Уладзімір Кумец расказвае, як адміністрацыя сфальсіфікавала заліковую ведамасць.

Уладзіміра Кумца выключылі на 5-м курсе пасля таго, як ён арганізаваў сход па вылучэнні Някляева. Фота «Народнай волі».

Уладзіміра Кумца выключылі на 5-м курсе пасля таго, як ён арганізаваў сход па вылучэнні Някляева. Фота «Народнай волі».

У залікоўцы стаіць дзявятка па англійскай мове, але ў ведамасці яна ператварылася ў трайбан. Фота «Народнай волі».

У залікоўцы стаіць дзявятка па англійскай мове, але ў ведамасці яна ператварылася ў трайбан. Фота «Народнай волі».

Студэнт марна шукаў праўды ў судах. Фота «Народнай волі».

Студэнт марна шукаў праўды ў судах. Фота «Народнай волі».

Уладзімір Кумец быў актывістам выбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Цяпер ён просіць кіраўніцтва Еўрасаюза ўнесці кіраўнікоў Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (МГЭІ) у спіс неўязных у краіны ЕС. Свой зварот ён у Дзень абаронца айчыны, 23 лютага накіраваў на Кэтрын Эштан.

«Напярэдадні выбараў, у лістападзе 2010 года, я быў незаконна выключаны з ліку студэнтаў 5-га курса Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, — гаворыцца ў лісце Кумца. — Мае апеляцыі ў Міністэрства адукацыі і Мінскі раённы суд не далі вынікаў».

Кумца адлічылі неўзабаве пасля таго, як ён арганізаваў сход жыхароў па вылучэнні Някляева на Усебеларускі народны сход.

«Ацэнка дзевяць за экзамен па англійскай мове, пастаўленая і ў заліковую кніжку, ва ўніверсітэцкай ведамасці была зменена на тройку. Больш за тое, на судовых пасяджэннях аказалася, што адміністрацыя сфальсіфікавала афіцыйную ведамасць яшчэ раз, прад’яўляючы яе суду ўжо з ацэнкай дзевяць, як і было спачатку. Пры гэтым універсітэт падрыхтаваў суду іншае абгрунтаванне майго выключэння, а менавіта пропускі заняткаў», — піша хлопец.

Былы студэнт прапаноўвае ўключыць у спіс ЕС генеральнага дырэктара інстытута Аляксандра Алпеева, рэктара Тамару Алпееву, а таксама старшыню аддзела кадраў Алену Сталярову, якія, паводле яго слоў, «кіравалі працэсам адлічэння, падмянялі ведамасці і давалі лжывыя сведчанні на судовым працэсе».

МГЭІ — гэта прыватны ўніверсітэт. Адлічэнні на пятым курсе -- крайне рэдкі выпадак у беларускіх ВНУ.

У спіс ЕС уключаны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка. Хоць ён прынцыпова не выключыў са свайго ўніверсітэта ніводнага студэнта.

«Людзі парушаюць закон і павінны панесці пакаранне», — адзначае былы студэнт у лісце Эштан.

* * *

У лістападзе Аляксандр Алпееў тлумачыў для газеты "Народная воля": "Ды за ім [Кумцом] шлейф цягнецца ад першага курса! Уявіце, што ён са 130 гадзін прапусціў 110... А з выкладчыкам выйшла так: выкладчык узяў і зрабіў такое, дарэчы, ён ужо мной пакараны строгай вымовай. Пакараў яго за тое, што ён у ведамасць паставіў 3 балы, а ў залікоўку паставіў 9. Ён патлумачыў гэты тым, што памыліўся. Ну, каб не было больш такіх памылак, я яму вымову строгую і папярэджанне... Што да хлопца, то я займаю прынцыповую пазыцыю. Ведаеце, я свайго роднага пляменніка адлічыў. Я яму сказаў: "Ніводнай гадзіны пропускаў". Таксама Алпееў тады наракаў на ціск з боку сяброў Кумца: "Учора яны прыйшлі, хуліганы. Яны пачалі абражаць жанчыну, кіраўніцу ўпраўлення, метадыста. З ім прыйшлі два сябры ініцыятыўнай групы Алег Мяцеліца і Юры Алейнік. Казалі на жанчыну: "Ты лукашэнкаўскае быдла. З-за такіх, як ты мы кепска жывем. Адарві свой зад ад крэсла і бяжы, прынясі нам загад". Гэта ж трэба? Някляеў сам быў у мяне тут. Ім жа вартаўнік казаў, каб яны не хадзілі, а яны прайшлі праз вахту. Да мяне тут без стуку ўварваліся ў кабінет. Хуліганскія элементы".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?