У Цэнтрвыбаркам Беларусі паступіла скарга ад кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі. Скаргу ў ЦВК перадаў увечары 22 снежня сам кандыдат у прэзідэнты.

Як паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, гэта адзіная скарга, у якой хто-небудзь з кандыдатаў у прэзідэнты просіць прызнаць цяперашнія выбары прэзідэнта несапраўднымі.

Згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў прэзідэнты могуць абскардзіць вынікі выбараў у ЦВК на працягу трох дзён пасля іх заканчэння. Адпаведную заяву кандыдат павінен прынесці ў ЦВК асабіста.

Кандыдаты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч, затрыманыя падчас акцыі 19 снежня, зараз знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ. У дачыненні да арганізатараў несанкцыянаванай акцыі распачата справа па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя Цэнтрвыбаркама кандыдат у прэзідэнты можа аспрэчыць афіцыйныя вынікі галасавання ў Вярхоўным судзе - гэта неабходна зрабіць на працягу 10 дзён пасля выбараў.

Нагадаем, па дадзеных ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 79,67% выбаршчыкаў. Андрэй Саннікаў атрымаў 2,56% галасоў, Яраслаў Раманчук - 1,97%, Рыгор Кастусёў - 1,97%, Уладзімір Някляеў - 1,77%, Аляксей Міхалевіч - 1,2%, Віталь Рымашэўскі - 1,1%, Віктар Цярэшчанка - 1,08%, Мікалай Статкевіч - 1,04%, Дзмітрый Ус - 0,48%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?