Карэспандэнты «НН» вядуць відэаанлайн з Пінска:

Будынак выканкама ў Пінску агарадзілі парэпаным металічным парканам. Сёння а 12-й на цэнтральнай плошчы чакаецца народны сход.

У лютым-сакавіку аналагічныя акцыі пракаціліся па гарадах Беларусі.

Напярэдадні Лукашэнка, фактычна, прыпыніў дзеянне дэкрэта №3 на год. Але апазіцыя патрабуюць поўнай адмены дэкрэта. Учора ўвечары сотні людзей маніфеставалі ў Маладзечне. Настрой людзей быў такі: прыпынення дэкрэта мала, яго трэба адмяняць, і ўвогуле патрэбныя новыя, свабодныя выбары.

У Пінску, як і ў Маладзечне дазволу на мітынг ніхто не прасіў, акцыя пройдзе ў форме народнага сходу.

Каб абезгаловіць пратэст, напярэдадні быў затрыманы і асуджаны на 5 сутак арышту фермер з Бярозы Аляксандр Кабанаў — фармальна, за арганізацыю пратэстаў у Брэсце. За краты адправілі і берасцейскіх анархістаў, што ўсталі на чале дэманстрацыі ў горадзе над Бугам 5 сакавіка.

У нядзелю аналагічныя народныя сходы маюць прайсці ў Бабруйску (12:00), Оршы (13:00) і Рагачове (16:00). 15 сакавіка запланаваны Марш недармаедаў у Мінску. Мінгарвыканкам даў дазвол на шэсце, але адправіў па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да Бангалор. Арганізатары заявілі, што будуць прымаць рашэнне непасрэдна на месцы. А 25 сакавіка ў Мінску адбудзецца традыцыйны Дзень Волі.

Гэтыя выступы адбываюцца на фоне глыбокага эканамічнага крызісу. ВУП краіны ўпаў на 6,6% за два мінулыя гады. Рэальныя даходы насельніцтва — на 7% за апошні год. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што гэта часовыя цяжкасці, выкліканыя сусветнай каньюнктурай, і захоўвае ранейшы палітычны і эканамічны курс.

Апазіцыя, пазбаўленая права голасу ў афіцыйных СМІ і не дапушчаная ў органы ўлады, падтрымала стыхійныя выступы, што праходзяць пад лозунгамі «Баста!» і «Мы не дармаеды».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?