Гэта ўжо 4-ы ў серыі вялікіх маршаў пратэсту ў Мінску. Папярэднія адбыліся 16, 23 і 30 жніўня.

20:15

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне соцень людзей па ўсёй краіне на сённяшнім маршы.

19:48

НН узяла каментар уладальніка кавярні, у якой невядомыя разбілі шкло ў выцягнулі некалькі чалавек. «Для мяне гэта шок, я быў не там у гэты момант, я сам з Пінска, кавярня працуе з новага года. Мы цяпер глядзім камеры, запісы, я ўжо некалькі паглядзеў, будзем думаць, што рабіць далей. Хто вінаваты? Той, хто разбіваў — пры чым тут вітрына? Калі гэта супрацоўнікі, людзі ў форме, то яны павінны за гэта і адказваць. Але там, здаецца, людзі не ў форме, але з дубінкамі, пакуль не магу сказаць, што будзем рабіць з гэтым. Людзі ўжо прапануюць дапамогу ў аднаўленні і кампенсацыі шкла», — кажа Уладзімір.

19:28

Мінскае метро аднавіла сваю працу.

19:21

19:03

Жорсткія затрыманні адбываюцца ў горадзе. Частка людзей забегла ў кавярню на праспекце Пераможцаў, а гаспадары ўстановы закрылі ўваход у яго. Сілавікі ў цывільным палкамі разбілі дзверы, выцягнулі адтуль людзей. Людзі спрабавалі заступіцца за затрыманых, але гэта толькі правакавала дадатковую агрэсію.

18:51

Здаецца, сілавікі спрабуюць зачысціць цэнтр: чытачы паведамляюць аб затрыманнях на Пераможцаў, на плошчы Свабоды і ў Грушаўцы.

18:33

Людзей, што разыходзяцца, выцеснілі з праезнай часткі праспекта Пераможцаў і праспекта Машэрава ў раёне Нямігі. Некаторых спрабавалі затрымаць.

Гэта былі людзі, што вярталіся пасля шматсотысячнай дэманстрацыі, што дайшла да Палаца Незалежнасці.

18:25

Ціхары і ввшнікі адганяюць тых хто застаўся. Ёсць затрыманні.

Таксама масавы налёт на Камсамольскі парк. Пяць аўтазакаў. Затрымліваюць тых, хто застаўся.

18:05

Сілавікі перакрылі вуліцу Леніна ў раёне гасцініцы «Еўропа».

17:59

Агромністыя шчыты ператварыліся ў арт-аб'ект, іх размалявалі. Каля Палаца засталіся пару соцень чалавек. На людзей пырскаюць газам, яны адбягаюць і потым вяртаюцца.

17:53

Ля Палаца Незалежнасці засталося некалькі сотняў чалавек. Перыядычна ў самога ачаплення хтосьці распыляе пярцовы газ, ад якога рэжа вочы і горла. Але людзі працягваюць стаяць.

17:45

Дэманстранты распісалі сістэму «Рубеж» антылукашэнкаўскімі лозунгамі, напрыклад: «Лукашэнка, сыходзь». На мужчыну ў адказ пырснулі балончыкам з газам.

17:15

Такі эпізод. Людзі адцягваюць сетку, якой агароджаны Палац Незалежнасці, і пытаюцца ў амапаўцаў: «А Саша выйдзе?» А побач дэманстранты ў парку абтрасаюць яблыні-штрыфель.

16:50

Некаторыя людзі сталі абыходзіць Палац Незалежнасці з боку Арлоўскай. Там стаіць ланцуг міліцыі, а таксама салдатаў тэрміновай службы. Многіх не пускаюць, людзі сварацца. Кагосьці пускаюць па пашпарце (хто жыве тут, асабліва з дзецьмі, а кагосьці — не).

16:45

Людзі ля Палаца Незалежнасці скандуюць: «пусці да сябе пагрэцца!», «Караева пад суд», «Нам ніхто не плаціць». Пры гэтым сілавікам адрасуюць наступныя рэплікі: «Ён збяжыць, а вас пакіне», «Здымі маску».

Некаторыя схаваліся ад дажджу пад дрэвамі, на прыпынках.

16:31

16:17

Каля стэлы пачаўся дождж, некаторыя ад Палаца Незалежнасці вяртаюцца ў цэнтр гораду, а іншыя ідуць да кардону сілавікоў. «Стаянне» там працягваецца.

На калючы дрот вакол стэлы людзі чапляюць бел-чырвона-белыя стужкі, салдаты з аўтаматамі, якія стаяць у ачапленні, ніяк на гэта не рэагуюць

16:01

На стэле салдат паставілі воддаль калючага дроту, відаць, каб выключыць кантакты з дэманстрантамі. На Палацы спорту з рэпрадуктараў расказалі, што бел-чырвона-белы сцяг нацысцкі, потым уключылі знакамітую мелодыю Шастаковіча і гімн РБ

15:59

Каля Палаца Незалежнасці людзі падышлі ўсутыч да калючага дроту і вадамётаў. Яны фатаграфуюць ўзмоцнены кардон. Сілавікі ўключылі сірэны. Інцыдэнтаў няма

15:45

У адрозненне ад мінулых акцый, гэтым разам многія пратэстоўцы не затрымліваюцца каля стэлы, а адразу ідуць да рэзідэнцыі.

15:10

Галава калоны да 15:00 апынулася ля стэлы. Мемарыял па перыметры абгароджаны і перакрыты сілавікамі, людзі прайшлі далей па праспекце Пераможцаў.

Нясуць вялікі сцяг і б’юць у барабан

14:56

Тым часам абаненты беларускіх аператараў пачалі паведамляць пра праблемы з доступам у сеціва ў мабільных аператараў.

14:55

14:52

Дэманстранты цалкам занялі вуліцу Леніна да праспекта Пераможцаў

14:50

Частка людзей з Нямігі рушыць на Леніна, частка - да стэлы

14:39

14:35

14:33

Дзве вялікія калоны пратэстоўцаў злучыліся на Нямізе. Цяпер там некалькі тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі.

14:32

Мінск. Цяпер праспект перакрыў АМАП і ўнутраныя войскі пры двух вадамётах «Драпежнік» і трох аўтамабілях «Рубеж»

14:31

Дэманстранты занялі праезную частку праспекта між Кастрычніцкай і цыркам

14:22

Скразны праезд па праспекце Незалежнасці перакрыты на Казлова. На тратуарах ад цырка да парка Чалюскінцаў — дзясяткі тысяч дэманстрантаў са сцягамі. Рухаюцца ў бок цэнтра, Нямігі

Людзі ад ГУМа ўжо пайшлі ў бок стэлы

14:21

Мінскі ГУМ закрыўся: на праспекце Незалежнасці шмат людзей у форме, сілавікі са шчытамі. Праспект перакрыты ад Янкі Купалы

14:20

У Мінску затрымалі кіраўніцу аб’яднання «Экадом» Ірыну Сухій. Падрабязнасці і акалічнасці затрымання пакуль што невядомыя.

14:17

На скрыжаванні Леніна і праспекта Незалежнасці збіраюцца людзі. Па некалькі дзясяткаў чалавек з кожнага боку скрыжавання. Праход з боку Нацыянальнага банка перакрыты, шмат АМАПаўцаў са шчытамі стаяць ланцугом.

14:15

Дзесяць БТР знаходзяцца каля Палаца Незалежнасці ў Мінску

14:07

Вялікая калона пратэстуючых на праспекце Дзяржынскага. Людзі ідуць са сцягамі, на чале калоны нясуць расцяжку з надпісам « Баста!!!», машыны сігналяць.

14:00

На плошчы Коласа многа людзей, па праспекце ідуць групамі ад усходу, на прыпынках збіраюцца.

13:53

На Незалежнасці людзей зараз не пускаюць, але выпускаюць.

13:49

Сёння сілавікі затрымліваюць людзей і імкнуцца разбіць калоны яшчэ ў мікрараёнах, адкуль людзі ідуць у цэнтр. Чытачы НН пішуць пра затрыманні ў раёне Пушкінскай. «Касманаўты» білі людзей дубінкамі і затрымалі некалькіх чалавек.

13:47

Калона дэманстрантаў рухаецца па вул. Кашавога.

13:38

Як і ў мінулую нядзелю, блакаваны і мост з Маскоўскай на плошчу Незалежнасці.

 

13:27

Перакрытая Кастрычніцкая плошча. Тое ж самае і з плошчай Перамогі і Партызанскім праспектам.

13:11

Вялікія калоны ці групы дэманстрантаў рухаюцца па Прытыцкага, Дзяржынскага, Незалежнасці, Партызанскім, Пераможцаў, Машэрава, вуліцах Кальварыйскай

13:01

На Барысаўскім тракце міліцыя ганяла невялікую групу з БЧБ сцягамі. Затрымалі мінімум адну дзяўчыну.

12:59

На праспекце Незалежнасці ў раёне ГУМа стаяць сілавікі са шчытамі. Але людзі пакуль што могуць прайсці.

12:57

Закрылі і метро Пушкінская, каля якой сабралася вялікая калона дэманстрантаў, што ідуць у бок цэнтра Мінска.

12:35

Станцыі метро Плошча Якуба Коласа, Купалаўская, Кастрычніцкая, Плошча Леніна і Плошча Перамогі зачынены

12:25

У Мінск заехалі БРДМ, яны рухаюцца ў бок Палаца Незалежнасці.

12:10

У мікрараёнах Мінска фарміруюцца першыя калоны дэманстрантаў. На фота: аўтазаводцы.

11:46

Плошча Незалежнасці ў Мінску ачэпленая, як і ў мінулую нядзелю, падземныя пераходы на яе закрытыя, гандлёвы цэнтр «Сталіца» не працуе.

Фота Сяргея Балая

Фота Сяргея Балая

Фота Сяргея Балая

Фота Сяргея Балая

11:39

На Кастрычніцкай плошчы людзі ў балаклавах расцягваюць калючы дрот.

11:20

Як і падчас двух мінулых нядзельных маршаў, у Мінску Стэла сёння ачэпленая і абнесеная калючым дротам.

У сталіцу прыехалі БТРы, а таксама вадамёты. Гандлёвы цэнтр «Замак» з раніцы зачынены «па тэхнічных прычынах».

Міліцыя заклікала не прыходзіць на акцыі пратэсту, бо будзе задзейнічана спецтэхніка міліцыі і ўнутраных войскаў, перакрыты праспекты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?