Сёння стала вядома, што на 68-ым годзе жыцця памёр Валерый Фралоў. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра гэтага чалавека.

Не запляміў сябе ў Вільні 1991 года

У 1991 годзе Валерый Фралоў быў прызначаны камандзірам дывізіі ў Прыбалтыйскай вайсковай акрузе. Месцілася дывізія ў Вільні. Адбывалася гэта якраз у той час, калі Літва імкнулася да незалежнасці. Найбольш крывавымі падзеямі таго часу стаў штурм Віленскай тэлевежы ўноч на 13 студзеня. Тады загінула 13 чалавек, а больш за сотню былі параненымі. У выніку ў Літве былі заведзеныя крымінальныя справы супраць міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава, старшыні КДБ Уладзіміра Кручкова, камандзіра віленскага гарнізона Уладзіміра Усхопчыка (цяпер жыве ў Беларусі, афіцыйны Мінск адмаўляецца выдаць яго Літве), кіраўніка віленскага АМАП Баляслава Макутыновіча.

Фралова перакінулі ў Вільню ў чэрвені 1991 года, якраз на месца Усхопчыка. Потым яшчэ абаранялі з БТРамі будынак Усхопчыка ў Вільні.

Дывізія Фралова абараняла будынак літоўскага ЦК падчас падзей путчу ГКЧП, вывозіла адтуль дакументы. «Я ўсё чакаў, што стральба пачнецца. Разумеў, якая сітуацыя. А калі літоўцы пачнуць стральбу, то кірдык. Мае ж таксама соплі жаваць не будуць. Тады волі не было ў Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова. Усё ж такі шэсць дывізій, дзве дэсантныя — там бы імгненнем гэта патушылі. Калі б больш жорсткія. Але я бачыў, што народ ужо не хоча. Ці то я сам стыхійны дэмакрат, ці то хрэн ведае. Але крыві не хацелася», — прызнаваўся Валерый Фралоў у інтэрв’ю kyky.org. Вітаўтас Ландсбергіс пагражаў Фралову судом за той інцыдэнт каля ЦК, аднак крыві праліта не было.

У Літве Фралоў служыў з былым прэзідэнтам Чачні Асланам Масхадавым, апошні быў у падпарадкаванні Фралова.

У парламенце перайшоў у апазіцыю

У палату прадстаўнікоў генерал Валерый Фралоў вылучаўся як кандыдат ад улады. Але ўжо ў парламенце ён разам з прадпрымальнікам Сяргеем Скрабцом і спартоўцам Уладзімірам Парфяновічам стварыў апазіцыйную групу дэпутатаў «Рэспубліка». Менавіта імі была правядзеная памятная галадоўка за змены ў выбарчае заканадаўства ў 2004 годзе.

Да парламента Валерый Дзмітрыевіч кіраваў 28-ым армейскім корпусам, штаб якога месціўся ў Гродне, а вайсковыя часткі ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Цікава, што ў гэтым час пад кіраўніцтвам Валерыя Фралова служыў сённяшні дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Мяжуеў.

Мітынг прыхільнікаў аб’яднання з Расіяй

У палітыцы ён запомніўся многімі непрадуманымі і супярэчлівымі крокамі. Напрыклад, у 2007 і 2008 гадах генерал Валерый Фралоў разам з Сяргеем Скрабцом праводзілі акцыі ў падтрымку яднання Беларусі і Расіі. На першае мерапрыемства прыйшло каля 10 чалавек, а на другое — каля 40. Папулярнасцю ў людзей такія мерапрыемствы не карысталіся.

Генерал Валер Фралоў тады трымаў сшыты ў адно расійскі сцяг з дзяржаўным беларускім. А ў сваім выступе згадаў, як добра жылося беларусам пры СССР, што БССР была тады ў прывілеяваным становішчы. А незалежнасць звалілася ў 1991 нечакана і дзякуючы Расеі, — сказаў генерал.

Ён доўгі час шукаў падтрымкі ў Маскве, але так і не знайшоў. У апошнія гады жыцця ён увайшоў у кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі, быў намеснікам старшыні.

Генерал Фралоў і космас

У 2009 годзе Валерыя Фралова абсалютна нечакана прызначылі дарадцам генеральнага канструктара шматфункцыянальнай касмічнай сістэмы саюзнай дзяржавы. Здавалася б, дзе генерал, а дзе косамас. Праўда, затрымаўся на гэтай пасадзе ён зусім нядоўга.

Фралоў запомніўся фразай, што з космасу нават за жонкай сачыць можна.

У Валерыя Фралова было дзве жонкі. Першая памерла яшчэ ў 2003 годзе. Потым была другая жонка Наталля Шынкевіч, але развяліся. «Стаміўся я ад выхаваўчага працэсу, які яна праводзіла», — казаў генерал. Апошнія гады ён жыў разам з сынам. «Жывём я, сын і сабака — тры мужыкі». Быў вялікім аматарам лазні, у яго было шмат сяброў.

Вылучаўся ў прэзідэнты

Вельмі доўгі час генерала Фралова разглядалі як магчымага лідара апазіцыі. Праўда, потым многія расчараваліся ў такой ідэі. У 2006 годзе сп.Фралоў такі вырашыў самастойна балатавацца ў прэзідэнты, але не сабраў патрэбных 100 тысяч подпісаў. Сёлета ягоную кандыдатуры зноў прапаноўвалі на рэгіянальных сходах актывістаў. Ён сам не адмаўляў магчымасць балатавацца. Цяпер ужо не лёс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?