Аляксандр Лукашэнка 17 верасня. Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.by

Аляксандр Лукашэнка 17 верасня. Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.by

«Падобна да таго, што следам за прававым дэфолтам (гэта значыць немагчымасцю дзяржавы выконваць унутраныя абавязацельствы па забеспячэнні законнасці і правапарадку) Беларусь паслядоўна і ўпэўнена рухаецца да дэфолту замежнапалітычнага, — піша ў сябе ў фэйсбуку палітолаг, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

— Не спыняючыся на прамежкавых дасягненнях (накшталт жорсткага разгону пратэстаў 9-12 жніўня), улады, не без творчага падыходу і дзіўнай настойлівасці, кожны тыдзень ствараюць новыя і новыя падзеі ў гэтым кірунку — разгром… Каардынацыйнай рады, высылка палітыкаў, забарона на ўезд грамадзянам Беларусі, новыя крымінальныя справы і многае іншае (не кажучы ўжо пра шматлікія заявы А. Лукашэнкі).

Рана ці позна, такая настойлівасць павінна была даць свае вынікі. Магчыма цяперашні тыдзень стаў у гэтым сэнсе пераломным.

Вельмі жорсткая рэзалюцыя Еўрапейскага парламента (17.09), рашэнне Вярхоўнай рады Украіны (16.09), абмеркаванне Беларусі ў нямецкім парламенце (16.09), ну і сустрэча А. Лукашэнкі з У. Пуціным (14.09).

Усе падзеі нельга назваць спрыяльнымі, а на заходнім і паўднёвым кірунку гэта нагадвае сапраўдную замежнапалітычную катастрофу.

Вядома, усё гэта толькі накіды будучага падыходу да Беларусі і многае будзе залежаць ад далейшых падзей, але сітуацыя значна горшая, чым была калі-небудзь у мінулым. Не падобная ні да 2011, ні нават да 1996 гадоў — тады, па меншай меры, не было праблем з Украінай, а Расія была гатовая плаціць і плаціць шмат.

У рэзалюцыі Еўрапарламента найбольшую ўвагу СМІ прыцягвае раздзел аб санкцыях. Але найбольш цікавым падаецца іншае. Еўрапейскі парламент заклікае «замарозіць любыя сродкі, якія перадаюцца беларускаму ўраду, а таксама па праектах, якія рэалізуюцца пад кантролем дзяржавы», а таксама спыніць крэдытаванне дзеючай улады праз Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ды іншыя механізмы.

Калі гэта будзе рэалізавана на практыцы, яно пацягне цалкам рэальныя значныя фінансавыя страты — сотні мільёнаў ці нават мільярды еўра. Варта толькі ўспомніць, што яшчэ вясной урад Беларусі планаваў прыцягнуць ад ЕБРР каля 1 млрд еўра для падтрымання эканомікі ва ўмовах пандэміі. Гэта значыць суму цалкам параўнальную з памерам расійскага крэдыту. А ёсць яшчэ і бягучыя праекты.

Ёсць, акрамя іншага, у рэзалюцыі абзац і пра БелАЭС, якую ўлады плануюць запусціць у лістападзе», — адзначае Андрэй Казакевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0