Паміж безлічы бізнэс-цэнтраў, рэзідэнцый кіраўніка дзяржавы ды проста аднолькавых з выгляду панэлек у сталіцы Беларусі ствараюцца аб’екты, якія стануць першыя ў сваім родзе. У свой час такімі «піянерамі» станавіліся першы Лядовы палац, першы падземны гандлёвы цэнтр, першая веладарожка… Час іх стварэння ўжо даўно прайшоў, і на змену ім прыйшлі іншыя навінкі.

«Наша Ніва» прапануе ТОП-5 «унікальных» будаўніцтваў для Мінска.
Удакладняем адразу, што аб’екты такога кшталту ўжо даўно не ноу-хау для суседніх сталіц. Але для беларускай сталіцы яны першыя.

1. Аквапарк

Сорамна сказаць, але ў двухмільённым Мінску дагэтуль няма ніводнага сур’ёзнага аквапарку! Яны паспелі з’явіліцца ў Гродна, Кобрыне, Жлобіне, Паставах… — а ў сталіцы яшчэ пуста. Гарадскія ўлады кормяць мінчукоў абяцанкамі год за годам, і ўсё марна. Некалькі гадоў таму было абвешчана, што аквапарк узнікне на беразе Камсамольскага возера, але і гэта праект не быў рэалізаваны.

І вось цяпер, нарэшце, будаўніцтва ідзе, хоць і са шматлікімі пераносамі даты здачы. Аквапарк ўзрастае на свабодным участку паміж

МКАДам, праспектам Пераможцаў і Драздамі. Замест замежнага інвестара будуе яго «Мінскбуд», а грошы (вядома ж, у крэдыт) даў БПС-Банк.

Галоўныя пытанні выклікае праект. Хапацца за галаву прымушае хаця б шчырая фраза архітэктара аквапарка Аляксандра Цяльцова:

«Паколькі сцены аквапарка зробяць са шкла, ёсць небяспека, што летам унутры памяшкання можа быць спякотна, а зімой халадно».
Тым не менш на псеўданавуковы эксперымент выдаткоўваецца каля $100 мільёнаў.

Апошнія прагнозы — аквапарк будзе здадзены ў 2013 годзе.

2. Хмарачос

У сталіцы даробліваюцца адразу некалькі будынкаў, вышэйшых за 100 метраў. Яны ўжо абнавілі рэкорд вышыні ў краіне, але, пакуль не здадзеныя ў эксплутацыю, не могуць лічыцца паўнавартаснымі хмарачосамі.

Самы высокі з іх — «Ветразь» на рагу вуліц Кальварыйскай, Клары Цэткін, Ціміразева і Максіма Танка. Ягоная вышыня ўжо дасягнула 100 метраў, але будаўніцтва апошніх двух-трох паверхаў нечакана замарозілі. Па непацверджанай інфармацыі, віной сталі перабоі з пастаўкамі будматэрыялаў. У канцы будоўлі «Ветразь» павінен дасягнуць 133 метраў.

Апроч яго, каля стаметровай адзнакі знаходзіцца цэнтр «Роял-Плаза» на праспекце Пераможцаў і жыллёвы комплекс на вуліцах Багдановіча і Сабліна, які вымахаў на 26 жылых паверхаў.

3. Трохузроўневая развязка

Ужо ў канцы гэтага года на скрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава павінна ўзнікнуць першая ў краіне трохузроўневая развязка. Па сумяшчальніцтву, гэта будзе самы доўгі ў горадзе пуцеправод. Яго працягласць складзе каля 460 метраў.

Першы ўзровень — ужо існуючы праспект Жукава, трэцім, самым высокім, стане праспект Дзяржынскага, які, зрэшты і будуюць зараз. Існуючае зараз кола, праз якое аўтамабілі будуць заязжаць з ніжнагя праспекта на верхні, будзе называцца другім узроўнем. Для прыгожага слова развязку часам называюць чатырохузроўневай, бо пад ёй будзе праходзіць лінія метро. Чым не дадатковая дарога?

Будаўніцтва пачалося ў чэрвені 2010 года, а скончыцца напрыканцы 2011 года.

4. Кіламетровы дом

На тым самым праспекце Дзяржынскага неўзабаве павінен узнікнуць яшчэ адзін «самы-самы» аб’ект. Гаворка вядзецца пра жылы дом, які расцягнецца больш за кіламетр, ад вуліцы Хмялеўскага амаль што да самага праспекта Жукава. Яго даўжыня перавысіць адзін кіламетр! Даволі шырокая вуліца Шчорса будзе прапушчаная ў арку дома-гіганта і пройдзе пад кватэрамі. Праект яшчэ не пачалі рэалізоўваць, але мяркуецца, што будаўніцтва пачнецца зусім хутка.

Рэкардсменам у гэтай катэгорыі пакуль што з’яўляецца жылы дом па вуліцы Маякоўскага, даўжыня якога дасягае 400 метраў. Калі ж улічваць і тыя збудаванні, якія адміністрацыйна падзеленыя на некалькі жылых дамоў, але фактычна злучаныя паміж са мной, то рэкорд складае каля 700–750 метраў. Настолькі выцягнуліся збудаванні на той жа вуліцы Маякоўскага, а таксама на Максіма Танка.

5. Гатэль для сабак

Самы недарагі, але самы арыгінальны праект у нашым хіт-парадзе. Ужо год у Мінску павольна ідзе будаўніцтва гасцініцы для жывёл. Пад будынак выдзелена пляцоўка каля гадавальніка «Фауна горада» на вуліцы Гурскага.

У новым гатэлі будзе 150 месцаў для жывёл, праўда, кошт знаходжання там катоў і сабак невызначаны. Гасцініцу плануюць пабудаваць за два гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?