Яна вельмі прыгожая. Высокая, стройная, усмешлівая. Не звярнуць увагі або проста не зачапіцца позіркам немагчыма. Вось так 30 гадоў таму і Дзмітрый Бандарэнка: убачыў і… прапаў. Гэта той рэдкі выпадак, калі з першага позірку і на ўсё жыццё…


Шлюб не па схеме

Мы сустрэліся з Вольгай Бандарэнка якраз у той дзень, калі яна атрымала першы ліст ад мужа з СІЗА КДБ.

«Родная мая, прывітанне! — чытае Вольга. — Як ты? У мяне ўсё нармальна. Ёсць просьба маленькая — трэба наладзіць абмен бруднай бялізны на чыстую. Трэба да 26-га напісаць заяву, і забярэш у пятніцу, 28 студзеня. Наступным разам праз два тыдні. На 28-га чыстае прыносіць не трэба, ёсць яшчэ, што ўжо перадала…»

— А я кожны раз, калі перадаю перадачы, пішу заяву, каб забраць брудную бялізну і перадаць свежую, — тут жа каментуе яна. — А трэба, каб у нас супалі даты! І паколькі з Дзімам абсалютна ніякай сувязі няма — ні праз адваката, ні праз лісты, — брудную бялізну не аддаюць.

Памятаю, калі жонка прэс-сакратара Саннікава Дар’я Атрошчанкава атрымала брудную бялізну мужа, столькі шчасця было! Людзі з боку, напэўна, не зразумеюць гэтай радасці…

«Як будзе магчымасць, перадай, калі ласка, яшчэ шампунь і лекі — амез, кетапрафен, папазол», — чытае далей ліст. І тут жа тлумачыць:

— Значыць, страўнік (у яго язва) і ціск турбуюць.

«Цалую, трымайся. Прывітанне Юленьцы, дзеду, Тані і ўсім сябрам, Зміцер».

— І нешта рагі ў ліста адарваныя, — кажа Вольга. — Хутчэй за ўсё, ліст быў пранумараваны. Упэўненая, што муж за гэты час ужо мінімум 20 лістоў дадому напісаў. Я добра яго ведаю — калі з войска чакала, ён проста завальваў мяне лістамі. А тут уявіце — ім жа там рабіць няма чаго, толькі лісты пісаць і застаецца…

— І калі меркаваць па тым, што адвакатаў не запрашаюць на следчыя дзеянні, значыць, і допыты час не забіраюць…

— Па маёй інфармацыі, следчыя запрашаюць іх на так званыя прыватныя размовы. Кажуць, некаторыя на гэтыя прыватныя размовы ледзь не кожны дзень ходзяць. Хоць у мяне няма вестак пра тое, што Дзіма ходзіць на гэтыя сустрэчы.

— Вольга, а раскажыце, як вы з ім пазнаёміліся.

— Гэта было ў 1981 годзе. Вучыліся ў адным інстытуце — фізкультурным. Улетку нас адправілі на сельгасработы. Дзіма за мяне маладзейшы на тры гады. Яму тады было 17 гадоў — 18 спаўнялася ўвосень. А мне вось-вось 21 павінен быў стукнуць. Да таго часу я ўжо паспела пабываць замужам…

Мы перыядычна разам дзяжурылі па кухні. І ў першы дзень дзяжурства цэлы дзень размаўлялі. І ў нас настолькі з ім жыццёвае крэда супала, што нават мае знаёмыя потым казалі: «Быццам выраслі ў адной сям’і». У нас адразу ўзнікла такая агульнасць поглядаў на жыццё, на свет, наогул на ўсё. І я яму сказала: «Дзіма, мы з табой пасябруем». А ён адказаў: «Не думаю». Я нават пакрыўдзілася. Але пазней высветліла, што Дзіма па натуры інтраверт. І лічыў, што з ім можа быць нецікава і сумна. А тым больш такой дзяўчыне, як я. А я была першая прыгажуня інстытута, і яму здавалася, што ў ім ужо дакладна нічога прывабнага не знайду.

Але мы зрабіліся сябрамі. І нашы блізкія адносіны пачаліся менавіта з вялікага сяброўства. Наогул, лепшага сябра ў маім жыцці не было і няма. Ён пра мяне ведае абсалютна ўсё — нават больш, чым блізкія сяброўкі.

Ажаніліся мы ў 1984 годзе. Да гэтага ў яго была дзяўчына, а ў мяне — хлопец, з якім ён, дарэчы, быў знаёмы. Я дзялілася з Дзімам сваімі перажываннямі, пакутамі, сумневамі. Да пэўнага моманту я Дзімку ўспрымала толькі як сябра. Але, дапусцім, калі я нешта расказвала свайму хлопцу, то адчувала, што яму гэта не зусім цікава. І я думала: а вось Дзіма б зацікавіўся. Яму ўвогуле ўсё пра мяне было цікава: калі нарадзілася, якія ў мяне бацькі, ён быў знаёмы з усімі маімі сяброўкамі, таму што ўсё гэта датычыла мяне. Ну і з майго боку была такая ж увага да яго. У выніку ўсё гэта прывяло да таго, што мы ажаніліся.

Прычым у Дзімы былі вельмі акрэсленыя планы на жыццё. І жаніцьба, наколькі я ведаю, у іх дакладна не ўваходзіла. У яго была распісаная схема ў сшытку на гады наперад…

— Далёка не кожная дзяўчына здольная выклікаць такія пачуцці, што ўсе мужчынскія планы — ушчэнт…

— Гэта было каханне з першага погляду. Дзіма казаў, што нават у фізкультурны паступіў праз мяне. Ён быў харашыст, амаль выдатнік, і мог выбраць іншую ВНУ, але на прыступках Інстытута фізкультуры, куды проста прыйшоў у басейн паплаваць, убачыў мяне — я спускалася па лесвіцы. І вырашыў паступіць менавіта сюды.

Ведаеце, бывае так, што мужчына ставіць сабе нейкія забароны. Ну, напрыклад, калі ён

невысокага росту, то не звяртае ўвагу на даўганогіх прыгажуняў. Вось і я была ў Дзімы такой забароненай тэмай…

— А вы таксама закахаліся ў яго проста з першага слова?

— Доўгі час я не ведала, як да яго ставіцца. Не магу сказаць, калі мае пачуцці трансфармаваліся. Памятаю, у мяне была нейкая неразвязальная праблема, і я звярнулася да яго па дапамогу. А ён сказаў: маўляў, давай дамовімся, што калі ёсць праблема — спачатку звярніся да мяне, калі не змагу яе вырашыць, то звяртайся да каго хочаш. І ў той момант я вырашыла, што, напэўна, выйду за яго замуж.

— З ім па жыцці наогул лёгка?

— Мне — так. Хаця многія, нават яго родная сястра, кажуць, што ў яго складаны характар. Не ведаю, мне здаецца, у Дзімы выдатны характар. І пра лепшага мужа я нават і марыць не магу.

На зайздрасць сяброўкам

— У кожнай сям’і хай не адразу, але непазбежна здараюцца спрэчкі, непаразуменні…

— У нас таксама былі. Але Дзіма заўсёды першым ідзе на прымірэнне. Нават калі стоадсоткава мае рацыю. На мой погляд, так можа рабіць толькі моцны мужчына.

У мяне самой, ведаеце, не вельмі просты характар. І Дзіма кажа: «Мяне так загартаваў твой характар, што любыя цяжкасці па плячы! Усё астатняе для мяне няважна, галоўнае, каб у нас у адносінах усё было добра».

— Хачу заўважыць, што вашыя адносіны ўражваюць навакольных. Мне сын аднаго вядомага палітыка казаў: «У Бандарэнкі такія адносіны з жонкай, што хочаш-не хочаш, а пазайздросціш!»

— Мне часам нават перад сяброўкамі бывае няёмка, што ў мяне такі цудоўны муж і што ў нас з ім усё так добра. І некаторыя мае сяброўкі кажуць: усе мужыкі казлы, ёсць толькі адзін нармальны — Бандарэнка.

Дзіма не п’е, не курыць. Па хаце не вельмі нешта любіць рабіць, але я таксама «крыжыкам» не вышываю, таму спакойна да гэтага стаўлюся.

— А з боку Зміцер Бандарэнка робіць уражанне чалавека бескампраміснага, я б сказала, нават вельмі жорсткага…

— У сям’і ён зусім не такі. І я заўсёды ўсміхаюся, калі чую такое.

Нас з сяброўкай, якая даволі даўно замужам, аднойчы пасля працы сустрэў Дзіма. І я адразу пачала яму расказваць, як прайшоў дзень, хто мне тэлефанаваў, а Дзіма пра сябе казаў. І сяброўка, паглядзеўшы на нас, потым заўважыла: «Я так здзівілася… Я замужам, але ў мяне з мужам зусім іншыя адносіны…»

А мы заўсёды з ім усім дзелімся: і добрым, і кепскім. Ну, а як без гэтага?

— А вы не ўгаворвалі яго не займацца палітыкай?

— Мы з ім заўсёды глядзелі ў адзін бок. Ён казаў, што трэба быць гатовым да ўсяго. А калі б я яго ад нечага адгаворвала, тады гэта быў бы не Дзіма. Ды і я — не я.

…Чатыры гады таму мы з ім абвянчаліся. Праўда, я Дзіму спрабавала шантажаваць: маўляў, абвянчацца толькі тады, калі скінуць Лукашэнку. Але мы вернікі, а без шлюбу нельга нават да прычасця, таму вырашылі, што не будзем чакаць змены ўлады.

А ў мінулым годзе адзначылі срэбнае вяселле.

Слёзы ад цукерак

— Дарэчы, пра Лукашэнку. Як вы паставіліся да яго словаў, што тым, каго абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, не варта спадзявацца на дапамогу звонку?

— Мне здаецца, насамрэч многае залежыць ад таго, якую пазіцыю зойме Еўропа, Расія. Мы, дарэчы, збіраемся напісаць ліст Дзмітрыю Мядзведзеву.

— А як ставіцеся да ідэі пісаць лісты Лукашэнку?

— Не. Гэтая ідэя не сустрэла разумення. Прычым не толькі ў мяне.

— Вы сёння займаеце даволі актыўную пазіцыю: разам са сваякамі тых, каго таксама абвінавачваюць у масавых беспарадках, стварылі ініцыятыву «Вызваленне», сустракаецеся з дыпламатамі, робіце заявы. Хачу спытаць: адкуль толькі сілаў? Мне здаецца, калі б я трапіла ў такую сітуацыю, то толькі ляжала б і плакала суткамі…

— Мне здаецца, так лягчэй. Калі пачынаеш капацца ў сабе, уяўляць, як яму там дрэнна… Я імкнуся наогул пра гэта не думаць. І потым, акрамя Дзімы, у СІЗА КДБ знаходзіцца столькі нашых сяброў… Я шчыра за іх перажываю. І я казала маці Андрэя Саннікава, што калі б быў выбар, выпусціць Ірыну Халіп з Андрэем Саннікавым або Дзіму, то лепш хай яны выйдуць (выцірае слёзы). Таму што Даніка вельмі шкада…

— Так, Іры там вельмі няпроста. Нават нягледзячы на яе жалезны характар…

— А ўяўляеце, як было Саннікаву, калі ён даведаўся, што яе таксама пасадзілі? Ён жа думаў, што Іру на Акрэсціна павезлі і адпусцілі праз некаторы час…

— У вас таксама ёсць дзіця. Дачка такая ж моцная, як і вы?

— Як выявілася, Юлька такі баец па натуры! За гэтыя дні я сама даведалася пра яе столькі новага і добрага… І пакуль яна была ў Мінску на вакацыях, мне было значна лягчэй.

— Як я разумею, яна жыве не ў Беларусі…

— Яна вучыцца ў Польшчы.

— Воля, а вы працуеце?

— Так, я трэнер па фітнэсе.

— Не баіцеся звальнення?

— Не. У параўнанні з тым, што адбылося, гэта не самае страшнае. Мы ўжо з Юлькай абмяркоўвалі абыходныя шляхі — якую працу можна знайсці ў выпадку чаго. Так што маральна гатовыя.

— Вы яшчэ маральна і іншых падтрымліваеце.

— Я стварала ініцыятыву «Вызваленне» для таго, каб сваякі абвінавачаных маглі абаперціся адно на аднаго. Калі б Іра Халіп або Наташа Радзіна былі на волі, магчыма, я проста абапіралася б на іх і нічога не стварала. Але мне няма каму было падставіць плячо, таму давялося самой…

Калі Дзіму забралі, я ўвесь час думала: чаму ён не даў ніякіх указанняў, што рабіць, як сябе паводзіць? Калі па яго прыйшлі, ён сказаў: «Звані Радзінай!». А яе саму ў 4 раніцы забралі, да нас прыйшлі ўжо, а 6-й

— Дзверы спрабавалі зламаць або ветліва ў званок пазванілі?

— Грукалі прыстойна. Дзіма ім крыкнуў: маўляў, пачакайце, апрануся, не ламайце дзверы. Зайшлі яны спакойна, рукі не выкручвалі, ды і Дзіма ім не супраціўляўся. Цікавая дэталь: адзін з тых, хто прыйшоў па Дзіму, увесь час хаваў твар шалікам. Я да гэтага часу здзіўляюся, чаму.

— Як бацькі Дзімы ўспрынялі вестку аб тым, што іх сын у СІЗА?

— Яго мама памерла. А бацька — ён таксама баец па натуры, да ўсяго мужна ставіцца.

— Адвакат пра Дзмітрыя кажа: «Глыба».

— Так, ён як БТР…

— Воля, за гэты месяц вам часта даводзілася плакаць?

— Бывала. Часам вось журналісты на штосьці разгавораць… Ці сама расчулішся ад нейкіх момантаў… Нядаўна вось… Я вар’яцела па чырвоных цукерках «Скітлс». І адзін час іх цяжка было дастаць у Мінску. І ўсе нашы сябры прывозілі мне іх з-за мяжы.

На днях шукала Дзімаў артапедычны пояс — у яго сур’ёзныя праблемы са спінай, хацела перадаць, ды не ўзялі — і знайшла схованку, дзе ляжала некалькі ўпаковак гэтых цукерак.

Ён, мабыць, схаваў, каб мне сюрпрыз зрабіць. Вядома, расплакалася…

З асабістай справы

Зміцер Бандарэнка нарадзіўся ў 1963 годзе. Скончыў Інстытут фізкультуры. Сябра БАЖ.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба Андрэя Саннікава. Любіць жонку, дачку і радзіму. Ненавідзіць здраднікаў. Абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў каля Дома ўрада 19 снежня 2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?