Ліст Івана Луцкевіча да мамы.

Ліст Івана Луцкевіча да мамы.

Вокладка «Пратаколаў» БНТ.

Вокладка «Пратаколаў» БНТ.

Пасведчанне сябра Рады БНР, выдадзенае Людвіцы Сівіцкай (Зосьцы Верас).

Пасведчанне сябра Рады БНР, выдадзенае Людвіцы Сівіцкай (Зосьцы Верас).

Абвестка пра выступ Антона Луцкевіча на паседжанні Беларускага навуковага таварыства.

Абвестка пра выступ Антона Луцкевіча на паседжанні Беларускага навуковага таварыства.

Дыпламатычны пашпарт Старшыні Рады БНР Антона Луцкевіча.

Дыпламатычны пашпарт Старшыні Рады БНР Антона Луцкевіча.

Вільня зноў нагадала пра сябе, як пра важны асяродак беларускай гісторыі.

У Літоўскім Цэнтральным Дзяржаўным архіве (ЛЦДА) знойдзеныя дакументы, датычныя гісторыі беларускага Адраджэння першай паловы ХХ ст. Гэта матэрыялы з архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Падобна, што пасля закрыцця Беларускага музея ў 1945, частка яго дакументаў была надзейна схаваная ў адным з пакояў літоўскага архіва.

Мясцовым даследчыкам яны цікавыя не былі, а беларусы пра іх не ведалі.

Вяртанне дакументаў ва ўжытак адбылося дзякуючы ініцыятыве дырэктара Інстытута гісторыі Літвы, доктара Рымантаса Мікніса, якую падтрымаў дырэктар ЛЦДА, доктар Далюс Жыжыс. Архівістка Людміла Фунікава зрабіла асноўную працу па сістэматызацыі, апісанні і каталагізацыі гістарычных дакументаў. Кансультацыйную дапамогу ёй аказвалі беларускія гісторыкі Юры Юркевіч, Андрэй Вашкевіч, Алесь Смалянчук, Андрэй Чарнякевіч, Вольга Іванова, Алесь Пашкевіч. Частку дакументаў паказалі ў часе выставы «Невядомая БНР», адкрытай напярэдадні 25 сакавіка 2012 г.

Аднак нельга казаць пра масавы наплыў даследчыкаў з Беларусі ў Вільню дзеля вывучэння без перабольшвання ўнікальных дакументаў.

«У рэдакцыю як да сонца»

Кароткі агляд распачну з адшуканых матэрыялаў рэдакцый беларускіх газет.

Найбольшую цікавасць выклікаюць дакументы «Нашай Нівы».
Захавалася частка яе архіва за 1909 г., якая дазваляе аднавіць «штодзённае жыццё» рэдакцыі.
Між рэдакцыйнай перапіскі знайшліся і дзве нататкі ад Максіма Багдановіча. Паэт просіць даслаць яму «на адрас Ялта, Аутка, пансіён «Шалаш» 16 нумароў «НН» за 1908 год і 25 — за 1909-ы з удакладненнем — «рускімі літарамі».
Бо тады «НН» выдавалася яшчэ і лацінкай.

Вартая асаблівай увагі перапіска з шматлікімі «агентамі» газеты (а захаваліся нават алфавітныя спісы «агентаў» і падпісчыкаў «НН»). Яна дазваляе ўявіць геаграфію распаўсюду і ўплываў газеты. Дарэчы,

найбольш адрасатаў пражывала ў Мінскай губерні (якая ляжала тады ад Докшыцаў да сутоку Дняпра і Прыпяці і ад Слоніма да Бабруйска).
Даволі шмат лістоў прыходзіла з Віленшчыны і Гродзеншчыны. Пісалі таксама з Ковенскай і Віцебскай губерні, Данской вобласці Расіі, з Яраслаўля (не толькі ад Максіма, але і ад Генадзя Васільевіча Багдановіча) і нават з Уладзівастока.

Будучы сябра Часовага ўраду БССР, 22-гадовы Фабіян Шантыр, даючы згоду быць «агентам» газеты ў Слуцку, заўважыў: «Маю вялікую надзею, што кажды чалавек, прачытаўшы шчырыя словы Вашай газеты, на роднай мове, аднайдзе вялікую ахвоту для адраджэння гэтай мовы ў родным краі. Я ж прыкладу ўсе сілы, каб Ваша вяліка-патрэбная праца і ў нашым углу пусціла свае карэнні, вырасла і расцвіла цудным цвятком надзеі».

Пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) паведаміў з вёскі (з якой — нямаведама, адрас адарваны), што доўга там «сядзіць» і не можа выбрацца ў Вільню,
а таксама зрабіў прыпіску: «У рэдакцыю як да сонца». А
гродзенец, будучы дзяяч БНР і балаховец Павел Аляксюк пазначыў свой зваротны адрас наступным чынам: Belarus, Hrodno… Ліст з Гродна, з Беларусі! І гэта ў часы, калі У тыя часы гэта гучала рэвалюцыйна для свядомасці, бо ідэя незалежнасці не абвяшчалася.
Самая рэвалюцыйная сіла, Беларуская Сацыялістычная Грамада асцярожна казала пра аўтаномію.

Даследчыкаў чакаюць таксама дакументы рэдакцый расейскамоўнай «Вечерней газеты» (1912–1914), якую таемна рэдагаваў Антон Луцкевіч, газетаў «Гоман» (1916–1918), «Беларускія ведамасці» (1921), «Народная справа» (1926–1927), часопісаў «Крывіч» (1925–1926) і «Хрысціянская думка» (1926–1929).

«На моцы ўхвалы Рады Беларускае Народнае Рэспублікі…»

Такой фармулёўкай пачыналіся пастановы ўраду БНР, частка якіх знайшлася ў літоўскім архіве. Многія дакументы БНР даступныя шырокай публіцы: У 1998 г. Сяргей Шупа ўклаў грунтоўны двухтомнік Архіваў БНР, частка матэрыялаў захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі. Іншая частка лічыцца страчанай.

Знойдзеныя ў Вільні дакументы запаўняюць некаторыя лакуны. Гэта асабісты архіў Антона Луцкевіча ад верасня 1918 да чэрвеня 1920 г. , у тым ліку яго дыпламатычны пашпарт, выдадзены ў Гродне ў красавіку 1919 г. для ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі.

Таксама ёсць матэрыялы, якія дазваляюць дэталёва рэканструяваць карціну расколу беларускага руху ў снежні 1919 г. і ўтварэння Найвышэйшай Рады БНР на чале з Луцкевічам.

Ёсць пратаколы сходаў гэтай Рады (1919–1920); шматлікія (120 аркушаў!) пасведчанні, анкеты і спісы служачых Народнага сакратарыяту і сяброў Рады БНР; перапіска з Цэнтральнай Радай Украінскай Народнай Рэспублікі і ўрадам гетмана Скарападскага наконт ўсталявання беларуска-ўкраінскай мяжы і развіцця стасункаў паміж дзвюма рэспублікамі.

Захаваліся пратаколы сустрэчаў дэлегацыі Канвенту старэйшынаў Рады БНР (Я.Лёсік, А.Смоліч, А.Аўсянік, М.Шыла, Я.Мамонька, А.Прушынскі, кс. Абрантовіч) з Юзафам Пілсудскім і камісарам «Цывільнага ўпраўлення Усходнімі землямі» Ежы Асмалоўскім 19 верасня 1919 г.

Вялікую каштоўнасць маюць і дакументы дзейнасці Беларускай вайсковай камісіі, Беларускага прэс-бюро ў Капенгагене (1920), матэрыялы фінансавай дзейнасці Рады БНР.

«Мудрай прамовы мёд залацісты,
поўныя соты
мне даспадобы…»

Радкі Максіма Багдановіча, вынесеныя ў падзагаловак, сталі эпіграфам кнігі пратаколаў пасяджэнняў Беларускага навуковага таварыства (БНТ), якое ўзнікла ў апошні дзень працы Віленскай Беларускай канферэнцыі (студзень 1918 г.).

На жаль, цікавыя і выключна важныя старонкі гісторыі БНТ па сённяшні дзень не атрымалі належнага навуковага асвятлення.
Нават павярхоўнае знаёмства з матэрыяламі сведчыць пра высокі навуковы ўзровень даследаванняў сяброў БНТ, асабліва, у галіне этнаграфіі, мовазнаўства і гісторыі.

Дакументы, што датычаць дзейнасці Беларускага музея, дазваляюць зазірнуць у яго гісторыю падчас Другой сусветнай вайны (напрыклад, даведка пра арганізацыю музея і колькасць яго экспанатаў ад 18 снежня 1940 г.).

У гэты ж фонд трапілі асабістыя дакументы Івана і Антона Луцкевічаў,
у тым ліку рукапіс манаграфіі апошняга па гісторыі беларускага руху (93 аркушы), лісты Юліяны Мэнке (Вітан-Дубейкаўскай), якая суправаджала Івана Луцкевіча ў яго апошнім падарожжы ў Закапанэ, матэрыялы Віленскай Беларускай канферэнцыі (1918), дакументы Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (1919–1920)…

Пасольскія клубы і беларускія школы

У асобным фондзе змешчаныя дакументы Беларускай Сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і беларускіх пасольскіх клубаў 20 — пачатку 30-х: спісы гурткоў БСРГ, перапіска Цэнтральнага сакратарыяту, партыйныя білеты, пасведчанні…

Матэрыялы дзейнасці гурткоў Грамады дазваляюць зразумець яе рэальныя ўплывы. Захаваліся дакументы пра дзейнасць гурткоў Пінскага, Валожынскага, Ваўкавыскага, Вілейскага, Нясвіжскага, Лунінецкага, Лідскага, Гарадзенскага, Берасцейскага паветаў.
Невядомым шляхам сюды ж трапілі і рэчавыя доказы «віны» з працэсу Грамады 1926, датычныя асобы С.Рак-Міхайлоўскага, Фабіяна Акінчыца і Радаслава Астроўскага.

Багата ёсць матэрыялаў па дзейнасці беларускіх пасольскіх клубаў (сённяшняй мовай кажучы, дэпутацкіх фракцый у польскім парламенце — «НН») — дакументы выбарчых кампаній, заявы паслоў, тэксты прамоваў (напрыклад, Тарашкевіча), просьбы і скаргі выбаршчыкаў.

Таксама ў архіве ёсць дакументы Грамады беларускай моладзі ў Вільні, Беларускага кааператыўнага банка, Беларускага Інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага выдавецкага таварыства, Таварыства дапамогі ахвярам сусветнай вайны, Таварыства беларускай школы.

Апошніх надзвычай шмат: спісы бацькоў, якія патрабавалі навучання па-беларуску; спісы сяброў гурткоў ТБШ, справаздачы аб іх дзейнасці, пратэсты супраць закрыцця беларускіх школ… Нарэшце лісты, якія з розных рэгіёнаў ішлі ў Галоўную управу ТБШ і адлюстроўвалі настроі і пажаданні беларусаў.

Падчас прагляду гэтых матэрыялаў узнікла ідэя падрыхтаваць Даведнік па знойдзеных дакументах. У ім было б не толькі апісанне асноўных фондаў «беларускіх матэрыялаў», але і найбольш цікавыя дакументы. Яго можна было б выдаць у год 95-годдзя абвяшчэння БНР.
Яго ёсць каму зрабіць, патрэбныя толькі фундатар і выдавец.
Гэты агляд «скарбаў» павярхоўны, але спадзяюся, што і ён заахвоціць беларускіх гісторыкаў да актыўнай даследчай працы ў архівах Вільні.

* * *

Беларускія фонды ЛЦДА

Матэрыялы рэдакцый беларускіх газет — фонд 368.

Дакументы БНР — фонд 582, вопіс 2.

Матэрыялы БНТ і Беларускага музея імя Івана Луцкевіча — фонд 281, вопіс 2.

Дакументы БСРГ і беларускіх пасольскіх клубаў 1920-30-х — фонд 365.

Дакументы Грамады беларускай моладзі ў Вільні (1919–1920) — фонд 372.

Дакументы Беларускага кааператыўнага банка — фонд 375.

Дакументы Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры (1926–1936), Беларускага выдавецкага таварыства, Таварыства дапамогі ахвярам сусветнай вайны (1914–1918), Таварыства беларускай школы (1919–1938) — фонд 361.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0