Сусветную прэм’еру беларускамоўнай оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт» ажыццявіў Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр.

І не трэба тут пасміхацца. Так-так. Опера, сапраўдная!

Прэм’еры музычных твораў, напісаных нацыянальнымі кампазітарамі, адбываюцца ў нашых тэатрах вельмі рэдка.

Прычыны такой палітыкі — у недаверы калектываў да айчыннай прадукцыі і імкненне зрабіць касу на праверанай часам класіцы. Але існуе яшчэ адна прычына.

Напісанне оперы патрабуе ад кампазітара працы цягам некалькіх гадоў. На Захадзе існуюць рынкавыя адносіны: з творцам заключаецца дамова і выплочваецца аванс. У Беларусі ад кампазітараў патрабуюць прынесці гатовы твор «на сподачку».

Прычым не даюць ніякіх гарантый, што паставяць яго на сцэне. У свой час мюзікл Валерыя Іванова «Пунсовыя ветразі» прайшоў на сцэне Музычнага тэатра толькі адзін раз. Таму многія з айчынных кампазітараў проста не жадае рызыкаваць.

На шчасце, у Беларусі яшчэ засталіся амбіцыйныя людзі. У 2007 годзе Рыгор Сарока, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага (і адначасова галоўны дырыжор аркестра, які існуе ў каледжы), стварыў у гарадскім Палацы культуры Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр.

З таго часу на гэтай сцэне паставілі чатыры оперы — «Іаланту», «Яўгенія Анегіна», «Травіяту» і «Кармэн». Але Сароку цікавіла нацыянальная тэматыка. Тры гады таму ён замовіў кампазітару Алегу Залётневу оперу пра Міхала Клеафаса Агінскага.

Спонсарамі пастаноўкі стала дзяржава (грант Мінскага аблвыканкама склаў 100 мільёнаў рублёў), а таксама маладзечанскія прыватныя прадпрыемствы і арганізацыі. Такі прыклад вельмі ўсцешны:

гаворка не пра сталіцу, дзе знаходзяцца ўсе беларускія музычныя тэатры, і не пра абласныя цэнтры (у асобных гарадах існуюць філіялы Опернага), а пра рэгіянальныя ініцыятывы. Менавіта ў іх — будучыня беларускай культуры. Бо ў Еўропе няма такога разрыву, які існуе на постсавецкай прасторы паміж сталіцай і астатняй часткай краіны.

«Невядомы партрэт» выклікаў ажыятаж, на пастаноўку спецыяльна прыехалі меламаны са сталіцы. Іх чаканні апраўдаліся, хоць і не цалкам.

«Плюсаў» некалькі.

Моцнае ўражанне пакінула музыка Залётнева, увасобленая сімфанічным аркестрам. Найбольш глыбокімі падалася патрыятычная тэма, у якой знайшло адлюстраванне туга Міхала Клеафаса па Вялікім Княстве і згадка пра сяброўства з Касцюшкам.

Удала выканаў партыю Агінскага Андрэй Саўчанка (дарэчы, маладзечанцы зрабілі стаўку на салістаў, якія нарадзіліся або вучыліся ў горадзе).

Але былі і «мінусы». Не заўсёды ўпэўнена пачуваюць сябе на сцэне маладыя салісты. Замест сцэнаграфіі выкарыстана звычайнае афармленне канцэртнай залы. Паколькі стваральнікі не мелі мажлівасці запрасіць прафесійнага рэжысёра, ім стаў лібрэтыст Сяргей Макарэй, які не меў досведу такой працы. Рэжысёрскай інтэрпрэтацыі ў «Невядомым партрэце» вельмі бракавала.

Зрэшты, гэтыя мінусы можна выправіць падчас іншай пастаноўцы оперы з большым фінансаваннем. А вось з лібрэта — складаней.

Паэтычныя тэксты Макарэя маюць розны ўзровень. Сярод лепшых – фінальная арыя Агінскага «Дзе ты, мая Радзіма? З кім ты, мая Айчына?».

Але структура самога лібрэта не надта ўдалая.

Галоўным становяцца асабістыя адносіны паміж Агінскім, яго пляменнікам Юзэфам Лубенскім (Андрэй Мацюшонак), жонкай Міхала Клеафаса Марыяй (Яўгенія Бабіч), мастаком Янам Шыманскім (Міхаіл Кляпец) і італьянскай спявачкай Катрынай Боні (Наталля Шыбко), на пачуцці якой прэтэндуюць дзядзька і пляменнік.

Так, Агінскі выяўляе патрыятычныя пачуцці. Але толькі пад уплывам падзей у асабістым жыцці.

Напрыклад, калі пляменнік, зневажаючы Міхала Клеафаса, кпіць з яго мундзіраў. Або калі жонка з мастаком кідаюць на зямлю сурдут, які Агінскі насіў падчас паўстання Касцюшкі.

У выніку дзяржаўна-патрыятычная лінія нібыта схаваная ў глыбіню сюжэта.

А галоўным у оперы становіцца гісторыя, як вядомага палітычнага дзеяча падманваюць то жонка, то пляменнік.

Сам факт музычнай прэм’еры несумненна з’яўляецца агульнабеларускай падзеяй. Але інтэрпрэтацыя «Невядомага партрэта», на жаль, застаецца лакальнай з’явай. Задача маладзечанцаў выправіць гэты дысбаланс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?