У канцы сакавіка 1918 года ў Кіеў для перамоваў з кіраўніцтвам Украінскай Народнай Рэспублікі прыбыла першая афіцыйная дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Аляксандрам Цвікевічам. У складзе беларускай дэлегацыі, як паказваюць украінскія гісторыкі, знаходзіўся кансультант Язэп Фарботка (Міхалюк Дорота. Дипломатичні зносини Білоруської Народної республіки та Української Народної Республіки і Гетьманату у світлі документів (березень — грудень 1918 р.)).

Акрамя ваенна-палітычных пытанняў на перамовах абмяркоўвалася эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. У Кіеве арганізуецца сумесная гандлёвая палата, дзейнічае Беларуска-ўкраінскае таварыства збліжэння. Па выніках гэтых перамоваў у Беларусь з Украіны рушылі эшалоны з збожжам і мясам.

Так, можна сцвярджаць, што «БНР уяўляла сабой прывіднае палітычнае ўтварэнне, бо яна не мела ні дзяржаўных межаў, ні сістэмы мясцовых органаў улады, ні сапраўднай арміі і паліцыі». Аднак існуе адзін зусім не прывідны факт: павальнага голаду ў Беларусі (у адрозненне ад Расіі) у той час не было! У канцы красавіка 1918 года Народны сакратарыят (урад) БНР зацвердзіў статут і персанальны склад Беларускай гандлёвай палаты ў Кіеве на чале з Мітрафанам Доўнар-Запольскім, і гэтая замежнагандлёвая арганізацыя на пэўным гістарычным этапе вырашыла харчовую праблему…

У канцы 1980-х гадоў у мяне не было доступу да архіўных матэрыялаў БНР. Але затое ў руках быў аб’ёмісты фотаальбом, прысвечаны выпускнікам Мінскай мужчынскай урадавай гімназіі 1914 года. Апошні выпуск мірнага часу. Сорак пяць прозвішчаў — беларускіх, рускіх, габрэйскіх, польскіх, нямецкіх, татарскіх. З’явілася ідэя высветліць, хто з былых гімназістаў быў чымсьці асабліва слаўны, хто з вядомых сучаснікаў з’яўляецца іх нашчадкам. Аднак пошук цяжкі, калі ў нас тысячы Александровічаў, Барысевічаў, Валадзько, Жылінскіх, Мацкевічаў.

Вось, да прыкладу, Яша Александровіч — Якаў Сцяпанавіч. Да таго, як яго след згубіўся ў грамадзянскую вайну, ён, паводле некаторых звестак, паспеў стаць адвакатам. Быў з радавітых беларускіх татараў.

Па магчымую падказку я звярнуўся да свайго ўніверсітэцкага выкладчыка, навукоўца-літаратуразнаўца Сцяпана Хусейнавіча Александровіча. Прафесар развёў рукамі.

— На жаль, сярод сваіх сваякоў не магу згадаць чалавека, якога вы шукаеце. А хто яшчэ з татараў быў у тым выпуску?

— Чымбаевіч, Шахаратаў, Мурзіч.

— Так, таксама распаўсюджаныя ў Беларусі прозвішчы…

Вельмі хацелася ўбачыць дзёрзкую постаць гімназіста Эліясберга за музыкам Карлам Эліясбергам — выхадцам з дарэвалюцыйнага Мінска, які ў 1942 годзе ў блакадным Ленінградзе быў першым дырыжорам пры выкананні Сёмай сімфоніі Шастаковіча. Але зноў жа прозвішча выявілася досыць распаўсюджаным…

Пра гэтыя пошукі я расказаў гісторыку Віталю Скалабану — спецыялісту ў галіне беларускіх персаналій.

— А давайце яшчэ раз пройдземся па спісе прозвішчаў, — прапанаваў Віталь Уладзіміравіч.

Я пачаў пералічваць:

— Міхаіл Каварскі — будучы рэдактар газеты «Кіеўская камуна», памёр у грамадзянскую ад тыфу; Барыс Трэнін — стаў адвакатам; Шалом Ляўковіч — сын вядомага ў горадзе фабрыканта-каўбасніка; Уладзімір Марозаў — сын галоўнага лекара мінскага шпіталя… Наваранка, Каютаў, Жырмунскі, Этынгер, Мянжынскі, Бамдас, Макавецкі, Кугель… Гутоўскі, Шефер, Сямінскі, Фарботка…

— Стоп, — сказаў Скалабан. — Як звалі гімназіста Фарботку?

— Іосіф Аўгусцінавіч.

Язэп Фарботка. Фотапартрэт з выпускнога альбома Мінскай мужчынскай урадавай гімназіі 1914.

Язэп Фарботка. Фотапартрэт з выпускнога альбома Мінскай мужчынскай урадавай гімназіі 1914.

Зоська Верас

Зоська Верас

Аб'ява "Беларускай хаткi" ў газеце "Вольная Беларусь" 9 кастрычніка 1917.

Аб'ява "Беларускай хаткi" ў газеце "Вольная Беларусь" 9 кастрычніка 1917.

Фрагмент групавога здымка выпускнікоў у двары гімназіі. Я. Фарботка стаіць злева, заклаўшы рукі за спіну. Красавік 1914.

Фрагмент групавога здымка выпускнікоў у двары гімназіі. Я. Фарботка стаіць злева, заклаўшы рукі за спіну. Красавік 1914.

— А вось гэта — поспех!.. Паслухайце, што я пішу пра яго ў біяграфічнай нататцы. Паэт і літаратуразнаўца Язэп (Юзюк) Фарботка. Нарадзіўся ў Налібоках на Стаўбцоўшчыне 23 жніўня (паводле старога стылю) 1893. У 1914–1918 гадах вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. З 1916 года ўдзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. У 1919-м — актор «Беларускага савецкага тэатра», супрацоўнік літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-м — адміністратар Беларускага тэатра ў Мінску. Затым апынуўся ў Польшчы… У дваццатыя і трыццатыя гады займаўся навукова-біялагічнай дзейнасцю… Як паэт дэбютаваў у 1912 годзе ў газеце «Наша Нiва» гумарыстычнымі вершамі «Зацьменне» і «Зруйнаваў». Вершы «Роднаму краю» (напісаны ў 1915-м, апублікаваны ў 1919 годзе), «Звон» (публікацыя 1919 г.) прасякнутыя болем за горкі лёс Радзімы, верай у лепшую будучыню. Творы Фарботкі адзначаныя тонкім лірызмам, майстэрствам версіфікацыі. Пісаў трыялеты і санеты — у тым ліку санет «Памяцi Максiм Багдановiча». На беларускую мову пераклаў урывак з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У кнізе «Беларусь у песня. Лiтаратурна-гiстарычны нарыс», выдадзенай у 1920 годзе, прадставіў гісторыю беларускай паэзіі ў цеснай сувязі з барацьбой народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пра Фарботку сказана ў трэцім томе выдадзенай у 1922 годзе ў Петраградзе капітальнай працы акадэміка Карскага «Беларусы»…

Сёння да сказанага Віталём Скалабанам можна дадаць агульнаэнцыклапедычныя звесткі:

«Язэп Фарботка (5 верасня 1893, в. Налібокі Ашмянскага пав. — 8 чэрвеня 1956, Лодзь), беларускі нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1914), да 1918 вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Уключыўся ў беларускі палітычны і культурны рух на Украіне і ў Мінску (1918–1920). У 1920–1924 вучыўся ў Віленскім універсітэце, пасля працаваў там выкладчыкам заалогіі. У 1932 абараніў кандыдацкую дысертацыю. Займаўся мастацкай фатаграфіяй і дзейнічаў у „Віленскім фотаклубе“ Яна Булгака. Працаваў таксама ў Ваяводскай управе ў Вільні ў сельскагаспадарчым аддзяленні. Пасля вайны арыштаваны і сасланы ў Данбас. У кан. 1945 пасяліўся ў Лодзі».

Але калі біяграфічныя даведкі пра гэтага чалавека здадуцца сухімі, то вось адзін-адзіны факт. Ён — як вобраз. Раскрыем выдадзены ў 1975 годзе зборнік успамінаў «Шлях паэта», які прысвечаны Максіму Багдановічу, і прачытаем радкі, якія выйшлі з-пад пяра Зоські Верас:

«Надыходзiў Новы год — 1917-й… Пастанавiлi спатыкаць яго ў „Беларускай хатцы“ усёй грамадой. Наладзiць усё і выслаць запросiны даручылi Багдановiчу i мне. Сабралiся ўсе, хто толькi ў той час быў у Мiнску. Прыйшлi: М. Багдановiч, Ядвiгiн Ш., Альберт Паўловiч з дачкой Уладзяй i зяцем Ю. Фарботка…»

Уявім прыфрантавы Мінск напярэдадні 1917 года. Непадалёк ад чыгуначнай станцыі, якую не так даўно бамбавалі германскія цэпеліны, дзейнічае «Беларуская хатка» — адначасова і таварыства дапамогі бежанцам, і клуб нацыянальнай інтэлігенцыі. Хто мог сабрацца там у навагоднюю ноч разам з Максімам Багдановічам — апошнюю навагоднюю ноч паэта?.. Вядома ж, толькі найбліжэйшыя сябры і аднадумцы. Ядвігін Ш. — гэта пісьменнік Антон Лявіцкі, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Ён старэйшы за Фарботку на цэлыя 24 гады, але, што цікава, выпускнік той жа Мінскай мужчынскай урадавай гімназіі. Альберт Паўловіч, з якім парадніўся Іосіф Фарботка, — гэта паэт-гумарыст і драматург, служыў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Усяго на два гады старэйшы за Язэпа паэт Максім Багдановіч. І ва ўсіх гэтых людзей агульным было супрацоўніцтва з газетай «Наша Нiва», якая выдавалася ў Вільні.

Пакуль была жывая ў Вільні легендарная Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік), паспеў я задаць ёй у асабістым лісце пытанне пра мінскую сустрэчу новага 1917 года. Адказ атрымаў праз Віталя Скалабана:

«26/VI.1987 Вільня

Паважаны Віталь Уладзіміравіч.

Учора атрымала ліст ад рэдакцыі „Советская Белоруссия“, ад карэспандэнта аддзела культуры Сяргея Крапівіна.

Калі ласка, перапрасіце яго ад майго імя, што не адказваю яму асабіста, а на Вашыя рукі. Каб хоць крыху лепш чулася, то магла б і па-руску напісаць, у канцы, можа, ён бы і па-беларуску прачытаў — але пісаць мне вельмі цяжка. А Вы ўжо, думаю, і мой цяперашні почырк зразумееце.

Адкладаць адказу не хачу, бо не ў мае гады гэтак рабіць… А хоць крыху аб Язэпе Фарботка паведаміць магу, што дасць магчымасць весці далейшыя пошукі.

Я. Фарботка я бачыла ўсяго адзін раз — на спатканні Новага году 1917. Ён прыйшоў разам з Альбэртам Паўловічам, з якога дачкой Уладзяй (Уладзіславай) якраз нядаўна пажаніліся…

Абое маладзенькія, і Уладзя выглядала як гімназістка, бо яшчэ ў школьнай форме. Сукенка бранзовага (на сённ[яшняй] бел[арускай] мове „карычневага“) колеру. Так што зусім магчыма, што Я. Фарботка толькі нядаўна скончыў у Менску гімназію.

Больш яны, як і сам Альберт Паўловіч, у „Беларускую хатку“ не прыходзілі. Чаму? Не ведаю. А. Паўловіч у жыцці беларускіх дзеячоў удзелу не прымаў. Пасля са ўспамінаў яго дачок вядома, што ў іх у доме ладзіліся канцэрты. Прымалі гасцей з правінцыі. Але з нас, згуртаваных пры т-ве помачы ахв[ярам] вайны, ніхто ў іх не бываў.

Мяне гэта вельмі дзівіла, бо тады ўжо ў „Бел[арускай] хатцы“ і хор У. Фальскі зарганізаваў, а У. Галубок сякі-такі аркестр са сваіх чыгуначнікаў наладзіў.

Пару гадоў таму Літар[атурны] музей Багдановіча ў ЛіМ’е надрукаваў вестку ад адной з малодшых дачок Альберта Паўловіча недзе з Польшчы… што яны — малодшыя дочкі — спатыкаліся з Максімам Багдановічам у „Бел[арускай] хатцы“.

Але гэта хіба ім снілася, бо ў „Бел[арускую] хатку“ ніхто з гэтай сям’і не прыходзіў. Вось бы з Літ[аратурнага] музею Максіма Б[агданові]ча дастаць Вам адрас (яны і нейкія экспанаты на бацьку прысылалі), значыцца ў Музеі і адрас, і акты быць павінны. Страціла крыху часу — пераглядзела ўсе свае запісы-ўспаміны, ці няма яшчэ якой весткі аб Я. Фарботка. Але нічога не знайшла.

Паглядзела на гэты свой ліст і падумала: ці будзе ў Вас, Віталь Уладзіміравіч, цярплівасць прачытаць маю „мазаніну“. Ці зразумееце? Рука не слухаецца, дрыжыць. А пісаць прыходзіцца не мала. Спадзяюся, што ласкава адкажаце.

Калі б яшчэ што трэба было — пішыце. Рука не слухаецца, але галава яшчэ працуе…

Усяго Вам добрага ў жыцці і працы.

Сардэчна зычлівая Л. Войцік».

Сёння цікавы кожны чалавек з атачэння Максіма Багдановіча. Але калі Язэп Фарботка — сталы паэт — у цэлым вядомы літаратуразнаўцам, то гімназіст Іосіф Фарботка бачны пакуль праз туман… І вось што я здолеў высветліць. Ураджэнец Налібоцкага краю Язэп быў не першым у сям’і, хто праклаў дарогу ў Мінскую ўрадавую гімназію. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены наступны афіцыйны запыт:

«Командир 189-го пехотного запасного батальона

По части строевой

12 января 1915 г. № 365

Господину директору Минской мужской гимназии

По встретившейся надобности прошу выслать копию документа об образовании на нижнего чина вверенного мне батальона Ивана Августовича Фарботко, выбывшего из 7-го класса гимназии в 1906 году».

З усёй відавочнасцю выкажам здагадку, чым быў выкліканы гэты запыт пра старэйшага брата Івана. Ішла вайна, страявых афіцэраў катастрафічна не хапала, і ў школы прапаршчыкаў адбіралі пісьменных людзей, у тым ліку і былых гімназістаў.

Толькі чаму Іван быў вымушаны пакінуць гімназію пад самы канец свайго навучання? У 1906 годзе прычынай, хутчэй за ўсё, мог стаць удзел у палітычнай дзейнасці. А затым, відавочна, была высылка. У «Памятнай кніжцы Калужскай губерні на 1914» сярод службоўцаў губернскай чарцёжнай згаданы калежскі рэгістратар Іван Аўгуставіч Фарботка.

А вось яшчэ імя: Антон Фарботка. У папулярным расійскім часопісе «Іскры» (№ 20 ад 24 мая 1915 г.), які з пачаткам сусветнай вайны друкаваў спісы ўзнагароджаных, якія вызначыліся, а таксама забітых і параненых чыноў рускай арміі, названы ў агульным спісе загінулых падпаручнік Антон Аўгусцінавіч Фарботка. Адзін з братоў?.. Відавочна, гэтаму блізкаму чалавеку Іосіф прысвяціў санет «Памяцi забiтага брата».

Існуе цікаўны «палітычны» дакумент, які датычыць самога Іосіфа Фарботкі:

«Судебный следователь Минского окружного суда и участка Минского уезда

Ноября 25 дня 1913 года. № 1825

Секретно

Господину директору Минской мужской гимназии

Имею честь уведомить Ваше Высокородие, что в моем производстве имелось (и имеется) несколько дел по обвинению духовных лиц римско-католического вероисповедания в разного рода преступных деяниях, причем поводом к возникновению этих дел послужили прошения разных лиц на имя Начальника губернии о разрешении перейти им из православия в католичество.

Как выяснилось, некоторые из этих прошений были написаны учеником 8-го класса Минской мужской гимназии Иосифом Августовичем Фарботко. Последнему около 20 лет, происходит из крестьян Налибокской волости Ошмянского уезда, католик. Лето этого года проводил в местечке Раков у своего шурина, органиста тамошнего костела Антона Янковского, по просьбе которого и по данным им образцам с целью оказать своему родственнику услугу и написал несколько прошений. 5 августа этого года Фарботко выехал из Ракова и поселился в доме Величко по Фельдшерскому переулку. В факте составления им упомянутых прошений не найдено признаков уголовно-наказуемых деяний (а в частности, пропаганды, о которой говорится в 90-й статье Уголовного уложения); Фарботко в качестве обвиняемого не привлечен».

Вось такое пасланне дырэктару сярэдняй школы — «для ведама»…

Цікавейшае за ўсё тое, што Іосіф уяўляецца нам зусім не заўзятым святошам-каталіком. Пацверджаннем гэтаму — «Кніга для запісу правінаў навучэнцаў», дзе ён значыцца ў ліку гімназістаў, што спазняліся на малітву або нават хаваліся ад яе ў клазет. 9 мая 1914 года Фарботка «за сістэматычнасць» такіх дзеянняў быў нават арыштаваны пасля ўрокаў у класе. Адзначым, што штораніцы малітва ў гімназіі была абавязковай для прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Яе хоць і праводзілі ў розных памяшканнях, але кантралявалі прысутнасць вучняў аднолькава.

Вярнуцца ў Мінск у пачатку жніўня 1913 г. Язэпа змусілі пераэкзаменоўкі па фізіцы і лаціне. Вучыўся паэт, трэба сказаць, няроўна. Ацэнкі яго гадавых пісьмовых прац за сёмы клас гавораць самі за сябе: руская мова — 4, алгебра — 3, геаметрыя — 3, лаціна — 2. Зрэшты, тройка ў гімназіі была найбольш хадавой ацэнкай, а пераэкзаменоўкі былі звычайнай справай — справаздачны сярэдні бал па навучальнай установе тады не «нацягвалі».

Што ўсё-ткі рухала Іосіфам Фарботкам, калі ў час летніх канікулаў ён пісаў ад імя сялян прашэнні аб пераходзе ў каталіцтва? Наўрад ці там былі чыста тэалагічныя рознагалоссі, што да асноваў веравучэння. Без сумневу, малады аўтар «Нашай Нiвы» бачыў у афіцыйным праваслаўі інстытут імперскай улады, які супрацьстаяў ідэям дэмакратыі і беларускага нацыянальнага адраджэння.

Хоць законы Расійскай імперыі практычна не ўтрымлівалі прававых абмежаванняў па нацыянальнай прыкмеце, але тым не менш былі абмежаваныя ў правах іўдзеі, а з 1864 года — палякі-каталікі. Для характарыстыкі агульнай атмасферы прывядзем хроніку з газеты «Рускае слова», якая любыя праявы каталіцызму адносіла да «польскасці»:

«9 октября (26 сентября) 1906 г. Телеграммы наших корреспондентов.

ДЕМОНСТРАЦИЯ В ТЕАТРЕ

МИНСК-ГУБ., 25, IХ. Вчера в театре один из подносивших польской труппе Млодзиевской адрес гимназистов произнес на сцене речь о гнете, тяготеющем над поляками, и о восставшем на борьбу народе. Полиция составила протокол и привлекает гимназистов к ответственности за возбуждающие речи.

18 (05) июля 1907 г. От С.-Петербургского телеграфного агентства

УБИЙСТВА, НАПАДЕНИЯ, ГРАБЕЖИ

МИНСК, 4, VII. В Ивенце, Минского уезда, поляки водрузили католический крест у самой церкви на площади. По решению земского начальника крест подлежал сносу. Во время сноса толпа оказала сопротивление и бросала камнями и палками. Стражники дали залп. Из толпы убит один, пристав ранен, несколько стражников получили ушибы, крест снесен.

26 (13) сентября 1907 г. В СУДАХ.

МИНСК, 12, IХ. Окружной суд приговорил ксендза Грабовского, обвинявшегося в крещении по католическому обряду детей от смешанного брака, к штрафу в сто рублей и отрешению от должности на три месяца».

Можна ўявіць рэакцыю дырэктара гімназіі Грыгор’ева, калі ён атрымаў пасланне судовага следчага. Гэтага яшчэ не хапала! Толькі разабраліся з магчымым удзелам мінскіх гімназістаў у таемным з’ездзе «Польскай прагрэсіўна-незалежнай моладзі Літвы і Беларусі», а тут на табе: новы дысідэнт аб’явіўся. Менавіта дысідэнтам (у першапачатковым, лацінскім, значэнні гэтага слова) Фарботка і значыўся цяпер-то бок «нязгодным», які супрацьпастаўляе сябе паноўнай царкве.

Трэба было неяк рэагаваць, але, мабыць, ні ў кога ў гімназіі не было жадання займацца «справай» Фарботкі. Валынка цягнулася да 28 сакавіка 1914 года, калі адбылося паседжанне педагагічнай рады з асобным пунктам парадку: «Аб атэстацыі па паводзінах вучня VIII класа Фарботка Язэпа». Захаваўся пратакол.

Дырэктар прапанаваў знізіць гадавы бал да чацвёркі, але гэтаму дружна запярэчылі ўсе прысутныя дзевяць чальцоў педнарады. Цікава, што за бал «5» прагаласаваў і праваслаўны протаіерэй Дзімітрый Садоўскі. У адказ Грыгор’еў пачаў прабачальна разважаць, што яго можа не зразумець начальства Віленскай навучальнай акругі. Тады вырашылі ўлічыць і аргменты дырэктара, прыняўшы кампраміснае рашэнне: задняй датай Фарботку знізілі адзнаку па паводзінах толькі за першую навучальную чвэрць. Маўляў, хай паступае малады чалавек ва ўніверсітэт з несапсаваным атэстатам, а далей — Гасподзь з ім…

У верасні 1919 года, калі горад знаходзіўся пад польскай акупацыяй, была створаная на базе 3-га пачатковага вучылішча Мінская беларуская гімназія. Язэп Фарботка быў сярод энтузіястаў, якія арганізавалі гэтую нацыянальную школу, яго імя мы бачым у спісе чальцоў педагагічнай рады.

Тое «сяброўства з палякамі» была вельмі спецыфічным. Даследнікі мінскага друку часоў акупацыі знайшлі цікавае сведчанне пра газету «Звон», якая пачала выходзіць 25 жніўня 1919. Ужо 31 жніўня службовец польскай адміністрацыі пісаў з нагоды з’яўлення новага выдання:

«Мяркую, што з беларусамі будзе клопат. Выданнем кіруе кансорцыум, а менавіта: паны Лёсік, Фарботка, Прушынскі, Касцевіч, а адказным рэдактарам de nomini з’яўляецца пані Луцэвіч. Персанал выдання складаецца з асобаў так шавіністычна настроеных, што, апроч сваёй антымаскоўскай арыентацыі, газета карысці не прынясе нам аніякай, а хутчэй, наадварот, шкоду. Яе супрацоўнікі напалову інтэлігентныя асобы, а іх амбіцыі ў справе „незалежнай Белай Русі“ такія вялікія, што цвяроза і разважліва на тую ці іншую праблему ці прапанову глядзець не здольныя. Я дасюль не магу паразумецца з імі наконт іх палітычнай платформы, поглядаў на Тарыбу [літоўскі ўрад. — Рэд.] і так далей. Найболей праўдападобна, што паразумецца мне з імі не ўдасца, бо ў размове са мною гэтыя крыкуны так выходзяць з сябе, што ў іх аж рукі трасуцца, і, натуральна, ані аднаго разважлівага слова не могуць сказаць і не скажуць» [З архіва Цывільнай управы Усходніх земляў (ZCZW), што захоўваецца ў Гарадской публічнай бібліятэцы Варшавы. Дакумент выявіў і пераклаў на беларускую мову Юрась Гарбінскі. — Вiталь Скалабан].

І лічым, што адна з самых эфектных вех у біяграфіі Язэпа Фарботкі — яго ўдзел у дыпламатыі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі. У склад афіцыйнай дэлегацыі (Аляксандр Цвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і інш.) Народнага сакратарыята БНР, якая ў 1918 годзе прыбыла ў Кіеў для наладжвання стасункаў з Украінскай Народнай Рэспублікай, наш герой уваходзіў не толькі ў якасці кансультанта, але і кіраўніка справамі.

Ну, а калі ў 1920 годзе ў Мінск вярнуліся бальшавікі, то прыстасавацца да іх Іосіф Фарботка не змог і апынуўся ў Вільні — на польскай тэрыторыі. На жаль, такіх прыкладаў у беларускай гісторыі нямала…

Мы ж з хваляваннем бярэм у рукі кнігу, асобнікі якой цяпер адзінкавыя. На графічна-вытанчанай вокладцы надпіс: «Я. Фарботко. Беларусь у песьнях. Менск, 1920 «. Чытаем паэтычныя радкі:

Вось Багдановiч, наш паэта,
Як зорка ясна, як камэта,
Iз Яраслаўля дзiўным зьзяньнем
Сьвяцiў нам шчырым закаханьнем
Да роднай мовы да сваей
Да запрацованых людзей.
Яго цудоўны лiрны звон
Аб славе нашых старых дзён
Нас чараваў гармоньяй дзiўнай,
Прыгожым рытмам пералiўным,
Ён нам тлумачыў бязупынна
Пякноты роднае краiны.
А сэрца хворае яго
Знайсцi спакою не магло —
Паехаў у Ялту супачыць,
Там перарвалась жыцьця нiць.

Напісана сучаснікам і сябрам Максіма Багдановіча. Гэтым і вылучыўся ў беларускай гісторыі Язэп Фарботка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?