Пашкоджаныя дзверы будынка КДБ ацанілі ў мільярд рублёў. Абвінавачаныя прызналі віну, але не пагаджаюцца з памерам матэрыяльнай шкоды.

Сведка Ібрагімаў, які так і не з’явіўся на працэсе, расказаў следству, што, а 23.30 16 кастрычніка чакаў транспарт на вуліцы Пушкіна ў Бабруйску і пабачыў трох чалавек. Потым у руках аднаго з іх шуганула полымя і ў бок уваходных дзвярэй будынка бабруйскага ўпраўлення КДБ нешта паляцела. Потым пачуўся гук бітага шкла, спалахнуў вялікі агонь. Іншы юнак таксама кінуў нешта запаленае. А потым усе трое пабеглі ў двары.

Гэтыя трое — Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамлотаў — затрыманыя. Іх абвінавачваюць па ч.2 арт. 339 КК — «Асабліва злоснае хуліганства». Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў турэмнага зняволення.
Судзіць хлопцаў суддзя Павел Карцінін.
Адказваючы на пытанне следчых аб мэце акцыі, адзін з абвінавачаных, Яўген Васьковіч, адказаў каротка — каб запалохаць КДБ і выказаць свой пратэст.

Пашкоджаныя дзверы пазоўнік ацаніў у мільярд рублёў. Першапачаткова матэрыяльныя страты будынка бабруйскага КДБ ацэньваліся ў 85 тысяч рублёў, але на судовым паседжанні 5 мая фігуравала ўжо лічба 1 мільярд.

Абвінавачаныя прызналі віну, але не пагаджаюцца з памерам матэрыяльнай шкоды.

Свае дзеянні яны паўтарылі ў часе следчага эксперыменту, зафіксаванага на відэа.

На відэа Васьковіч падрабязна распавядае аб этапах вырабу «кактэйля Молатава». Атрыманае рэчыва разлівалі ў бутэлькі з-пад «чарніла», рыльцы якіх затыкалі тканінай. Разліў адбываўся на 5-м бастыёне Бабруйскай крэпасці.

Суддзя зачытаў пратакол яўкі з павіннай Сырамлотава.

Было таксама паведамлена, што на флэш-дысках, вынятых у Васьковіча, сустракалася слова «падпал», а таксама тэкставы дакумент аб прынцыпах партызанскай барацьбы і вырабе выбухоўкі.
Васьковіч сказаў, што гэтыя словы можна было знайсці дзе заўгодна хоць бы ў СМІ, а дакументаў аб партызанскай барацьбе на яго тэхніцы не было.
Васьковіч прамаўляў па-беларуску. У суд ён з’явіўся ў саколцы з надпісам «Жыве Беларусь!» і бел-чырвона-белым сцягам. Васьковіч, як выглядае, перакананы праціўнік існуючай дыктатуры. Ён мае нацыянальныя і анархісцкія погляды адначасова.

Пра двух іншых фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка сам з Гродна. У Бабруйску ён вучыўся. Павал Сырамалотаў працаваў сталяром. Пракапенка адносіў сябе да анархістаў. Сырамлотаў не належаў ні да якіх арганізацый.

«Я ўжо падрыхтаваўся атрымаць як мінімум год дзесяць», — напісаў Яўген Васьковіч у сваім поўным спакою лісце ў «Нашу Ніву».

Напады на будынкі спецслужбаў, зафіксаваныя ў 2010 годзе, былі, бадай, першымі ад 1950-х гадоў.
Яны мелі, хутчэй, сімвалічны характар, але сам факт іх адлюстроўвае рост сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

* * *

18.15

У працэсе аб’яўлены перапынак да 18 мая. Адновіцца суд а 10.30.

17.51

Пракапенка мэтай акцыі назваў салідарнасць з анархістамі, якіх затрымалі ў Мінску па факце спробы падпалу амбасады Расійскай Федэрацыі.

17.30

Адказваючы на пытанне следчых аб мэце акцыі падчас эксперыменту, Васьковіч каротка адказаў — запалохаць КДБ і выказаць свой пратэст.

17.15

За некалькі гадзін да падпалу хлопцы знаходзіліся ў пад’ездзе дома, які месціўся непадалёк. Там яны пад’елі і счакалі зручнага часу. Як бачна на відэа, Васьковіч, Пракапенка і Сырамлотаў вырушылі да вуліцы Пушкіна і зайшлі за адзін з будынкаў дзе пакінулі ўсе заплечнікі і непатрэбныя рэчы. Апранулі вопратку цёмнага колеру і медычныя маскі каб закрыць твары. Пасля рушылі да будынка КДБ.

17.09

На відэа Васьковіч падрабязна распавядае, як вырабляць «кактэйль Молатава». Ён змог яго зрабіць пры наяўнасці ўсіх складнікаў за тры гадзіны за некалькі дзён да падпалу.

17.04

На відэа дэманструюцца кадры следчага эксперыменту, які меў на мэце аднавіць хаду падзей, што адбыліся ў ноч з 16 на 17 красавіка. Следчы эксперымент праводзіўся 20 студзеня 2011 года, а 12 гадзіне. На эксперыменце прысутнічала трое панятых — жыхароў Бабруйску. Здымкі дэманструюць месца сустрэчы хлопцаў у дзень падпалу; месца, дзе выраблялася выбухоўка — бастыёны Бабруйскай крэпасці. Хада падзей, высветленая падчас следчага эксперыменту, была наступнай: Васьковіч з бутэлькай гаручай сумесі падбягае да ганка будынка КДБ і спыняецца за 3 метры ад яго і камеры відэаназірання. Кідае бутэльку, але тая не далятае і разбіваецца на ганку.

У гэты час Пракапенка з другой бутэлькай падбягае да сцяны будынка КДБ і кідае «кактэйль» з мэтай патрапіць у вакно другога паверха. Бутэлька, ударыўшыся аб сцяну, разбілася. Усе гэтыя дзеянні Сырамлотаў здымаў на відэа.

Пасля спробы падпалу хлопцы разбегліся, хаваючыся ў прылеглыг дварах.

16.40

Працягнутае паседжанне. Відэа будуць дэманстраваць на звычайным ноўтбуку.

16.30

Аб’яўлены перапынак на 10 хвілін для падрыхтоўкі залы суда для прагляду відэаматэрыялаў.

16.23

Пракапенка на пытанне адваката аб стане сцен пры правядзенні следчага эксперымента адказаў, што ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў будынка КДБ не заўважыў, толькі некалькі месцаў са свежай фарбай.

16.15

Суддзя чытае пратакол яўкі з павіннай Сырамлотава. Там паведамляецца, што недзе восенню 2010 года ён сустрэўся на вуліцы з Васьковічам і Пракапенкам з якімі сябраваў ужо некалькі гадоў. Пры размове ў іх узнікла ідэя «падурэць». Атрыманае рэчыва разлівалася ў бутэлькі з-пад таннага віна, рыльцы якіх затыкаліся тканінай. На пытанні адваката Сырамлотаў адказаў, што яго затрымлівалі некалькі чалавек у масках і некалькі, магчыма, супрацоўнікаў КДБ.

16.05

Суддзя Павел Карцінін перапытаў у Васьковіча — ці гэта той фотаапарат, які знайшлі 17 студзеня пры вобшуку ў яго доме? Пракапенка сказаў, што пасля вырабу «кактэйлю Молатава» перадаў яго Васьковічу за чатыры дні да 16 красавіка.

15.53

Суддзя паведаміў што на флэш-дысках вынятых у Васьковіча сустракаліся словы «падпал», «поджог», а таксама тэчка з тэкставым дакументам аб прынцыпах партызанскай барацьбы і вырабе выбухоўкі. Васьковіч сказаў, што гэтыя словы можна было знайсці дзе заўгодна хоць бы і ў СМІ, а дакументаў аб партызанскай барацьбе на яго тэхніцы не было. Ніякага дачынення да справы яны не маюць.

15.40

Справа аб падпале бабруйскага будынка КДБ налічвае больш за 9 тамоў. Сведка Ібрагімаў, які не з’явіўся ў зале суда, папярэдне паведаміў следству што ў 23.30 16 кастрычніка чакаў транспарт на вуліцы Пушкіна ў Бабруйску, недзе праз 50 хвілін убачыў трох чалавек. Хлопцы стаялі блізка адзін да аднаго на адлегласці да яго метраў 40–50. Потым Ібрагімаў пабачыў пламя ў руках аднаго чалавека і пабачыў, як у бок уваходных дзвярэй будынка КДБ нешта паляцела. Потым пачуў гук бітага шкла і агонь. З другогага боку Ібрагімаў заўважыў, як іншы малады чалавек таксама кінуў нешта запаленае, магчыма, запальніцу ў сцяну на ўзроўні другога паверха. Потым пачуў гук як шкляная бутэлька адскочыла ад сцяны і разбілася аб тратуар. Потым усе трое пабеглі ў двор жылога дома. Усё адбылося вельмі хутка.

15.25

Пракапенка на пытанне суддзі аб папярэдніх паказаннях заявіў, што падчас следства на яго аказваўся псіхалагічны ціск. Хлопец патлумачыў што з-за ціску дазнавацеляў падпісваў усё, што яму казалі. На адным з першых падобных мерапрыемстваў адмовіўся ад дачы любых паказанняў. Дакументаў, якія б гэта пацвярджалі, суддзя ў матэрыялах справы не знайшоў.

Васьковіч прамаўляе па-беларуску. Заявіў, што вырабляў «кактэйль Молатава» ў сябе дома з Пракапенкам. Васьковіч кажа, што разліваў гаручую вадкасць у бутэлькі на «5-ым бастыёне Бабруйскай крэпасці».

15.10 Яўген Васьковіч знаходзіцца ў клетцы залы суда ў саколцы з надпісам «Жыве Беларусь!» і бел-чырвона-белым сцягам. Распачаўся допыт сведак. Сяргей Тарасік 1991 г.н., салдат тэрміновай службы расказаў, што ведае Пракапенку ад 2007 г. Тарасік заявіў, што Пракапенка распавёў яму ў Гродна на Новы год аб тым, што ён з кімсьці падпаліў будынак КДБ.

14.56

Пачаўся суд. Паседжанне было перанесенае на гадзіну пазней з-за спазнення адваката аднаго з падсудных. Судовае паседжанне аб’яўлена працягнутым. Суддзя Павел Карцінін, на просьбу аб пытанні аднаго з слухачоў у зале суда, выдаліў апошняга з залы без ніякіх тлумачэнняў. Фота- і відэаздымкі забароненыя.

У Бабруйску ў 14.00 працягнуўся суд над абвінавачанымі ў падпале будынка мясцовага КДБ. Пашкоджаныя дзверы суд ацаніў у мільярд рублёў.

Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамлотава абвінавачваюць у падпале будынка бабруйскага аддзялення КДБ (ч. 2 арт. 339 КК — «Асабліва злоснае хуліганства»). Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў турэмнага зняволення. Судзіць хлопцаў суддзя Павел Карцінін.

На першым судовым паседжанні прысутнічалі толькі сваякі абвінавачаных. Бабруйскія праваабаронцы і журналісты даведаліся пра суд толькі па сканчэнні паседжання 5 мая ад маці Васьковіча Рушанні Іванаўны. З яе слоў, на першым паседжанні былі дапытаныя сведкі.

Усе трое хлопцаў на першым судовым паседжанні прызналі сваю віну, але не згаджаюцца з памерам нанесенай матэрыяльнай шкоды.

Першапачаткова матэрыяльныя страты будынка бабруйскага КДБ былі ацэнены судом у 85 тысяч рублёў, а на судовым паседжанні 5 мая фігуравала лічба ўжо больш за 1 мільярд. Якім чынам з’явілася такая сумма, суд не тлумачыў.

Яўген Васьковіч з Бабруйску. Яго затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце хлопец завочна вучыцца на журналісцкім аддзяленні філалагічнага факультэту. Ён працуе ў недзяржаўнай газеце «Бабруйскі кур’ер». Прыхільнік стваранай партыі Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя. Удзельнік Плошчы-2010. Адсядзеў 12 сутак у СІЗА на Акрэсціна.

Пра яшчэ двух фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка з Гродна. У Бабруйску ён вучыцца. Не хавае сваёй прыхільнасці да анархісцкага руху. Павал Сырамлотаў з Бабруйску. Сябрам ніводнага моладзевага руху ці групоўкі сябе не лічыць.

Нагадаем, што невядомыя асобы ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. На ганак была кінутая бутэлька з гаручай сумессю, агонь пашкодзіў дзверы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?