Орша: відэа ўжывую

Такога масавага выступу тут не было з 1991 года. На цэнтральную плошчу тут выйшла да 1000 чалавек. Яны прайшлі шэсцем да будынку выканкама. Пратэстоўцаў узначаліў старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Бабруйск: відэа ўжывую

У Бабруйску на Плошчу сёння выйшла 700—800 чалавек. Гэта менш, чым два тыдні таму. Акцыі папярэднічалі ператрусы і затрыманні актывістаў апазіцыі і прафсаюзаў.

Усё адбывалася даволі стыхійна. У цэнтры быў адзін малы мегафон, але з яго чуваць было недалёка.

Людзі былі настроеныя радыкальна, агрэсіўна, але акцыя прайшла спакойна. 

Ніякіх прарасійскіх лозунгаў не было. Затое людзі масава выказваліся за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, які давёў краіну да цяперашняй сітуацыі.

Большасць удзельнікаў складалі пенсіянеры.

Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Баста!» і «Не дэкрэту нумар тры, Лукашэнка, ухадзі!»

Запіс відэаанлайна з Бабруйска глядзіце тут:

Калі ласка, сачыце за анлайнам з Рагачова тут: Рагачоў: на плошчы каля 300 чалавек

У Беларусі акцыі пратэсту пачаліся 17 лютага, калі ў цэнтры Мінска адбылася шматтысячная дэманстрацыя супраць дэкрэта №3: людзі патрабавалі адмены г.зв. падатку на дармаедства. Потым акцыі распаўсюдзіліся на іншыя гарады.

9 сакавіка Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэта на год і выступіў з пагрозамі на адрас арганізатараў акцый. Нягледзячы на гэта ў Маладзечне і Пінску, 10 і 11 сакавіка, сотні людзей усё роўна выйшлі на плошчы. Яны патрабуюць не толькі поўнай адмены дэкрэта №3, але і пратэстуюць супраць нізкіх заробкаў, адсутнасці працы, росту цэнаў, пагаршэння эканамічнай сітуацыі, усё часцей чуюцца заклікі: «Лукашэнка, сыходзь!», патрабаванні свабодных выбараў.

Пасля акцыі пратэсту ў Маладзечне былі жорстка затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч. Яны выйдуць на свабоду толькі вечарам 25 сакавіка, пасля таго як скончыцца анансаваная традыцыйная акцыя на Дзень Волі.

Усяго ў Маладзечне былі затрыманыя больш дзясятка чалавек. Пратэсты ў Пінску скончыліся без затрыманняў, затое там дэманстранты адбілі ў асоб у цывільным блогера, якога спрабавалі затрымаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?