Вітушка ў паліцэйскай форме. Фота, знойдзенае Сяргеем Яршом.

Вітушка ў паліцэйскай форме. Фота, знойдзенае Сяргеем Яршом.

Калі б літаратурная прэмія Ежы Гедройця існавала дзесяць гадоў таму, яе варта было б аддаць Сяргею Яршу і Сержуку Горбіку за раман у жанры альтэрнатыўнай гісторыі «Беларускі супраціў», які быў выдадзены ў Львове ў 2006 годзе.

На 350 старонак кнігі і 700 спасылак на дакументы і ўспаміны, каля 150 спасылак прыпадае на сведчанні і дакументы, якія, на нашую думку, былі папросту сфальсіфікаваныя ў часе стварэння кнігі — мы не бяромся сцвярджаць, ці самімі аўтарамі, ці іхнымі інфармантамі, якія ў кнізе пазначаныя ініцыяламі. Яшчэ каля 50 спасылак адносяць чытача да сумнеўных сведчанняў іншага паходжання, што не пацвярджаюцца альтэрнатыўнымі крыніцамі (паведамленні эміграцыйнай прэсы, мемуары і г.д.).

Калі б у Беларусі знайшоўся ў той час хаця б адзін чалавек, які прачытаў гэтую кнігу і зрабіў яе аналіз, істэрыі вакол імя Міхала Вітушкі магло і не быць. Менавіта з гэтай кнігі і знятага паводле яе фільма «Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944—1957» пачаўся міф аб «уваскрэслым» Вітушку і арганізацыі «Чорны кот», якую ён нібыта ўзначальваў. Саму кнігу, тым часам, да сёння мала хто трымаў у руках.

Х., Г. і Н. — тры крыніцы дэзынфармацыі

150 з 700 спасылак у кнізе (20%) адносяцца да сведчанняў асобаў, якія нікому, акрамя аўтараў, не вядомыя. Каля 50 з іх скіроўваюць да паведамленняў інфарманта, пазначанага як Х. — напрыканцы кнігі ў спісе ўдзельнікаў супраціву пададзеная ягоная біяграма (с.359). Паводле яе, гэты чалавек у красавіку 1945 года дэсантаваўся ў складзе групы ў раёне Камянца і ўзначаліў партызанскі атрад «Белавежа», які дзейнічаў у Белавежскай пушчы да 1951 года, пакуль яго камандзір не адступіў на Захад, дзе жыў на час напісання кнігі. Ягоныя сведчанні, прыведзеныя ў кнізе, датуюцца лістападам 2005 — лютым 2006 года.

Аднак нямецкі паветраны дэсант у БССР у красавіку 1945 года быў ужо немагчымы. Кастусь Езавітаў, апісваючы перамовы камандзіра батальёна «Дальвіц» Усевалада Родзькі з кіраўніком «Ягдфербанд-Ост СС» Ота Скарцэні ў галоўным упраўленні войск СС у Берліне ў сакавіку 1945 года, сведчыць, што ў перакідцы «Дальвіца» паветраным шляхам было адмоўлена, бо, паводле словаў Скарцэні, у немцаў за месяц да капітуляцыі не ставала ўжо ні самалётаў, ні паліва, ні парашутаў (К.Езовитов. Воспоминания // Нёман, 1993, № 3, с. 158—159).

С.Ёрш у сваёй пазнейшай працы 2012 года пагаджаецца з меркаваннем даследчыкаў, што паветраныя дэсанты групы Скарцэні зрабіліся немагчымымі яшчэ ў лютым 1945 года (С.Ёрш. Дэсант у няпэўнасць, с.131). Якая ж загадкавая нацысцкая спецслужба магла перакінуць у БССР беларускага «партызана» у красавіку 1945 года, калі нават нацысцкі дыверсант №1 не мог такога дамагчыся? Немцам на той час было не да таго — набліжаўся штурм Берліна.

Існаванне ў Белавежскай пушчы якіх-кольвек партызанскіх атрадаў праз шэсць год пасля заканчэння вайны таксама не фіксавалася ніякімі крыніцамі. Акрамя аўтараў, што здолелі апрацаваць і апублікаваць сведчанні спадара Х. за лічаныя месяцы (кніга з'явілася ўвосень 2006 года).

Каля 25 разоў аўтары спасылаюцца на паведамленні інфарманта Г., які, паводле іх сцверджання, у гады нямецкай акупацыі служыў у баранавіцкай СД (іншых біяграфічных звестак гэтай асобы ў кнізе няма). Пераважная большасць спасылак на Г. утрымліваецца ў першых трох главах кнігі, якія прысвечаныя перыяду нямецкай акупацыі. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў пасляваенным супраціве гэтая асоба не ўдзельнічала. Ягоныя паведамленні, датаваныя восенню 2005 года, аднак, з'яўляюцца крыніцай усіх сенсацыйных звестак аб стварэнні СД беларускай падпольнай антысавецкай арганізацыі ў межах плана «Лібэн кэтхэн».

Каля трыццаці спасылак пазначаныя як сведчанні інфарманта Н., датаваныя канцом 2005 года, пераважная большасць іх утрымліваецца ў трох апошніх главах, якія ахопліваюць перыяд пасля вызвалення Беларусі ад нацыстаў. Яшчэ каля пятнаццаці спасылак адносяць да сведчанняў іншых асобаў, чые імёны таксама не называюцца.

Роля ўсіх гэтых сведчанняў аднолькавая — яны змяшчаюць ці абгрунтоўваюць усе сенсацыйныя заявы, зробленыя ў кнізе. Яшчэ адна група сумнеўных крыніцаў — каля дзесяці спасылак на манаграфію «Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі БССР. 1941—1944 гг.», якая нібыта захоўваецца ў «былым архіве ЦК КПСС у Маскве» і налічвае 8200 аркушаў (с.62). Дзіўна, аднак, што аўтары не падаюць простага архіўнага шыфру гэтай справы ў маскоўскім Цэнтры захоўвання сучаснай дакументацыі, што робіць немагчымым спраўджанне рэальнасці самога існавання гэтай крыніцы.

Міхаіл Вітушка.

Міхаіл Вітушка.

Зводная сястра Міхала Вітушкі.

Зводная сястра Міхала Вітушкі.

Дакумент аб першым шлюбе Вітушкавага бацькі, цяпер прадаецца на адным з сеціўных аўкцыёнаў.

Дакумент аб першым шлюбе Вітушкавага бацькі, цяпер прадаецца на адным з сеціўных аўкцыёнаў.

Яшчэ адна цытаваная аўтарамі крыніца, знаходжанне якой застаецца невядомым — «Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг. Курс лекций. Для служебного пользования», Масква, 1959 (с. 177 і далей). Зрэшты, вялікія сумневы выклікае таксама сапраўднасць цытаваных у рэдагаваным С.Яршом часопісе дакументаў са справы В. Гадлеўскага № 3498-б, якая нібыта захоўваецца ў ЦА ФСБ (гл. напрыклад Беларускі рэзыстанс, № 1 (6) 2009, с. 34-36, паказаньні Гірша Смоляра) і справы Іванова Віктара Сяргеевіча № 274/56-11, якая абгрунтоўвае версію аб фальсіфікацыі МДБ звестак аб гібелі Міхала Вітушкі 7.1.1945.

Ніжэй паспрабуем разгледзець асобныя спрэчныя сцверджанні аўтараў «Беларускага супраціву» і іх інфармантаў.

Заходнебеларуская рэспубліка

На с. 10—18 разглядаюцца падзеі, апісаныя аўтарамі як спроба абвяшчэння Заходнебеларускай рэспублікі (ЗБР) са сталіцай у Пінску ў верасні 1939 года. Спасылкі прыводзяцца на ўспаміны, апублікаваныя ў канадскай газеце «Беларускі голас», што ў паваенныя гады выдаваў Сяргей Хмара (Сіняк), які пазіцыянаваў сябе ўдзельнікам антынацысцкага і антыбальшавіцкага руху супраціву левага кірунку ў гады нямецкай акупацыі Беларусі. Да кола аўтараў гэтых успамінаў адносяцца меркаваныя ўдзельнікі гэтага руху Якуб Харэўскі (Новік), Язэп Таўпека, Васіль Вір, Юрка Стасевіч і іншыя. Існаванне такога руху і яго ўзброеных атрадаў, аднак, не пацвярджаецца іншымі дакументамі.

С.Хмара называе кіраўніком беларускіх паўстанцаў І.Тарасюка і падае датай яго смерці 16 верасня 1939 года. Паводле афіцыйных крыніцаў, аднак, І.Тарасюк, які быў камісарам палка ў Ленінградзе, у 1932 годзе перакінуты ў Заходнюю Беларусь і ў 1939 годзе займаў пасаду сакратара Берасцейскага акружнога камітэта КПЗБ, загінуў 23 верасня 1939 года. Сумнеўным выглядае таксама паведамленне «Беларускага голаса» аб утаямнічанні ў план паўстання ЗБР кс. Адама Станкевіча — прынамсі, ніякіх згадак аб гэтым у даволі падрабязных запісах самога ксяндза няма (А. Станкевіч. З Богам да Беларусі, с. 842—845).

Ліквідаваць пад Масквой

На с.16—17 прыведзеныя сведчанні Х. аб сустрэчы ўдзельнікаў плану абвяшчэння ЗБР з агентам абверу Генрыхам Мілерам-Яворскім, які пазней выдаў іх паплечнікаў савецкаму НКВД. Паводле сцверджання Х., з гэтай прычыны Мілер быў прысуджаны да смерці і забіты ў 1941 пад Масквой сябрам Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Якое непасрэднае дачыненне да гэтай справы магла мець БНП і чаму меркаванае забойства адбылося так далёка ад Беларусі — застаецца загадкай, як і само існаванне Мілера. Дзівіць таксама згадка Ю.Стасевіча аб беларусах — агентах абвера, якія праніклі ў атрад І.Тарасюка і «штодзённа перадавалі па рацыі ў свой штаб інфармацыю пра планы паўстанцаў» — наўрад ці такія паводзіны засталіся б незаўважанымі з боку іншых удзельнікаў атрада.

Перамовы і аперацыі

На с.21—22 са словаў колішняга супрацоўніка СД Г. паведамляецца аб сустрэчы ў 1940 годзе Вінцэнта Гадлеўскага з Стэфанам «Гротам» Равэцкім — кіраўніком польскага Związku walki zbrojnej (ZWZ) і пазнейшым галоўным камендантам АК, падчас якой В. Гадлеўскі прапанаваў польскаму ўраду ў выгнанні прызнаць незалежнасць Беларусі. Перамовы дзеяча такога маштабу, як Равэцкі, з кіраўніком малаколькаснай групы беларускіх актывістаў, якім на той момант з'яўляўся Гадлеўскі, ды яшчэ з такімі прапановамі, выглядаюць вельмі малаімавернымі.

Асноўнай крыніцай звестак пра гэтыя падзеі (с.36—50) з'яўляюцца ўспаміны кіраўніка Палескай Сечы Тараса Бульбы-Бараўца. Паводле гэтага аўтара, сілы «беларускай самааховы», якія налічвалі 5 тысяч, у жніўні 1941 года супольна з Палескай Сеччу цалкам ачысцілі ад савецкіх акружэнцаў тэрыторыю Палесся ад Берасця да Мазыра. Кіравалі гэтымі атрадамі «капітан Усевалад Родзька і яго намеснік паручнік Міхал Вітушка» (у некаторых тэкстах паваенных гадоў гэтыя асобы і іх пасады пададзеныя наадварот, гл. адпаведныя месцы ў зборніку В.Сергійчука «Тарас Бульба-Боровець», с. 588, 607).

Інфармацыя аб гэтай аперацыі не пацвярджаецца ні афіцыйнымі дакументамі, ні ўспамінамі сведкаў. Напрыклад, цалкам адсутнічаюць якія-кольвек згадкі аб падобных падзеях у дзённіку В.З.Каржа, які дзейнічаў у апісаны перыяд на захадзе Палесся (НАРБ, ф. 1440, воп. 3, с. 712). З'яўленне ва ўспамінах Бараўца згадак пра Вітушку, Родзьку і іх падначаленасць Радаславу Астроўскаму можна патлумачыць прыязнымі паваеннымі дачыненнямі між Бараўцом і БЦР на эміграцыі, у час, калі ствараліся ўспаміны.

Гадлеўскі, Іваноўскі, Аляхновіч

На с.72—74 са словаў Г. апісваецца прыняцце рашэння аб ліквідацыі В. Гадлеўскага і эпізод з паданнем Францішкам Кушалем на адрас кіраўніка СД РК «Остланд» Вальтэра Штальэкера рапарта аб антынямецкай дзейнасці В.Гадлеўскага і В.Іваноўскага, што, нібыта, было выклікана бояззю Кушаля перад разгалошаннем факту яго супрацы з НКВД (зрэшты, паводле Г., СД аб супрацоўніцтве Кушаля ўжо ведала). Пасля гэтага Ф.Кушаль, Р.Астроўскі і яшчэ два неназваныя дзеячы падпісалі пратакол «аб вызнанні злачынных дзеяў групы Гадлеўскага» і ім «было паведамлена, што В.Гадлеўскі, В.Іваноўскі і Ф.Аляхновіч будуць арыштаваныя і змешчаныя ў асобным блоку канцлагера Заксэнхаўзэн». Пазней з Берліна нібыта прыйшоў загад аб ліквідацыі гэтых дзеячоў «пад выглядам тэрактаў з боку савецкіх партызанаў». В.Гадлеўскі быў арыштаваны і забіты неадкладна, бо ўзнікла падазрэнне, што ён можа быць папярэджаны пра небяспеку.

Сумнеўнасць гэтай інфармацыі перадусім палягае ў тым, што В.Іваноўскі загінуў у снежні 1943, а Ф. Аляхновіч — у сакавіку 1944 года (то бок, адпаведна, праз год і амаль паўтара гады пасля вышэйапісаных падзеяў). Узнікае заканамернае пытанне, нашто нацыстам было так доўга трываць антынямецкую дзейнасць гэтых дзеячоў.

Класічнае фота Міхася Вітушкі.

Класічнае фота Міхася Вітушкі.

Беларуская незалежніцкая партыя

На с.75—76 са словаў Г. паведамляецца, што ў выніку забойства В.Гадлеўскага СД вымусіла лідэра БНП Усевалада Родзьку перавесці гэтую арганізацыю пад іхны кантроль. Версія пра датычнасць Гадлеўскага да БНП Родзькі выклікае даўнія дыскусіі і небеспадстаўныя пярэчанні, але яшчэ большыя сумненні выклікае гіпотэза аб першапачатковай самастойнасці БНП. Ужо на с.79—80 аўтары, апісваючы «з'езд беларускіх дзеячоў», скліканы Родзькам увесну 1943 года ў Вільні, пішуць, што месца праходжання з'езда было абранае, бо яго арганізатар «заручыўся падтрымкай мясцовага кіраўніцтва абвера», а СД нібыта чыніла ў гэтай справе перашкоды.

Аднак, з апублікаваных самім С.Яршом дакументаў і сведчанняў (паказанні Алега Стахоўскага ў агентурна-вышуковай справе Мікалая Рулінскага ў Асобым архіве Літвы, ф. К-1, в. 45, спр. 236; успаміны Віктара Сікоры (спасылка 1, 2), як і з многіх іншых крыніцаў (у тым ліку з паказанняў У.Родзькі на следстве ў 1945), вядома, што БНП, створаная афіцэрам абвера У. Родзькам улетку 1941 года, адразу ж патрапіла пад кантроль гэтай спецслужбы і падпарадкоўвалася яе падраздзяленню з нумарам палявой пошты 58779, якое размяшчалася ў Вільні, і менская СД таксама ад пачатку была ўтаямнічаная ў яе дзейнасць.

Замах на Шухевіча

На с.78—79 са словаў неназванага сведкі апісваецца арганізаваны БНП замах на Рамана Шухевіча, у якім ён быў паранены. Гэтыя звесткі не пацвярджаюцца дакументамі, а да таго ж, выглядаюць сумнеўнымі, улічваючы пазнейшыя кантакты У.Родзькі з АУН (б).

На с.83—84 паводле сведчанняў Г. паведамляецца, што ўлетку 1943 года У.Родзька накіраваў на перамовы з АУН (б) Уладзіміра Шавеля, які перад тым ляжаў у шпіталі пасля ранення, а ў выніку знік без звестак, магчыма — быў расстраляны бандэраўцамі. Можна меркаваць, што гэтая версія грунтуецца на мемуарах Я.Малецкага, які пісаў, што Шавель «быў камандантам паліцыі ў Менскай акрузе ў 1943 годзе… увосені 1943 году скрыўся на Палессі й усякія сляды па ім прапалі». Аднак Лявон Галяк, калега У.Шавеля па Віленскай беларускай гімназіі, са словаў яшчэ аднаго іх супольнага сябра Анатоля Сакалова, які апошнім бачыў Шавеля, сведчыць, што насамрэч той знік на Бярэзіншчыне ўвесну 1942 года пры іншых абставінах.

На тле такіх «складаных» дачыненняў БНП з АУН (б) не менш сумнеўна выглядае і пашыранае меркаванне, што ўвосень 1943 года дэлегаты ад БНП В.Ермаковіч і Г.Маліноўскі ўзялі ўдзел у 1-ай канферэнцыі паняволеных народаў на Ровеншчыне (с.84), якое грунтуецца на ўспамінах Дз.Касмовіча. Іншых сведчанняў аб гэтых асобах, аднак, не існуе, а іх з'яўленне ў спісах удзельнікаў канферэнцыі, імаверна, было ініцыявана ў паваенны час і прадыктавана ўдзелам у Антыбальшавіцкім блоку народаў БНП на эміграцыі і Беларускага вызвольнага фронту пад кіраўніцтвам Дз.Касмовіча.

На с.82—83 паводле словаў Х. апісваецца фармаванне немцамі ўлетку 1943 года «беларускага аддзела для правядзення карных акцыяў на ўкраінскім Палессі… Для стварэння адпаведнага настрою… у аддзел была завезеная агітацыйная літаратура АУН (б), у якой цалкам адмаўлялася беларускасць палескага рэгіёна». Гэтыя звесткі іншымі крыніцамі таксама не пацвярджаюцца, а падобныя матывацыі для перыяду нямецкай акупацыі выглядаюць абсалютна фантастычнымі і штучнымі.

Самаабарона

На с.85—86 са спасылкай на Г. апавядаецца аб арганізацыі БНП групаў сялянскай самаабароны, якія нібыта змагаліся супраць карных акцыяў нацыстаў, але СД мірылася з іх дзейнасцю, бо «існаванне падобных аддзелаў моцна абмяжоўвае магчымасці савецкіх партызанаў». Іншымі крыніцамі існаванне падобных аддзелаў не пацвярджаецца, ды й малаверагодна, што нацысцкія спецслужбы маглі заплюшчваць вочы на такую антынямецкую актыўнасць.

Ёрш сцвярджае, што гэта таксама Вітушка. Знайшоўся яшчэ адзін здымак з той жа серыі, датаваны 1.5.44, зроблены нібыта ў Гарадзеі.

Ёрш сцвярджае, што гэта таксама Вітушка. Знайшоўся яшчэ адзін здымак з той жа серыі, датаваны 1.5.44, зроблены нібыта ў Гарадзеі.

Калдычэва

На с.103—108 паводле словаў «кіраўніка спецыяльнага пададдзела паліцыі бяспекі і СД капітана Г.» апавядаецца аб стварэнні СД падпольнай сеткі «Чорны кот», якая з'яўлялася часткай плана «Лібэн кэтхен», пры ўдзеле з беларускага боку Р.Астроўскага, Б.Рагулі і У.Родзькі. Самі гэтыя дзеячы, аднак, ніколі не згадвалі пра свой удзел у падобных праектах.

«Часовы камандны пункт» беларускага супраціву, паводле сцверджання аўтараў, знаходзіўся «ва ўмацаваннях былога каманднага пункту нямецкай арміі часоў Першай сусветнай вайны каля Баранавічаў (каля трасы Берасце — Менск)». Цяжка меркаваць, што тут маецца на ўвазе, бо падобных маштабных збудаванняў у азначаным раёне ніколі не існавала. База падрыхтоўкі ўдзельнікаў меркаванага супраціву нібыта знаходзілася ў лагеры СД у Калдычэве, што таксама не знаходзіць ніякіх пацверджанняў у іншых крыніцах, дый цяжка меркаваць, што такая актыўнасць засталася б па-за ўвагай савецкіх і польскіх падпольшчыкаў і партызан, а таксама вязняў лагера. У паваенных сведчаннях супрацоўнікаў лагера, якія былі асуджаныя, гэтая інфармацыя таксама адсутнічае. Адзінай зачэпкай, якая дазваляе меркаваць, адкуль з'явілася версія пра падрыхтоўчы лагер у Калдычэве, з'яўляецца цьмяная згадка ва ўспамінах Джэка Кагана: «Калдычэва было школай падрыхтоўкi беларускiх бандытаў i таму найгоршым лагерам на Беларусi». Натуральна, гэтая фраза можа трактавацца як у простым, так і ў пераносным сэнсе.

Аўтары сцвярджаюць, што У.Родзька і Б.Рагуля былі прызначаныя «вайсковымі кансультантамі базы ў Калдычэве», што, відавочна, тлумачыцца тым, што згаданыя дзеячы па стане на вясну 1944 года насамрэч знаходзіліся непадалёк ад Калдычэва — Б.Рагуля камандаваў 68-ым паліцэйскім батальёнам у Наваградку, а У.Родзька быў камандзірам батальёна БКА ў Гарадзішчы.

«Партызаны ў Заслаўі»

Далей аўтары пералічваюць атрады «Чорнага ката», якія нібыта былі падрыхтаваныя ў калдычэўскім лагеры, кожны з якіх мусіў налічваць як мінімум 200 чалавек. Найбольш інфармацыі прыведзена аб «Асобным беларуска-ўкраінскім дыверсійным батальёне», які быў створаны ўвесну 1944 года з ініцыятывы У.Родзькі з ліку «бульбаўцаў». Успамінамі Т.Бараўца і іншымі крыніцамі, аднак, гэты факт не пацвярджаецца. Уласна беларускія батальёны, па сцверджанні аўтараў, мелі назвы «Беласток», «Віцебск», «Ліцвіны» і «Сталіца». Камандзірам батальёна «Ліцвіны» нібыта быў прызначаны Юрка Луцкевіч (які, як вядома, насамрэч аказаўся ў складзе батальёну «Дальвіц»), а камандзірам батальёна «Сталіца» — Алег Лапіцкі (пад псеўданімам «Алег Папковіч» — насамрэч пасля прыходу савецкіх войскаў ён застаўся ў Вільні і вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі).

Паводле сцверджання аўтараў, група атрада «Сталіца» колькасцю каля 50-80 чалавек дзейнічала каля вёскі Дзехнаўка ля Заслаўя да восені 1946 года і мела радыёсувязь. Цяжка ўявіць, як такая актыўнасць партызан магла заставацца незаўважанай доўгі час у непасрэднай блізасці ад Заслаўя і Менску, у мясцінах, дзе не было нават больш-менш вялікіх лясных масіваў. Агулам па ўсёй Беларусі нібыта былі адмыслова пабудаваныя для ўдзельнікаў «Чорнага ката» 15 бункераў. Пра існаванне падобных збудаванняў на сёння, аднак, нічога не вядома.

Нібыта паўстанне

На с.111—126 разглядаецца план антынацысцкага паўстання, якое, нібыта, планавалася БНП у Менску ў чэрвені 1944 года. Аўтары адзначаюць, што некаторыя сябры БНП (напрыклад, Дз.Касмовіч) наогул не згадвалі ў сваіх мемуарах аб падрыхтоўцы падобнай акцыі.

Дзіўна выглядае выснова аўтараў аб узбуйненні 68-га паліцэйскага батальёна Б.Рагулі ўвесну 1944 у выніку праведзенай мабілізацыі ў БКА, у той час як насамрэч гэты батальён не меў да БКА ніякага дачынення. Аўтары сцвярджаюць, грунтуючыся на ўспамінах Б. Рагулі, што ягоны батальён мусіў удзельнічаць у паўстанні, хаця агульнавядома, што гэтая адзінка ў азначаны час знаходзілася на Докшыччыне і брала ўдзел у антыпартызанскай акцыі. Сцверджанні Б.Рагулі, што батальён не здолеў прыбыць у Менск у выніку няўдалага збегу абставінаў, выглядаюць непераканаўча.

Агулам аўтары ацэньваюць патэнцыйную колькасць удзельнікаў паўстання ў тры тысячы чалавек, што само сабой выклікае сумненні ў яго рэальнасці. Амаль фантастычнымі выглядаюць таксама заявы аб тым, што планы У.Родзькі аб паўстанні былі вядомыя немцам, а таксама аб перамовах У.Родзькі з савецкім падполлем, якія нібыта згадваюцца ў манаграфіі «Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі БССР. 1941—1944 гг.», само існаванне якой выклікае сумневы, што намі адзначалася вышэй.

Штаб Вітушкі пад Варшавай

Паводле Х., кіраўніком штаба паўстання мусіў быць Антон Бандык, камандзір роты 13-га батальёну СД, які пазней дэзертаваў са сваім аддзелам пад Аўгустовам у ліпені 1944 года. Гэта ён, нібыта, здзейсніў таксама на загад У.Родзькі. На с.197—198 апавядаецца далейшы лёс атрада А. Бандыка. Частка атрада далучылася да АК, што пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Але, паводле Х., А. Бандык утварыў свой незалежны атрад, які дзейнічаў на Аўгустоўшчыне да 1946 году, здзейсніў у гэты перыяд больш за 70 баявых акцыяў (у тым ліку ажыццявіў напад на цягнік, вызваліўшы 350 беларусаў, якіх гвалтоўна рэпатрыявалі ў СССР), а ў 1947 «быў накіраваны на ахову галоўнага штаба беларускага партызанскага руху пад Варшаву». Каментары тут хіба залішнія. Натуральна, ніякіх дакументаў аб гэтых акцыях няма. Тым больш, складана ўявіць сабе існаванне «штаба беларускіх партызан» у 1947 годзе пад Варшавай, у ПНР, дзе дзейнічала польская партызанка, негатыўна настроеная да ідэі беларускай незалежнасці.

Зомбі-генерал

Асобны раздзел прысвечаны асвятленню версіі аўтараў аб «аперацыі прыкрыцця Міхала Вітушкі», у выніку якой замест яго дэсантаваўся ў лістападзе 1944 і быў забіты ў студзені 1945 года іншы чалавек. На с.110—111 аўтары прыпускаюць, што кіраўнік «Чорнага ката» М. Вітушка, прайшоўшы навучанне ў берлінскай школе СД, дэсантаваўся ў Беларусі ў снежні 1944 года, як сведчыць у сваіх успамінах Дз.Касмовіч. А ў ноч з 17 на 18 лістапада, паводле гіпотэзы аўтараў, дэсантаваўся афіцэр абвера Мікалай Вітушка (с. 149). Агулам, нібыта, у нямецкіх спецслужбах служылі таксама яшчэ Генрых і Пятро Вітушка. Логіка аўтараў незразумелая, бо паўстае заканамернае пытанне — нашто было ў якасці «двайніка» Вітушкі выкарыстоўваць асобу з ідэнтычным прозвішчам, калі можна было знайсці чалавека з падобнай знешнасцю і выдаць яму дакументы на імя Вітушкі? Імкненнем выдаць жаданае за сапраўднае выглядае і трактоўка згадкі Язэпа Сажыча пра «К.Вітушку» як магчымага сведчання пра існаванне «Колі Вітушкі», і іншыя пошукі аўтарамі ва ўспамінах сведкаў якіх-кольвек розначытанняў, што падмацоўвалі б іх гіпотэзу.

Аўтары прыводзяць адзіны больш-менш канкрэтны аргумент на карысць таго, што Міхал Вітушка дэсантаваўся не ў лістападзе 1944 года, а пазней — пра гэта, нібыта, распавядаў палітвязню Пятру Рашэтніку намеснік кіраўніка дэсанта 17.11.1944 Янка Гінько. Застаецца толькі дзівіцца, чаму адпаведнае сцверджанне ў кнізе не падмацаванае якой-кольвек спасылкай на яго непасрэдную крыніцу.

Як вядома, паводле афіцыйнай версіі, пасля дэсантавання 17 лістапада 1944 года пад Воранавам, Міхал Вітушка неўзабаве далучыўся да атрада партызанкі АК «Комара» і быў намеснікам камандзіра. Матэрыялы вышуковай справы Міхала Вітушкі з Асобага архіва Літвы (былы архіў КДБ ЛССР), распачатай у 1949 і скончанай у 1950, сведчаць, што чалавек, які загінуў 7 студзеня 1945 года ля Кернава, быў апазнаны партызанамі атрада, непасрэднымі сведкамі ягонай гібелі, як Міхал Вітушка, паводле фота з ягонага даваеннага савецкага пашпарта. І пашпарт сса здымкам, і сведчанні захоўваюцца ў справе (фонд К-30, воп. 1, сп. 285).

Беларусы ў гасцях у «Вервольфа»

На с.176 са словаў інфарманта Н. ідзецца пра тое, што віцэ-прэзідэнт БЦР Мікалай Шкялёнак нібыта быў камандзірам партызанскага атрада, які «з пачаткам савецкага наступу на Берлін… знаходзіўся на адной з тайных базаў «Вервольфа», а «ў другой палове чэрвеня 1945 году накіраваўся з ваколіцаў Варшавы ў бок Белавежскай пушчы», але быў разгромлены ў раёне Гарадзеі. У апісаных абставінах перасоўванне ўзброенай групы колькасцю 30 чалавек па згаданым маршруце выглядае нерэальным, а Мікалай Шкялёнак паводле афіцыйных дадзеных быў арыштаваны савецкімі органамі дзяржбяспекі і расстраляны ў 1945 годзе.

Георгі і Юрка

На с.183 згадваецца кіраўнік галіны «Беларусь-Поўдзень» «Чорнага ката» Георгі Луцкевіч. Варта звярнуць увагу, што ў вядомым рапарце Ф.Кушаля, напісаным паводле справаздачы агента Антона Дуды, таксама згадваецца як кіраўнік «Палескай групы» Георгі Луцкевіч (у расійскамоўным арыгінале так названы Юрка Луцкевіч). Рапарт, як прызнаюць аўтары, быў сфальсіфікаваны, але, на іх думку, у ім «фігуруюць рэальныя асобы… псеўданімы якіх і абшар дзеяння ведалі толькі адзінкі» — адсюль аўтары робяць выснову, што частка звестак у паказаннях Дуды адпавядае праўдзе. На наш погляд, аднак, у рапарце названыя агульнавядомыя асобы, пра якіх Кушаль ведаў, што яны ў 1944—1945 трапілі ў Беларусь (Ю.Луцкевіч, А.Бандык, Г.Багдановіч), што дазволіла яму цалкам сфальсіфікаваць тэкст рапарта і «справаздачы» А.Дуды, які ў рэчаіснасці не бачыў нікога са згаданых асобаў (калі ўвогуле быў у БССР, што таксама сумнеўна). Застаецца толькі дзівіцца, чаму аўтары, якім дакладна вядома, што Юрка Луцкевіч ад 1945 года знаходзіўся ў зняволенні, «прызначылі» яго кіраўніком партызанкі. Зрэшты, мо тут мы таксама маем справу з «аперацыяй прыкрыцця» — у такім выпадку нашыя прэтэнзіі надуманыя.

У кароткім біяграфічным даведніку напрыканцы кнігі можна пабачыць біяграмы і Георгія Луцкевіча, і Юркі Луцкевіча, але ніякіх звестак, што адзін з іх быў «двайніком» другога, аўтары не падаюць. Магчыма, гэтае сенсацыйнае адкрыццё яшчэ наперадзе, і нашая заўвага паспрыяе доследам у гэтай справе.

Апошні балаховец

На с.189 распавядаецца абсалютна фантастычная гісторыя пра жаўнера арміі С.Булак-Балаховіча, які ў 1939 годзе разам са сваім камандзірам удзельнічаў у абароне Варшавы, потым «з невялічкай групай змагаўся на два фронты: супраць немцаў і саветаў», а пасля далучыўся да «Чорнага ката» і прынёс з сабой захаваны ім «сцяг, на якім была вышытая «Пагоня» і надпіс «Жыве Беларусь!» Пазней гэты жаўнер па мянушцы «Балаховец» «гераічна загінуў (падарваў гранатай сябе і пяцёх супрацоўнікаў МДБ)». Мы прыводзім гэтыя цытаты адмыслова, каб чытач, незнаёмы з тэкстам працы «Беларускі супраціў», меў магчымасць атрымаць уяўленне аб стылістыцы і глыбіні фантазіі аўтараў гэтай кнігі. Адзначым толькі, што фраза «Жыве Беларусь!» у такім даслоўным выглядзе прыжылася толькі ў пазнейшыя часы і з пэўнасцю не магла выкарыстоўвацца ў часы змагання арміі Балаховіча.

С.190—197 прысвечаныя нелегальнаму друку. Па сцверджанні аўтараў, удзельнікі «Чорнага ката» выдавалі каля дзясятку перыядычных выданняў і яшчэ мноства іншых брашураў і ўлётак, пры гэтым спасылаюцца яны на паведамленні эміграцыйнай прэсы. Лішне казаць, што ніводнага асобніка гэтых выданняў не выяўлена, а статыстыка друкаваных выданняў (693 з 810 выяўленых за 1945—1950 гг.), якую прыводзяць аўтары паводле неіснуючай крыніцы («Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг. Курс лекций») не адпавядае суадносінам колькасці рознанацыянальных антысавецкіх арганізацый у БССР за азначаны перыяд, сярод якіх беларускія складалі меншасць.

Партызанскі фоташоп

Асобна варта звярнуць увагу на сціплы ілюстрацыйны матэрыял кнігі, дзе прадстаўленыя, між іншага, выявы вокладак партызанскіх выданняў «Як нашкодзіць ворагу» і «За што змагаюцца беларускія партызаны», а таксама вокладкі выдання «Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг. Курс лекций» і даклада ў спецыяльную камiсiю Кангрэса ЗША пра дзейнасць арганiзацыi «Чорны Кот» (!). Знешнія асаблівасці гэтых выяваў нагадваюць сумнавядомы выпадак фальсіфікацыі гэтымі ж аўтарамі выяваў выданняў «падпольнай БАПЦ», якія, як відаць нават няўзброеным вокам, былі выкананыя з выкарыстаннем сучасных фактураў, шрыфтоў і выяваў, з дапамогай адпаведнага графічнага рэдактара (гл. «Беларускі рэзыстанс № 1(5), 2008, с. 77—99).

Партызанскія атрады штурмавалі гарады

На с.226 са спасылкай на інфарманта Н. апісваюцца сумесныя напады «Чорнага ката» і ўкраінскіх «бульбаўцаў» на Кобрын і Гайнаўку ў 1946—1947 гг. і на Наваградак 25 сакавіка 1948 года. Пасля апошняй аперацыі, здзейсненай сіламі 130—170 чалавек, савецкія самалёты, нібыта, бамбардавалі Налібоцкую пушчу. На жаль, пра гэтыя падзеі, якія «здарыліся» 68 год таму, не памятае ніводзін жыхар Наваградка, Кобрына і Гайнаўкі, няма пра іх сведчанняў і ў архівах.

Да гэткіх жа фантастычных варта аднесці звесткі (с.227—228) пра напад «Чорнага ката» на аўтакалону на 38 км трасы Пінск — Менск 24 лютага 1946 года, якія ўзятыя аўтарамі з міфічнага выдання «Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг. Курс лекций». Аналагічныя акцыі па вызваленні вязняў былі нібыта здзейсненыя «Чорным катом» пад Маладзечнам (1949) і нават Магілёвам (1946).

Ад Дняпра да Балтыйскага мора

На с.199—210 апісваецца беларуская падпольная партызанка пад кіраўніцтвам «Вітаўта», якая нібыта дзейнічала ў ЛітССР на Віленшчыне. На с.230 са спасылкай на інфарманта Н. аўтары сцвярджаюць, што «Чорны кот» дзейнічаў таксама ў Калінінградскай вобласці РСФСР, дзе ў 1949—1951 гг. (!) здзейсніў чатыры паспяховыя дыверсіі. А напачатку 1950-х «Чорнаму кату» ўдалося захапіць на Палессі сакрэтнае абсталяванне для атамнага бамбардавання. Ваяваў «Чорны кот» у 1946—1948 нават супраць Дняпроўскай флатыліі. Няўдалы напад на сістэму ўрадавай сувязі на «Лініі Сталіна» ў 1948 годзе, які меў кодавую назву «Сталін», зрабіўся, як высвятляецца, прычынай чутак аб замаху «Чорнага ката» на кіраўніка савецкай дзяржавы (с.233). А вось замах на Хрушчова ў 1957 годзе «Чорны кот» насамрэч ладзіў (с.235—238). Безумоўна, быў звязаны з М. Вітушкам і апошні беларускі партызан Аўген Жыхар, які загінуў на Пастаўшчыне ў 1955 годзе. Усе гэтыя сцверджанні хутчэй нагадваюць фабулу рамана ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі, бо не могуць быць пацверджаныя ніякімі крыніцамі, а абвяргаюцца элементарнай логікай, пры наяўнасці мінімальнага ўяўлення аб рэаліях тых гадоў.

Кіно і немцы

Да цалкам фантастычных і выдуманых варта аднесці раздзел аб справах «падпольнай БАПЦ» (с.248—250), як і наступныя два — аб дачыненнях «Чорнага ката» з украінскімі «бульбаўцамі» і бандэраўскай УПА. Сапраўднай перлінай прыгожага пісьменства выглядае раздзел «Чорны кот нясе страты» (с.255—258), дзе ўзровень фантазіі аўтараў зашкаліў канчаткова. Тут апісваюцца два выпадкі спалення жыўцом праз МДБ у 1948 годзе пад Псковам і Роўнам акружаных беларускіх партызанаў, якія, натуральна, адстрэльваліся да апошняга, у другім выпадку яшчэ і паспеўшы перад смерцю ўзняць бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сцягі. Гэтая фантазія, паводле сцверджання аўтараў, знаходзіць пацверджанне ў кнізе «Оперативные операции МГБ БССР против политического бандитизма в 1944—1950 гг.», якой, як мы ўжо адзначалі вышэй, ніхто, акрамя аўтараў, не бачыў.

Між іншым, аддзел вядомага Рамуальда Райса «Бурага» быў разгромлены таксама з удзелам беларускіх партызанаў, аб чым сведчыў у 1977 годзе ў газеце «Беларускі голас» І.Перагуд. Натуральна, што з партызанамі «Чорнага ката» кантактаваў і Янка Філістовіч (с.299). Да цалкам прыдуманых аўтарамі (пры ўскосным выкарыстанні аднаго даставернага дакумента) варта аднесці таксама раздзел «Загадка братоў Семяновічаў», паводле якога, нібыта, адзін з удзельнікаў малаколькаснай падпольнай групы ў 1954 годзе дабраўся да ЗША.

Паводле сцверджання аўтараў, Міхал Вітушка тройчы наведваў Беларусь у паваенны час — у 1955, 1961 і 1974 годзе. Ён быў жанаты і меў двух дзяцей, сын Вітушкі нібыта і паведаміў аб ягонай смерці 27 красавіка 2006 года на 99-м годзе жыцця.

Сяргей Ёрш у сваім інтэрвію «Радыё Свабода» ў 2006 заявіў: «Я спадзяюся, у найбліжэйшыя год-два з'явіцца цэлы зборнік дакумэнтаў, прысвечаны беларускаму супраціву. А таксама пачнуць друкавацца кнігі ўспамінаў камандзіраў беларускага партызанскага руху, беларускіх падпольшчыкаў. І самае галоўнае — выйдуць мемуары самога Міхала Вітушкі». Абяцанага чакаюць ужо дзесяць гадоў.

Такім чынам, азнаёміўшыся з працай С.Ярша і С.Горбіка «Беларускі супраціў», можна прыйсці да высновы, што значная частка сведчанняў, на якіх грунтуюцца аўтары, былі сфальсіфікаваныя імі самімі альбо трэцімі асобамі. Перадусім сфальсіфікаваныя сведчанні тычацца доказаў існавання ў паваенны час арганізаванага беларускага антысавецкага ўзброенага руху «Чорны кот» на чале з М.Вітушкам. Магчыма, не ўсе прыведзеныя намі доказы фальсіфікацыяў выглядаюць абсалютна пераканаўча, але некаторыя фальсіфікацыі відавочныя, часам нават літаральна — у выпадку з «выяўленчымі крыніцамі». Шматлікія і сістэматычныя фальсіфікацыі, нават калі і не сведчаць наўпрост пра поўную несумленнасць аўтараў (якія, гіпатэтычна, маглі быць самі ўведзеныя ў зман), але прымушаюць, прынамсі, задумацца аб іх кампетэнтнасці.

У кожным выпадку, кніга «Беларускі супраціў», на жаль, зрабілася першапрычынай беспадстаўнай гераізацыі Міхала Вітушкі. 

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?