Сёння прайшла інфармацыя, што намеснікам мэра Ялты ў анексаваным Крыме прызначаны былы старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл Загорцаў, раёнам ён кіраваў амаль 10 год — з 2011-га. У жніўні падчас лячэння былы чыноўнік запісаў відэазварот, у якім асуджае дзеянні сілавікоў, звяртаецца да высокіх чыноў, з якімі знаёмы асабіста, і просіць прабачэння ў маладога пакалення за тое, што краіна аказалася ў такой няпростай сітуацыі.

Прыводзім тэст звароту цалкам: 

«Да вас звяртаецца былы старшыня Смалявіцкага райвыканкама Загорцаў Міхаіл Гаўрылавіч. Я знаходжуся на лячэнні пасля шматлікіх аперацый. У маім жыцці былі дзве клінічныя смерці. Я баяўся цяпер толькі аднаго — памерці і не пабачыць Беларусь вольнай. Але нашы дзеці, яны зрабілі гэта. Нашы жанчыны, дзякуй ім аграмадны за ўсё.

Наша пакаленне, мы просім прабачэння ва ўсіх, што дапусцілі гэта. Былыя калегі, мэры гарадоў, старшыні, яшчэ не позна, не дапусціце болей ніякага кровапраліцця. Вы бачылі, што людзі вырашылі змяніць, мы ў гэтым перашкодзілі, але яшчэ не позна выправіцца і ісці разам з народам.

Маладыя генералы, Васільеў Саша, Шчэрбачэня Ігар, Кавальчук Саша, — вы надзелі генеральскія лампасы, я ведаў пра вас як пра выдатных мужчын-афіцэраў. Мабыць, лампасы пераціснулі вам нейкія органы. Вам не трэба выбачацца, тут выбачэнні, якія прынёс Караеў, залішнія. Вы падумайце пра Беларусь, што трэба зрабіць сапраўдным мужчынам-афіцэрам.

Спадар Караеў, вы згадалі пра сваіх дзяцей, пра сваю сям’ю. Чаму вы не памятаеце пра нашых дзяцей? Тут шмат размоў пра расійскі след. Тут складана паверыць, мы да гэтага часу не можам паверыць, што нашы беларусы могуць так здзекавацца з дзяцей і жанчын. Але калі гэта расіяне, я звяртаюся да мэраў гарадоў-пабрацімаў, дырэктараў заводаў. Так, мы былі ізаляваны, мы не бачылі і не разумелі, што адбываецца, калі мы пабачылі ў інтэрнэце — дарослыя здаровыя мужыкі рыдалі. Я ім сказаў: не пускайце сюды сваіх сыноў. Мы любім расіян, але калі яны прыйдуць, згадайце 41-45 год — устане кожны беларус, мы гэтага не дапусцім ніколі болей.

Я ганаруся сваімі дзецьмі, якія пайшлі з першага дня на барыкады, ганаруся шваграм, ганаруся ўсімі дзецьмі, якія пайшлі, не баючыся нічога. Калі можаце, даруйце нам, нашаму пакаленню, мы больш ніколі не дапусцім, каб такое паўтарылася, і наша Беларусь будзе самай прыгожай і прываблівай краінай. Дзякуй!

Я гэта зрабіў не для нейкіх цікавых падзей, гэта страшныя падзеі, у страшным сне мы не маглі ўявіць, што гэта можа адбывацца ў нашай любімай краіне.

Мы разам, мы ўсё адно пераможам — і наша краіна будзе вольнай і прыгожай, як наша любімая прырода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0