Журналіст не валодае манаполіяй на праўду і не мае права спекуляваць фактамі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Беларускага саюза журналістаў, прынятай сёння на пасяджэнні сакратарыята БСЖ пры разглядзе пытання асвятлення ў СМІ тэмы дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», паведамляе БелТА.

Беларускі саюз журналістаў заклікае калег прытрымлівацца асноватворных прынцыпаў журналістыкі пры асвятленні тэм, што закранаюць інтарэсы розных бакоў і палітычных груп. Як гаворыцца ў заяве, «аналіз медыйнага поля ў кантэксце асвятлення дэкрэта паказаў, што фактычна асобныя прадстаўнікі медыйнай сферы адкрыта занялі бок так званай пазасістэмнай апазіцыі. Пры гэтым, прыкрываючыся прынцыпамі свабоды слова, сталі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстных акцый. У некаторых СМІ была скажоная галоўная ідэя дэкрэта — ухіленне сацыяльнага ўтрыманства».

Акрамя таго, БСЖ звяртае ўвагу на асаблівую актыўнасць асобных замежных інтэрнэт-рэсурсаў і замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, але імкнуцца навязаць беларускаму грамадству свой пункт гледжання на грамадска-палітычныя і сацыяльныя працэсы ў краіне.

У заяве выказваецца перакананасць, што нацыянальная інфармацыйная прастора павінна кансалідаваць грамадства на рашэнне актуальных праблем, утрымліваецца заклік аб захаванні нормаў журналісцкай этыкі пры асвятленні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0