Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала вязнямі сумлення 16 грамадзян Беларусі, арыштаваных у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Як паведамілі ў «Міжнароднай амністыі», вязнямі сумлення з’яўляюцца пяць кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2010: Аляксей Міхалевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і Андрэй Саннікаў.

У спіс вязняў сумлення ўключаны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» і жонка Саннікава Ірына Халіп, рэдактар газеты «Товарищ» давераная асоба Някляева Сяргей Вазняк.

«Міжнародная амністыя» таксама абвясціла вязнямі сумлення давераную асобу Някляева Аляксандра Фядуту, кіраўніка выбарчага штаба Саннікава Уладзіміра Кобеца, давераных асоб Саннікава Дзмітрыя Бандарэнку і Аляксандра Арастовіча, кіраўніка выбарчага штаба Статкевіча Сяргея Марцалева, давераную асобу экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука Анатоля Лябедзьку, кіраўніка выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца і намесніка старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» Анастасію Палажанку.

Гэтыя зняволеныя «з’яўляюцца вязнямі сумлення, якім выстаўлены сфабрыкаваныя абвінавачанні выключна ў сувязі з мірным выказваннем іх палітычных поглядаў», заявіў намеснік дырэктара праграм Еўропы і Сярэдняй Азіі «Міжнароднай амністыі» Джон Долхуісен. «Яны павінны быць неадкладна і безумоўна вызвалены, а ўсе абвінавачанні ў дачыненні да іх зняты», — падкрэсліў ён.

Паводле меркавання прадстаўніка арганізацыі, праследаванне людзей, якія ўдзельнічалі ў мірнай дэманстрацыі, і жорсткае абыходжанне з імі «паказвае абуральную непавагу да правоў чалавека з боку беларускіх улад і заслугоўвае самага рашучага асуджэння міжнароднай супольнасцю».

«Міжнародная амністыя» не знайшла ніякіх сведчанняў таго, што яны прымянілі сілу або падбухторвалі да насілля перад ці падчас дэманстрацый», — заявіў Долхуісен.

Арганізацыя адзначае, што абвінавачанні ў дачыненні да Рымашэўскага, адпушчанага пад падпіску аб нявыездзе 1 студзеня, застаюцца ў сіле. «Міжнародная амністыя» працягвае сачыць за яго справай, а таксама за справамі іншых абвінавачаных у сувязі з дэманстрацыяй 19 снежня, сярод якіх, як мяркуюць праваабаронцы, «могуць быць новыя вязні сумлення».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?