Падрабязнасцяў пакуль вельмі мала. Папярэдне вядома, што ён выпаў з 9-га паверха ў інтэрнаце непадалёк ад прыватнага дома, у якім ён жыў з маці-пэнсіянеркай.

Цяпер у доме Гуменюкоў знаходзіцца міліцыя.

Маці Гуменюка мяркуе, што гэта было забойства. Міліцыя папярэдне схіляецца да версіі самагубства.

Гумянюк працаваў на Беларускую рэдакцыю Польскага радыё. Слухачам ён быў вядомы пад псеўданімам Вацлаў Галімскі. Праграмы ягонага аўтарства ішлі таксама на незалежным радыё «Рацыя», што надае з Польшчы.

Гумянюк жыў экстравагантным, багемным жыццём, апранаўся як дэндзі.

Як паэт, 43-гадовы Юры Гумянюк пісаў у спецыфічнай дэкадэнцкай манеры. Яго захапляла стылістыка і эстэтыка міжваеннага часу. Гумянюк быў яркім аўтарам з групы гарадзенскіх мадэрністаў 90-х. На 90-я прыпаў і пік ягонай творчай актыўнасці.

***

Юры Гумянюк нарадзіўся 24 верасня 1969 года ў Гродне. Друкаваўся ад 1990 г. Скончыў аддзяленне паланістыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (1994). Там жа вучыўся ў аспірантуры. На гродзенскім абласным радыё рыхтаваў літаратурна-мастацкі радыёчасопіс «Кантэкст» (1991–1994). Працаваў журналістам у газэтах «Пагоня» (1992, 1995–2001) і «День» (2004), загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага абласнога тэатра лялек (1994–2000). З 2002 году — публіцыст беластоцкага месячніка «Czasopis». Выдаў зборнікі вершаў «Водар цела» (1992), «Твар Тутанхамона» (1994), «Рытуал» (1999), «Лябірынты прывіднага замку» (2000, у суаўтарстве), «Вуліца тыгровых архідэяў» (2003). Аўтар няскончанага рамана «Апосталы нірваны» (кн. першая 1995), пастаўленых у Гродзенскім тэатры лялек п’есаў для дзяцей «Баль у барона Мюнхаўзена» (1993), «Таямніца залатога пярсьцёнку» (1998), «Каляднае падарожжа» (1999), дакументальнай сагі «Прывід даўніх Крэсаў» (2004–2005), шэрагу крытычных артыкулаў пра літаратуру, выяўленчае мастацтва і тэатар. Сурэдактар літаратурна-мастацкага альманаха «Калоссе». Беларускія рок-гурты «Грунвальд», «Айша» (Jungle X-mas), а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля двух дзясяткаў песень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?