Стала вядома, якія сумы і з якіх крыніц выдаткавалі на арганізацыю праўладнага жаночага форуму ў «Мінск-Арэне» 17 верасня, піша TUT.by.

На сайце нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн з'явілася інфармацыя пра дзяржзакупкі для гэтага канцэрту. Агульная прыкладная сума — 146,5 тысячы рублёў. Крыніца фінансавання — бюджэтныя сродкі.

Гэтыя грошы прызначаліся для абслугоўвання абсталявання «Мінск-Арэны», а таксама на працу тэхнічнага дырэктара і аператара асвятляльнага абсталявання. Пры гэтым самі абсталяванне і канцэртная пляцоўка, мяркуючы па дзяржзакупках, даваліся бязвыплатна.

Заказчыкам гэтай дзяржзакупкі выступала Дзяржаўная ўстанова «Мінскканцэрт». У арганізацыі распавялі, што адказвалі за тэхнічную частку канцэрту — абсталяванне, пляцоўку на «Мінск-Арэне».

Мяркуючы па інфармацыі з дзяржзакупкі, абсталяванне, за якое адказваў Палац Рэспублікі, падавалася пад жаночы форум бязвыплатна. Паводле некаторай інфармацыі, як мінімум частку абсталявання таксама дала іншая кампанія. На абслугоўванне бязвыплатна перададзенага абсталявання вылучалася сума ў 99,6 тысячы рублёў.

На абслугоўванне бязвыплатна перададзенага абсталявання і памяшканняў «Мінск-Арэны» была закладзена сума ў 44,3 тысячы рублёў (з акругленнем).

У «Мінскканцэрце» растлумачылі, што гэтыя грошы прызначаліся ў тым ліку на аплату спажытай электраэнергіі на «Мінск-Арэне», перавозку абсталявання, аплату працы тых, хто ўсім гэтым займаўся.

Дзяржзакупка таксама меркавала аплату тэхнічнаму дырэктару (мяркуючы па ўсім, гэтую працу выконваў як фізасоба Сяргей Кабыка). Сума — 2350 рублёў. Таксама была прадугледжана аплата працы аператара асвятляльнага абсталявання (выконваў, мяркуючы па заяўцы, індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Бобель), сума — 230 рублёў.

Агульная сума па ўсіх пазіцыях — 146 тысяч 483 рублі 24 капейкі. У «Мінскканцэрце» ўдакладнілі, што гэтая сума прыкладная. Па факце выканання работы яна можа адрознівацца.

Кошт транспарту, на якім жанчын звезлі ў «Мінск-Арэну», ганарары артыстам і купля сцягоў — гэта ўсё асобныя грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0