнікаў гісторыі і культуры. Яна брала чынны ўдзел у стварэнні шматтомнага «Збору помнікаў гісторыі культуры Беларусі», у якім мы чытаем багата яе артыкулаў. Шмат змянілася з тых часоў, але неадменнымі вартасцямі засталіся чалавечае і прафесійнае сумленне. І засталася наша Беларусь, край з унікальнай мастацкай спадчынай. І сёння мы маем выдатны Музей старажытнабеларускай культуры, багата анталагічных тэкстаў па гісторыі нашае культуры і светлую памяць пра мужную жанчыну і сумленную даследчыцу, самаадданую патрыётку Беларусі — Элеанору Вецер.

Светлая памяць!

Архітэктар і мастак-графік Віктар Сташчанюк у свой час склаў вершаванае прысвячэнне Элеаноры Вецер, з якой яго лучыла ўзнёслыя пачуццё ўзаемапавагі, салідарнасці й патрыятызму:

Удзельнікам мастацтвазнаўчых экспедыцый
1968—1972 гг.

Гэта быў час зачыненых храмаў,
Дзікі час святынь рабавання.
Крадзенае асела ў замежных крамах.
Ці будзе калі дадому вяртанне?

Мы сцежкамі болю ў вандроўках хадзілі,
У сэрцы з любоўю да мілай Айчыны.
Ў зачыненых храмах цішыню мы будзілі
І трапяткія перажывалі хвіліны.

Глядзелі на лікі святых на іконах,
Дзівіліся свецкаю іх прыгажосцю.
Відаць, мастакі парушалі законы
І спісвалі вобразы з блізкіх кагосьці.

Якія пачуцці тады мы зазналі,
Якія адкрыцці ў вандроўках зрабілі,
Наколькі духоўна багатымі сталі —
Відаць не дарма з музай ведаў дружылі.

Нам песні Палесся сардэчна гучалі,
І вецер дарог быў заўжды спадарожны.
На фота і ў акты мы ў памяць вярталі
Забытыя скарбы краіны бязбожнай.

І сёння ўжо новы мы час абжываем.
У душы людскія вярнулася Вера.
Музей старажытнай культуры мы маем.
Заўжды там адчынены дзверы.

Віктар Сташчанюк, 2001
Публікуецца ўпершыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?