Польскі прафесар-славіст Тэлесфар Позняк, які нарадзіўся ў Заходняй Беларусі пад Вілейкай, расказвае пра дзяцінства пры Польшчы, прыход Саветаў і нямецкую акупацыю.

— Я нарадзіўся 28 лістапада 1932 у засценку (на хутары) Трапалава, што паміж Вілейкай і Куранцом, насупраць вёскі Івонцавічы. Мая маці Марыя Глэмбоцкая народжаная ў 1913 у Трапалаве. Бацька Станіслаў нарадзіўся ў 1906 у засценку Даманова, што паміж Вілейкай і Маладзечнам. Пабраўшыся ў 1932, пачалі жыць у Трапалаве. Бацькі мае працавалі на сваёй гаспадарцы: у іх было каля 10 гектараў зямлі.

Наш засценак быў польска-каталіцкім. Гаспадарылі тут добрыя шляхцічы ад ХVІІ стагоддзя — Глэмбоцкія, Голубы, Гералты ды, крыху пазней, Сілівановічы, Познякі… Жылі ў Трапалаве і праваслаўныя сяляне: Валынцы, Жукаўні, Гулецкія….

«НН»: Вашы продкі — палякі. Калі і адкуль яны з’явіліся на землях ВКЛ?

— Першы вядомы мне прапрадзед з бацькавага боку — Шымон Позняк, які ў ХVІІ ст. жыў каля Ашмян. У 1690 запісана таксама прозвішча майго дзеда з матчынага боку — Ян Глэмбоцкі, уладальнік невялікага фальварка ў засценку Трапалава. На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага мае продкі прыехалі, хутчэй за ўсё, у ХVІ ст. пасля Люблінскай уніі — з Мазовіі і Падляшша, — калі можна было ўжо купляць літоўскую зямлю.

«НН»: Вы паспелі пайсці яшчэ ў польскую школу?

— У школу я пачаў хадзіць увосень 1940 ужо пры Саветах, у вёску Івонцавічы.

Настаўнік пачатковых класаў па прозвішчы Пястун быў прысланы з Усходняй Беларусі. Па-беларуску зусім не гаварыў. У першым класе я доўга не мог зразумець па-руску загады таго настаўніка кшталту «подведі черту» (думаў, што ён чамусьці лаецца). Ён загадваў вучыць савецкія песні «Шірока страна моя родная», «Утро красіт нежным светом стены древнего Кремля», «Будут помніть вечно самураі тіхій ветер у озера Хасан»… 22 чэрвеня 1941 ён кудысьці ўцёк.

З восені 1941 па 1942 я хадзіў у 2-гі клас пачатковай школы ў Куранцы. У 1942 вярнуўся ў школу ў Івонцавічы. Пры немцах там працавала настаўніцай Яўгенія Слівінская — полька па паходжанні. Гаварыла па-беларуску амаль выдатна.

Увосень 1945 я пайшоў у 5 клас у Куранцы, але хутка перавёўся ў Вілейку. Клас быў беларускі, хаця не ўсе настаўнікі валодалі чыстай беларускай мовай.

«НН»: Вы звяртаеце ўвагу на мову настаўнікаў. Вы на якой размаўлялі?

— У хатнім і засцянковым ужытку я карыстаўся польскай, у школе і ў кантактах з вясковымі хлопцамі гаварыў па-беларуску.

«НН»: Нядаўна ў інтэрв’ю прафесар Іван Данілаў, які паходзіць з Драгічынскага раёна, расказаў пра тое, што за Польшчай слова «Беларусь» неведаў нават. Як на Вілейшчыне сябе называлі мясцовыя жыхары — непалякі?

— Да 17 верасня 1939 часцей было чуваць словы «тутэйшы» альбо «рускі-праваслаўны». Слова «беларус» функцыянавала ў беларускай публіцыстыцы, капэзэбоўскім асяроддзі, сярод паслоў польскага Сойму (грамадоўцы). Пасля 17 верасня — у савецкіх газетах, школах, офісах… Пры немцах — усюды: у школах, войску, паліцыі, урадавых установах, газетах.

«НН»: Як беларусы ставіліся да засцянкоўцаў? Пры Польшчыўсё-такі засцянковыя палякі былі ў прывілеяваным становішчы.

— У Трапалаве ніякіх канфліктаў з беларускімі суседзямі не было. Мы дапамагалі адзін аднаму ці то па гаспадарцы, ці то ў сямейных справах. Маю бабулю Клару Глэмбоцкую, каталічку, часта прасіў праваслаўны сусед-беларус Гулецкі ў хросныя ў Куранецкую царкву. Бабуля ніколі не адмаўляла. Калі ў 1938 памёр мой дзед Юзаф Глэмбоцкі, у яго пахаванні на могілках у Гарадзішчы дапамагаў сын гэтага Гулецкага Пеця — 19-гадовы юнак. Нідзе не сустракаўся з варожым стаўленнем з боку беларусаў.

Некаторыя засцянкоўцы-каталікі жаніліся з праваслаўнымі («рускімі») дзяўчатамі, часам засцянковыя паненкі выходзілі замуж за беларусаў. Як мая цётка Зоф’я Позняк з засценка Даманава выйшла замуж за Рыгора Лазара з вёскі Капішча. А пасля яго заўчаснай смерці яна выйшла за Юльяна Лабачэўскага з таго ж Капішча. Бядак згарэў: яго параненага кінулі ў агонь нямецкія карнікі вясной 1944.

Выключэннем быў выпадак, калі Паўлюк Жукавень, Спірыдонаў сын, пайшоў у паліцаі. Хадзіў п’яны ў чорнай форме з вінтоўкай па Трапалаве і палохаў маіх бацькоў, што данясе немцам, як яны ратавалі куранецкіх яўрэяў. Улетку 1944 яго пакаралі смерцю партызаны.

«Савецкія чаравікі адразу папсаваліся»

«НН»: Памятаеце прыход Саветаў у 1939-м?

— Так. Яны ўвосень 1939 прыйшлі чамусьці ў Трапалава, зазірнулі і да нас — кагосьці шукалі. Доўга гаварылі з бацькам. Памятаю, сядзелі за сталом у шапках-будзёнаўках з вялікімі чырвонымі зоркамі, у доўгіх шынялях, у руках трымалі вінтоўкі. Курылі самакруткі.

«НН»: Вілейку тады зрабілі абласным цэнтрам. Максім Танк, які тут працаваў акурат у 19391940, хваліў новы выгляд горада. Якім Вы памятаеце Вілейку 1930-х?

— У Вілейцы ў гэты час жыў і працаваў не толькі Максім Танк, а і Наталля Арсеннева. Пасля 17 верасня 1939 там апынуліся некаторыя мастакі і пісьменнікі, якія жылі раней у Вільні. Мастак Уладзіслаў Страмінскі, пісьменнік-калумніст Ежы Путрамант (сябра Максіма Танка, між іншым). Путраманту, дарэчы, горад не спадабаўся, пра што ён пісаў.

У Вілейку ў 1940 я хадзіў не адзін, а з маці ці бацькам. У парку стаялі гіпсавыя скульптуры Леніна і Сталіна. На ўваходзе ў парк вісеў на старых бярозах вялізны партрэт Сталіна.

Помнік Сталіну ў Вілейцы, 1950-я, фота vialejka.info.

Помнік Сталіну ў Вілейцы, 1950-я, фота vialejka.info.

«НН»: У кнізе «Імперыя» Рышарда Капусціньскага, які нарадзіўся ў Пінску ў адзін год з Вамі, прачытаў такі ўспамін з 1939/40. Дзеці даведаліся, што ў краме будуць прадаваць цукеркі. Сталі ў чаргу. Давялося прастаяць да раніцы — усю зімовую ноч. А калі краму адчынілі, жанчыны прадавалі пустыя пушкі з-пад ледзянцоў. На сценках пушак заставаўся салодкі асадак. І дзеці налівалі ў іх кіпень, а затым пілі. Мяне гэты ўспамін моцна ўразіў. Няўжо пасля прыходу Саветаў адразу стала так кепска?

— Цукеркі, помніцца, былі яшчэ ў 1939—40, польскія. Але іх было цяжка дастаць… У сялян, хлебаробаў, харчоў хапала, каб неяк пражыць. У калгасы ў 1939—41 і 1944—45 нас яшчэ не гналі. Але былі абавязковыя пастаўкі збожжа, мяса, малака. Мужчынам трэба было яшчэ працаваць у лесе: была абавязковая норма кубаметраў нарыхтоўкі драўніны — пад пагрозай арышту за сабатаж.

Бацька купіў мне савецкія чаравікі, але яны адразу папсаваліся: пацяклі, адарвалася падэшва. Бацька купіў нават савецкі ровар. Ён таксама хутка зламаўся, а запчастак да яго нідзе не было. Нехта ў Трапалаве дастаў савецкі патэфон і кружэлкі з савецкімі рэвалюцыйнымі песнямі. Але ж не хапала іголак да гэтага патэфона. Затое было шмат улётак, лозунгаў, чырвоных сцяжкоў, газет, мітынгаў…

«НН»: Яшчэ адзін успамін з Капусцінскага. «Нашы суседкі бралі пярсцёнкі ці футра і ехалі ў найбліжэйшыя вёскі, каб купіць муку, сала альбо птушку. Аднак здаралася так, што ў той час, калі тыя жанчыны былі за горадам, да іх дамоў прыходзіла НКВД і забірала дзяцей да эшалонаў». З вёскай зразумела ўжо. А рэпрэсіі?

— Мы баяліся высылкі ў Сібір. Мая мама сушыла хлеб. Пасля 17 верасня 1939 нас ад высылкі ўратаваў старшыня Івонцаўскага сельсавета, Дзям’ян Жукавень (Вількота). А майго дзядзьку з вёскі Располле выслалі за Урал з усёй сям’ёй — са старой маці і цяжарнай жонкай. Старая і немаўля там і памерлі ад голаду і холаду.

У Іллі лесніком працаваў сваяк майго бацькі Ян Матошка. Саветы чамусьці не вывезлі яго ў 1940-м. Немцы спалілі яго дом разам з жонкай і двума дзецьмі-школьнікамі. Ён у той момант быў у лесе (ці не ў партызанах?). Дык гэтая трагедыя не перашкодзіла, каб у 1944 ці 1945 яго саслалі ў Сібір. Вярнуўся, аднак, каб памерці на радзіме…

«Немцы пахавалі савецкіх лётчыкаў пад крыжамі»

— Нямецкую акупацыю ўспамінаю з жахам, зрэшты, як і ўсю вайну, пачынаючы з 1939. Вялікіх баёў каля засценка Трапалава ў чэрвені 1941 не было. Мне, васьмігадоваму хлопцу, запомніўся такі выпадак. Гарачы поўдзень, і раптам над бальшаком Вілейка—Куранец—Княгініна—Полацк пачуўся грукат самалётаў. Два нямецкія самалёты «палявалі» на савецкага «ястрабка» з чырвонымі зоркамі. Савецкі самалёт загараецца, ляціць уніз і ўразаецца ў старую бярозу. Я бягу праз поле і чыгунку ў накірунку Зімодраў, Снежкава, Гарадзішча. Гасцінец запоўнены нямецкімі грузавікамі, у іх — загарэлыя салдаты. Яны маладыя, вясёлыя. Каля гасцінца ляжыць каркас савецкага самалёта. Яго часткі раскіданыя. Рухавік ляжыць непадалёк ад хаты Мітрафана Гулецкага. Парэшткі двух лётчыкаў адразу хаваюць каля шашы. На магіле немцы ставяць бярозавы крыж, на яго вешаюць кавалак фюзеляжа і на дошчачцы пішуць нешта кшталту «Тутака ляжаць рускія салдаты». Пасля, калі немцы праехалі на ўсход, людзі пачалі ламаць алюмініевыя крылы, плавіць гэтыя кавалкі і рабіць з іх лыжкі, місы… Магіла лётчыкаў, здаецца, не захавалася.

На месцы, дзе разбіўся савецкі самалёт, у наш час паставілі памятны знак. Фота Сяргея Макарэвіча.

На месцы, дзе разбіўся савецкі самалёт, у наш час паставілі памятны знак. Фота Сяргея Макарэвіча.

«НН»: «НН»: Гадоў дзесяць таму краязнавец Анатоль Рогач гісторыю з гэтым падбітым самалётам раскрыў. І на месцы смерці лётчыкаў паставілі памятны знак. Але вядома імя толькі камандзіра экіпажа — Васілій Панін. Цікавую дэталь Вы прыводзіце: немцы пахавалі савецкіх лётчыкаў, паставілі крыж. 

— Пазней немцы пачалі гнаць з усходу на захад калоны савецкіх ваеннапалонных — худых, брудных, няголеных, слабых. Тых байцоў, хто паміраў, немцы прымушалі хаваць побач з гасцінцам. Людзі ставілі над іх магіламі праваслаўныя крыжы. На некаторых з гэтых крыжоў я бачыў дошчачкі з цытатамі з расійскіх лірычных песень: «…Нікто меня не вспомніт, над могілой не вздохнёт, только раннею весною соловей запоёт…» Калі ў 1944 вярнулася савецкая ўлада, крыжы знішчылі, а на іх месцы ставіліся тумбы з чырвонай зоркай. А пасля і гэтыя драўляныя тумбы згінулі. Неяк бачыў, як «партызаны» стралялі па тых крыжах з аўтаматаў: ехалі п’яныя на падводах. 

«Партызаны зарэзалі ўсю сям’ю паліцая»

— Былі пры немцах выпадкі, калі яны і іх памагатыя не толькі палілі і мардавалі жыхароў нібыта партызанскіх, а насамрэч звычайных вёсак, але і ўдзельнікаў вяселляў. Ведаю пра такі выпадак у в. Воўкаўшчына. Застрэлілі гарманіста, які чамусьці ўцякаў праз акно. Гэта быў жыхар Трапалава, наш сусед па прозвішчы Вазняк. У Івонцавічах, з другога боку, партызаны ноччу зарэзалі ўсю сям’ю паліцая — дзядоў, бацькоў, дзяцей. Выжыў толькі сямігадовы хлопчык, які схаваўся пад ложкам. Памятаю гэты выпадак добра. Хадзіў са сваёй бабуляй у Івонцавічы памаліцца за спакой душ забітых. І яшчэ памятаю як летам 1941 нямецкая айнзацкаманда застрэліла на падворку івонцаўскага старшыню сельсавета Дзям’яна Жукаўня (Вількоту).

Успамінаецца, як немцы ў Вілейцы хавалі Рудольфа Гравэ — шэфа вілейскага СД. Яго ў 1944 партызаны падарвалі на міне. Труну з Гравэ везлі немцы на грузавіку праз цэнтр горада. За машынай маршыравала ганаровая варта. Пахавалі яго на падворку сядзібы СД. Быў урачысты вінтовачны залп. Я здалёк, з-за вугла і дрэваў, глядзеў на гэтую цырымонію. Што гэта быў за начальнік, я даведаўся пазней.

«НН»: Вілейку моцна разбамбілі пры адыходзе немцаў?

— Памятаю начную бамбардзіроўку горада ў ліпені 1944. Вілейка была не вельмі разбураная. Згарэлі дамы ў цэнтры. Між іншым, дом сваячкі маёй бабулі Вілеўскай. Адзін са сваякоў быў забіты, калі разам з сям’ёй хаваўся ад абстрэлу на каталіцкіх могілках. Была разбурана бомбай (савецкай ці нямецкай) царква ў Вілейцы (былі, як вядома, дзве царквы — адна ўцалела). Помню яе руіны, вялікі звон, які ляжаў расколаты, напалову закапаны ў зямлю.

Я тады запомніў нямецкіх палонных салдат, якія прасілі падаць ім хлеб (у 1941—1944 яны загадвалі: «Матка, яйкі, шпэк-сала!»). Былі без рамянёў, няголеныя, надта пакорлівыя. Не загадвалі ўжо, а ветліва прасілі.

Мой старэйшы стрыечны брат хадзіў глядзець у вілейскую турму на целы закатаваных немцамі жыхароў. Гэта былі вялізныя, раскапаныя магілы. Такія ж сотні ахвяр савецкага НКВД паказвалі тут людзям немцы ў 1941. Мой бацька хадзіў шукаць у падвалах турмы целы сваіх знаёмых з польскіх часоў. Падвалы былі запоўнены трупамі, сцены — у крыві.

«НН»: Вы ўзгадвалі, як паліцай пагражаў бацькам, што раскажа немцам пра іх дапамогу яўрэям. Каго яны выратавалі?

— Бацька ўратаваў ад смерці яўрэйскага доктара Цырынскага з Куранца. Даў яму ровар і памог уцячы ў лес. Яго жонку і дзяцей немцы забілі разам з іншымі жыхарамі Куранца. Цырынскі пасля з’ехаў разам з намі ў Польшчу.

Бацька ўратаваў яшчэ і рускага хлопца Мішу Філюкова, які жыў у нашай сям’і ўсю вайну. Ён быў сіратой. Яго сям’ю нямецкія карнікі застрэлілі і спалілі ў іх жа хаце. Міша, паранены ў плячо і галаву, выпаў з палаючай хаты і ўцёк у лес. Пасля ён падаўся далей ад фронту, на захад. Трапіў пад Вілейку. Беспрытульнікам заапекаваўся мой бацька. Калі скончылася вайна, Міша вырашыў ехаць на Далёкі Усход шукаць кагосьці са сваякоў, які недзе там служыў у Чырвонай Арміі. Пасля мы атрымалі ад яго ліст з Масквы: пісаў, што ездзіў у метро.

Новы год — у дарозе

— Самы драматычны мой успамін з Вілейкі — наш выезд у канцы снежня 1945 у Польшчу. Мы пагрузіліся ў таварныя вагоны.

Увечары цягнік ад’ехаў з Вілейкі. Усе мы маліліся. Мы не ведалі, куды нас павязуць. Мы пакінулі дом, пабудаваны перад вайной, засеенае жытам поле, магілы дзядоў на цвінтарах у Глінным, Гарадзішчы. Забралі з сабой успаміны, крыжы, святыя абразы, некалькі кніг, сельскагаспадарчы інвентар.

Ехалі на захад доўга, у цеснаце і холадзе. Елі сухары і сала, пілі кіпень… Прыехалі ў Польшчу ў студзені 1946. Пасля доўгіх бадзянняў мы пасяліліся

ў Паморскім ваяводстве, каля горада Быдгашч, бацьку далі надзел зямлі, на якім ён пабудаваў малы дамок, пасадзіў сад, паставіў вуллі. Мы з сястрой дапамагалі бацькам у гаспадарцы. Зямлі не было шмат — каля 20 гектараў, але ж працы для нас чатырох хапала. Тым больш што трэба было плаціць падаткі, вазіць у горад абавязковыя пастаўкі: жыта, мяса, малако. Я працаваў і хадзіў у школу. Атэстат сталасці атрымаў у 1951. І тады з’ехаў ва Уроцлаў. Тут кончыў славянскую філалогію ва ўніверсітэце. У ім я падымаўся па лесвіцы навукі — ад асістэнта да прафесара. Цікавіўся творчасцю Фёдара Дастаеўскага, а таксама гісторыяй беларускай літаратуры. На пенсію выйшаў у 2003. Цяпер я ўсё больш успамінаю сваё мінулае, асабліва трапалаўскае дзяцінства.

Тэлесфар Позняк у коле супрацоўнікаў Інстытута славянскай філалогіі пры Уроцлаўскім універсітэце, 2012.

Тэлесфар Позняк у коле супрацоўнікаў Інстытута славянскай філалогіі пры Уроцлаўскім універсітэце, 2012.

«НН»: Як у Польшчы ставіліся да прыезджых суайчыннікаў?

— Не ўсе віталі нас хлебам і соллю. Нам прыходзілася ўладкоўвацца ў разбураных вайной дамах, у якіх жылі колісь немцы. Але ж цяжкай працай мы адбудавалі край, фабрыкі. Дзеці вучыліся ў школах, ВНУ. Цяпер усе рэгіянальныя розніцы памалу знікаюць. Адыходзіць старое пакаленне народжаных на землях сённяшніх Літвы, Беларусі, Латвіі, Украіны.

«НН»: Сям’я ў Вас вялікая?

— Невялікая: жонка і дачка — настаўніца польскай мовы.

«НН»: Сувязі падтрымлівалі з тымі, хто застаўся ў Беларусі?

— У савецкі час я перапісваўся толькі са сваякамі з Маладзечна і Маладзечанскага раёна. У Вілейцы, у бацькоўскім Даманове і мелькам у былым Трапалаве я быў у 1972 годзе, калі ў Мінску ўдзельнічаў у міжнародных сімпозіуме. Пасля ў 1979 годзе гасцяваў з сям’ёй у майго стрыечнага брата ў Маладзечне.

* * *

Тэлесфор Позьняк (нар. 1932) — польскі славіст, даследчык літаратуры, прафесар. У 1978—1981 быў дырэктарам Інстытута славянскай філалогіі Уроцлаўскага ўніверсітэта. Як ураджэнец Беларусі, шмат увагі надаваў беларускай тэме ў сваіх даследаваннях. Укладальнік анталогіі беларускай літаратуры ад ХІХ да пачатку ХХ ст. і асобна па ХХ ст. Аўтар кніг пра Дастаеўскага. Жанаты, мае дачку. Жыве ва Уроцлаве. На пенсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?