Гандаль трупамі па-польску

 

Гэты скандал ужо каторы тыдзень не сыходзіць зь першых палосаў польскіх газэтаў. У “хуткай дапамозе” Лодзі больш за дзесяць гадоў гандлююць трупамі памерлых пацыентаў. Хто прадае? Дактары, санітары, кіроўцы санітарных машынаў і дыспэтчары. Хто купляе? Пахавальныя бюро гораду Лодзь. Цела памерлага ў “хуткай” называюць “скурай”. За адну “скуру” сёньня плацяць 1200—1800 злотых. Кіраўнік лодзкай “хуткай” пацьвердзіў факт гандлю людзкімі трупамі, апісаны журналістамі радыё “Лодзь” і Gazety Wyborczej. “Гэта для мяне жудасна, але першыя крокі па ліквідацыі гэтай зьявы ўжо зробленыя. Не хачу болей размаўляць на гэтую тэму. Няма роду без выроду”, — сказаў дырэктар “хуткай” Багуслаў Тыка.

 

Як цела стала “скурай”

Уладзімер Сумэра на мяжы 80—90-х працаваў у “хуткай дапамозе” санітарам. Пра гандаль “скурамі” Сумэра ведае бадай усё:

— Гэта ж я прыдумаў дамаўляцца з “хуткай”, каб браць у іх “скуры”. Сем’і памерлых гадзінамі чакалі, пакуль прыедзе машына зь дзяржаўнай установы і забярэ цела ў трупярню. А час мяняўся, і я падумаў, што тут можна рабіць бізнэс. Купіў мікрааўтобус, раздаў у “хуткай” візытоўкі. Сказаў, каб тэлефанавалі мне, калі будзе што перавозіць. Але нашых магчымасьцяў не ставала — мы не спраўляліся з колькасьцю замоваў. Напачатку мне тэлефанавалі з “хуткай” як калегу. Я аддзячваў сьпярша гарэлкай: вазіў яе ў “хуткую” скрынкамі… Ня мы былі першыя. Калі заплацілі канкурэнты, я прапанаваў хлопцам што-небудзь купляць для “хуткай”: тэлевізар, якую-небудзь тахту, коўдры. Адказалі: толькі гатоўкай. І цела хутка сталася “скурай”, таварам на продаж. Хадавым таварам.

Які шлях ад выкліку “хуткай” да продажу “скуры”?

Тэлефанаваньне прымае дыспэтчар. Па выніках размовы ён мусіць ацаніць стан пацыента, вызначыць, ці трэба высылаць машыну і якую: для перавозкі (бяз доктара, толькі з кіроўцам і санітарам), для дапамогі на месцы (з доктарам, кіроўцам і санітарам) ці спэцыяльную (дадаткова з мэдсястрой — такі калектыў звычайна высылаецца, калі існуе пагроза жыцьцю). Задача дыспэтчара — выбраць адпаведны тып і тую машыну, што даедзе да пацыента найхутчэй.

Калі пацыент памірае, доктар мусіць пацьвердзіць сьмерць, запоўніць дакумэнты — дыягназ, пасьведчаньне пра сьмерць — і вярнуцца ў машыну. А сям’я застаецца сам-насам з праблемай: паводле санітарных нормаў, цела ня можа ляжаць дома. Яго трэба завезьці ў трупярню, дзе яно застанецца да дня пахаваньня. Сям’я мусіць затэлефанаваць у абраную пахавальную кантору, якая завязе цела ў трупярню.

Мала хто загадзя рыхтуецца да сьмерці блізкага чалавека, таму вельмі важна, каб пахавальнае бюро хутка выставіла рахунак. З такім рахункам можна ісьці ў дзяржаўную службу па дапамогу на пахаваньне (на сёньня больш за 4000 злотых, г.зн. 1000 даляраў) і ўжо з грашыма займацца далейшымі фармальнасьцямі ў фірме й на могілках.

І ўсё.

Хіба тут можна прадаць “скуру”? Можна. Бо ані ў кога няма пад рукой тэлефонаў пахавальных бюро. Анікому па сьмерці блізкага чалавека не прыходзіць у галаву цікавіцца цэнамі, параўноўваць якасьць паслуг. Шмат хто наагул ня ведае, што рабіць. А труп трэба перавезьці. Доктар (санітар, кіроўца) можа даць тэлефон фірмы. І нават адразу затэлефанаваць туды.

Продаж “скураў” хутка стаў добрым бізнэсам. На ім хацелі зарабляць і дыспэтчары — нефармальна дамаўляліся з мэдычным пэрсаналам: я першы дазнаюся пра сьмерць і высылаю тваю машыну па “скуру”.

Два сумныя спадары
з паперамі

Доктар ня кажа сям’і, што прыедзе пахавальная фірма Х. Бо сваякі могуць быць супраць. Ён кажа: зараз прыедзе машына і забярэ памерлага. Для сярэдняга пэнсіянэра гэта працяг “хуткай”. А потым прыходзяць два сумныя спадары. Яны не прадстаўляюцца, а толькі кажуць: просім падпісаць дакумэнты. Няма людзей, якія ў такі момант чытаюць паперкі. І толькі на другі дзень яны бачаць, куды ім трэба прыехаць, каб скончыць фармальнасьці, — ня ў “хуткую”, а ў пахавальную кантору.

Шырока распаўсюджаная практыка — атрыманьне дапамогі на пахаваньне прадстаўніком пахавальнай фірмы на падставе пісьмовага дазволу сваякоў. Уласна, гэта адзін з дакумэнтаў, якія сваякі падпісалі “двум сумным спадарам”.

Сваякі ня маюць выйсьця, бо фірма падрыхтавала ўсе дакумэнты і ўзяла ў дзяржаўнай службе грошы. А людзі й не заўважылі, што падпісалі згоду на арганізацыю паховінаў, а калі адмовяцца, дык заплацяць штраф. І яны ўжо ня хочуць спрачацца...

1800 за “скуру”.
Хто болей?

Фірма атрымлівае ад дзяржавы 4000 злотых на дапамогу для пахаваньня (стаўка 2001 году). Чым больш трэба плаціць за цела “хуткай”, тым меншы прыбытак. Але, калі ўздымаліся стаўкі “хуткай”, фірмы ўздымалі плату за пахаваньне.

Практыка аплаты за “скуры” распаўсюдзілася па ўсёй Польшчы. Ёсьць у Лодзі фірма, якая плаціць толькі 1200 злотых, але прапануе “хуткай” дадатковыя паслугі — арганізоўвае адпачынак у Гішпаніі для дактароў і санітараў. Іншыя плацяць ад 1600 злотых за штуку. У іншых гарадах пахавальныя канторы плацяць супрацоўнікам “хуткай” ад 1000 да 1200 злотых за інфармацыю пра памерлага. У мястэчках цана ніжэйшая — каля 500 злотых. У Чанстахове супрацоўнікі фірмы, якая выйграла тэндэр на празэкцыю ў шпіталі, не аддаюць цела, калі сям’я не карыстаецца іхнымі паслугамі.

Пасьведчаньне пра сьмерць — казырная карта

У гульню ўступаюць вялікія грошы. У Лодзі адна толькі “хуткая” фіксуе штомесяц каля 400 сьмерцяў. За колькі “скураў” плацяць фірмы “хуткай”? Па вельмі прыблізных падліках, сюды трапляюць грошы за 200—250 “скураў” штомесяц. Пры сярэдняй стаўцы ў 1500 злотых атрымліваецца 300—370 тысячаў штомесяц ці 3,6—4,5 мільёна за год. І ніякіх падаткаў.

Некаторыя прадаўцы “скураў”, калі сваякі не пагаджаюцца на прапанову, ідуць на шантаж. Шанцы сям’і невялікія, бо ў доктара ёсьць казырная карта — пасьведчаньне пра сьмерць. Ён адзначае ў ім прычыну сьмерці — можа “адмовіць удзел трэціх асобаў”, альбо пацьвердзіць натуральную сьмерць, “не адмаўляючы ўдзелу трэціх асобаў”, альбо падазраваць забойства. У гэтым разе працэдура ўскладняецца, сям’я пазбаўляецца цела, якое адпраўляюць на анатамаваньне. А пахаваньне адкладаецца часам на дзясятак дзён.

Дыспэтчары падказваюць: “Мабыць, памерла”

Змагаюцца і гандляры-дыспэтчары. У іх свой спосаб для адпраўкі па “скуру” абранай машыны.

Напрыклад, нехта звоніць і кажа: “Прыедзьце, бабуля памерла”. Раз яна памерла, “хуткай” ня трэба сьпяшацца — сьмерць можна зафіксаваць і праз гадзіну. А дыспэтчару трэба, каб па “скуру” як мага хутчэй прыехала “ягоная” брыгада. І таму ён так скіроўвае размову, каб у дакумэнце запісаць фармулёўку “мабыць, нежывая” заміж “нежывая”: “Ці праверылі вы пульс? Ці ўпэўненыя вы, што ёй ужо нельга дапамагчы?” Нарэшце дыспэтчар чуе жаданае “мабыць” і высылае на сыгнал “сваю” машыну.

Да тых, хто памірае і каму напраўду патрэбная дапамога “хуткай”, едзе таксама найчасьцей не найбліжэйшая машына, а абраная.

Было і мноства выпадкаў, калі брыгада не сьпяшалася на выклік: чакала, што сьмерць надыдзе да ейнага прыезду. Гэта называлася “Едзем у Мак-Дональдз”.

Анёл Сьмерці, Скуралуп, Мэнгеле

У працаўнікоў “хуткай” былі й красамоўныя псэўданімы: доктар Мэнгеле, Скуралуп...

Самым вядомым зь іх стаў Анёл Сьмерці, які прыходзіў, аглядаў хворага і казаў: о, тут ужо не рэанімуеш. Мераў пульс і разьвітваўся. А чалавека яшчэ можна было ўратаваць…

Анёл Сьмерці — гэта Раман К., якога звольнілі летась за п’янку на працы. Пры ўладкаваньні на новае месца ён атрымаў з больніцы хуткай дапамогі Лодзі добрую характарыстыку. Быў арыштаваны па абвінавачаньні ў атрыманьні хабару ад пахавальных фірмаў за продаж інфармацыі пра сьмерць пацыентаў. Мабыць, яго абвінавацяць і ў забойстве, калі пацьвердзіцца, што, заміж таго каб ратаваць хворых, ён прысьпешваў іхную сьмерць, каб зарабіць на інфармацыі пахавальным канторам.

Павулён — мэдыкамэнт сьмерці

У сярэдзіне 2001 г. у лодзкую “хуткую” прыйшоў новы намесьнік дырэктара Януш Мараўскі. Новы намесьнік, сам па спэцыялізацыі анэстэзіёляг, пераглядаючы паперы, вызначыў, што ў “хуткай” назіраецца занадта вялікі попыт на павулён. Гэтыя дужа небясьпечныя лекі выдаваліся па звычайных зборных рэцэптах, якія выпісвалі дактары, папаўняючы запас машынаў. А найчасьцей яго дапісвалі ў рэцэпты — іншым почыркам, чым астатнія лекі.

Павулён трэба ўводзіць толькі ў апэрацыйнай залі, яго не павінен ужываць выязны пэрсанал “хуткай”. У ЗША лекі такога тыпу могуць ужываць толькі спэцыялісты. Мала таго, дазволы выдаюцца на пэўны час і абумоўліваюцца дадатковымі пунктамі. У некаторых краінах падобныя прэпараты ўжываюць для выкананьня сьмяротных выракаў пасьля папярэдняга ўсыпленьня пацыента, напрыклад, барбітуратамі.

Расслабляльныя лекі існуюць дзеля таго, каб у апэрацыйнай залі пацыент ня дыхаў, бо за яго гэта робіць машына. Дыханьне не павінна “канфліктаваць” з працай абсталяваньня. Увядзеньне павулёну чалавеку ў поўнай прытомнасьці без усыпленьня — адзін з самых жорсткіх відаў сьмерці. Пацыент у поўнай сьвядомасьці губляе дыханьне. Паколькі ягоныя мускулы цалкам расслабленыя, у яго заплюшчваюцца вочы. Ён нічога ня можа сказаць і нават варухнуць пальцам. Ён задыхаецца і памірае ў пакутах…

У кастрычніку 2001 г. у “хуткай” зьмяніўся — упершыню за 12 гадоў — дырэктар. Новы, Багуслаў Тыка, быў ня доктар, а эканаміст, які раней кіраваў адным з лодзкіх шпіталяў.

Сёньня ўжо вядома, што ўвосень дырэктар Тыка ад новага намесьніка Мараўскага даведаўся пра падазроную сытуацыю з павулёнам. Празь некалькі тыдняў адбылася ягоная размова зь намесьнікам кіраўніка Цэнтральнага сьледчага бюро ў Лодзі.

Будзе эксгумацыя?

Павулён надзвычай хутка раскладаецца ў арганізьме. Кажуць нават, што ён тэарэтычна мог бы прыдацца для “ідэальнага забойства”.

Прафэсар Анджэй Куліг, кіраўнік аддзелу патамарфалёгіі Цэнтральнага інстытуту здароўя польскіх мацярок, адмаўляе:

— Ідэальнага забойства не існуе. Забойца заўжды пакідае сьляды. Адны лёгка распазнаць, другія вымагаюць дасьледаваньняў. Можна дасьледаваць само злучэньне, ці ягоныя рэшткі, ці ўплыў на арганізм. Многія сродкі шкодзяць тканкі, іншыя не пакідаюць такіх відавочных сьлядоў. І тут абавязкова патрэбныя таксыкалягічныя досьледы. А яны ўвесь час удасканальваюцца.

Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што сьледзтва мяркуе правесьці эксгумацыю целаў былых пацыентаў “хуткай”, сьмерць якіх выклікае падазрэньні.

Справа ўсеагульная

Паводле словаў старшыні аддзелу лодзкай пахавальнай канторы “Клепсыдра” Томаша Сальскага, пахавальныя фірмы плацілі “хуткай” ад 1200 да 1600 злотых: “Я ведаю, што палова гэтых грошай трапляла да дыспэтчараў, а другую частку дзялілі на чатырох работнікаў выратавальнай брыгады. Кожны зь іх атрымліваў каля 200 злотых з аднаго памерлага. Канторы “куплялі” ў “хуткай” блізу 200 трупаў штомесяц. Гэта паказвае, што тут круціліся тысячы злотых”.

Гаспадар яшчэ адной невялікай пахавальнай канторы ў Лодзі, які пажадаў застацца невядомым, таксама пацьвердзіў, што гандаль трупамі распаўсюджаны ва ўсёй Польшчы.

На дзяжурства — без мабільніка!

У Кракаве кіраўніцтва ваяводзтва пасьля таго, як выбухнуў скандал, пастанавіла, што пахавальныя фірмы ня могуць дзейнічаць у клініках і іншых установах службы аховы здароўя. Нельга там праводзіць і рэкляму іхных паслуг.

Міністар аховы здароўя Польшчы загадаў правесьці праверку выкарыстаньня расслабляльных, псыхатропных лекаў, а таксама лекаў з наркатычным узьдзеяньнем на асноўных станцыях “хуткай дапамогі” ў краіне.

Мясцовыя ўлады і Міністэрства аховы здароўя пачалі распрацоўваць новыя правілы паводзінаў супрацоўнікаў “хуткай”, каб зрабіць гандаль інфармацыяй пра сьмерць немагчымым. Гэтак, у Аполі былі ўведзеныя спэцыяльныя блянкі пасьведчаньняў для сваякоў памерлага. У пасьведчаньні ёсьць пункт пра тое, што супрацоўнікі “хуткай” не давалі сям’і памерлага ніякай інфармацыі што да пахавальных паслуг.

У Быдгашчы рашэньнем ваяводзкага кіраўніцтва “хуткай дапамогі” ўведзеная забарона на ўжываньне мабільных тэлефонаў падчас працы з пацыентамі, каб мэдыкі не маглі перадаваць інфармацыю пра сьмерць пацыентаў пахавальным канторам. Супрацоўнікам “хуткай” забаронена таксама даваць візытоўкі пахавальных кантораў.

Кіраўніцтва паліцыі Польшчы таксама загадала ва ўсіх ваяводзтвах правесьці сьледзтвы ў “хуткай”. Праз гэта выйшлі таксама і на іншыя парушэньні. Высьветлілася, што дзьве супрацоўніцы празэктарскай у Бельску Падляскім (там жывуць беларусы) ашукалі амаль 170 сем’яў. Дырэкцыя гэтай установы ў 2000 г. практыкавала спагнаньне платы за дзейнасьць, зьвязаную з выдачай трупаў сваякам. Стаўка складала 150 злотых. Жанчыны, прымаючы грошы, выпісвалі квіток у трох асобніках. На двух дакумэнтах, якія заставаліся ў больнічным архіве, яны запісвалі 150 злотых, а на квітку, які аддавалі сваякам, — 200 злотых.

Улады многіх ваяводзтваў і падначаленыя ім клінікі забаранілі супрацоўнікам установаў аховы здароўя ўсялякія службовыя кантакты з пахавальнымі фірмамі. Аднак пра супрацоўніцтва паміж больніцамі і ўстановамі, якія займаюцца пахаваньнямі, кіраўнікі ўстановаў і начальства, якое наглядае за імі, ведалі ўжо не адзін год. Няўжо патрэбны быў лодзкі скандал, каб яны зрабілі адпаведныя захады?

Аркадзь Шанскі

Аляксандар Смоляр, аналітык варшаўскай Фундацыі Сьцяпана Батуры, якая вывучае разьвіцьцё дэмакратыі й адкрытага грамадзтва, лічыць, што давер да польскай сыстэмы аховы здароўя традыцыйна быў вельмі нізкім, але апошні скандал ускалыхнуў усіх. Смоляр лічыць, што ў скандале ёсьць адна добрая рэч. Пасьля такой вялікай увагі да службы аховы здароўя могуць настаць паляпшэньні. Лепш за ўсё, на думку Смоляра, тое, што скандал прымусіць людзей задумацца пра цану польскіх эканамічных зьменаў, якія адбыліся пасьля каляпсу камунізму. “Дый наагул задумацца пра маральны ўзровень і пра наступствы эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў пачатку 90-х, — зазначае Смоляр. — Радыкальны пераход ад плянавай эканомікі да рынкавай суправаджаўся жудаснымі тэндэнцыямі. Грамадзкая думка засяродзілася на дасягненьні посьпеху толькі ў фінансавым дачыненьні. Гэта спрыяла карупцыі ў сыстэме аховы здароўя. Гэта спрыяла, калі так можна выказацца, парушэньню маральнай тканкі некаторых частак сыстэмы аховы здароўя”. На думку Смоляра, ёсьць і небясьпечны аспэкт у афэры: “Многія палітыкі і журналісты кажуць зараз, што тое, што адбылося ў Лодзі і, верагодна, у іншых гарадох, створыць уражаньне, нібы гэта паўсюдная зьява, што насамрэч, вядома ж, ня так”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0