Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгвор лідару міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Змітру Дашкевічу і актывісту гэтай арганізацыі Эдуарду Лобаву без змяненняў. Пра гэта БелаПАН паведаміла намеснік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка.
17 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе разглядалася касацыйная скарга на прыгавор Дашкевічу і Лобаву. Маладыя людзі былі затрыманыя ў Мінску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібы збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта.
24 сакавіка Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне аб’явіла суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.
Маладыя людзі сваёй віны не прызналі і абскардзілі прыгавор у касацыйным парадку.
Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Дашкевіч выказаў упэўненасць, што ўсе, хто лжыва сведчыў супраць яго, і тыя «нібы пацярпелыя», якія давалі паказанні ў судзе з суседняга пакоя (паводле афіцыйнай версіі, суд змясціў іх туды з меркаванняў бяспекі. — БелаПАН.), у будучым абавязкова будуць справядліва пакараныя.
«Усе выдатна ведаюць, што я і Лобаў даўно займаемся палітычнай дзейнасцю і нападаць на кагосьці за дзень да выбараў, „падпалу Рэйхстага“, нам было б вельмі нявыгадна», — заявіў Дашкевіч.
Лобаў падтрымаў свайго таварыша, дадаўшы, што гэта была «добра спланаваная правакацыя спецслужбаў».