Кіраўнік польскага МЗС Вітольд Вашчыкоўскі паведаміў, што міністэрства не перастане фінансаваць тэлеканал «Белсат», аднак аб'ёмы падтрымкі стануць меншымі. Пра гэта Вашчыкоўскі заявіў у інтэрв'ю газеце Rzeczpospolita.

«Я не маю нічога агульнага з «Белсатам», акрамя таго, што я адзін з іх донараў. Мы працягнем падтрымку. Яна будзе меншай, але дастатковай для таго, каб выжыць», — сказаў міністр.

Па словах кіраўніка ведамства, палякі, якія жывуць у Беларусі, просяць трансляваць TVP Polonia і TVP «Культура», а не «Белсат».

«У нас ёсць вельмі супярэчлівыя звесткі пра ўплыў тэлеканала «Белсат» на беларускае грамадства. Падтрымка грамадзянскай супольнасці можа ажыццяўляцца па-іншаму і больш эфектыўна», — сказаў ён.

Аб магчымым скарачэнні фінансавання польскім МЗС тэлеканала «Белсат» ад 17 да 5 млн злотых паведамілі ў канцы мінулага года. Па словах дырэктара тэлеканала, гэта б прывяло да знішчэння тэлеканала. Беларуская грамадзянская супольнасць і дзеячы культуры, у тым ліку нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, выступілі ў падтрымку «Белсату». У сацыяльных сетках запусцілі хэштэг #белсатжыві. У Мінску прайшла акцыя апазіцыі з заклікам да беларускіх уладаў узяць фінансаванне тэлеканала на сябе. 5 студзеня прэм'ер-міністр Польшчы Бэата Шыдла запэўніла дырэктара тэлеканала, што яму нічога не пагражае і фінансаванне будзе працягнута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?