Рэканструкцыя большай часткі гістарычнага цэнтра Мінска будзе завершана ў 2013 годзе, пра гэта паведаміў сёння Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага старшыня гарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Паводле слоў Ладуцькі, у гістарычнай частцы Мінска завершана рэканструкцыя 114 аб’ектаў, больш як 70 уведзена ў эксплуатацыю, да канца 2012 года плануецца ўвесці яшчэ 7 аб’ектаў. Праект дэталёвага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска Лукашэнка ўзгадніў у 2005 годзе. Гэтыя работы вядуцца на тэрыторыі плошчай 115 га.

Пасля чэмпіянату свету па хакею, які беларуская сталіца будзе прымаць у 2014 годзе, плануецца пачаць аднаўленне Мінскага замчышча, а менавіта будзе сфарміраваны археалагічны музей, музей гісторыі горада, адноўлена рэчышча ракі Няміга.

Лукашэнка таксама быў праінфармаваны аб планах па стварэнні новага мінскага мікрараёна Зялёны Бор. Ён размесціцца ў раёне пасёлка Калодзішчы. Як расказаў Лукашэнка, тут плануецца прымяніць новую схему забудовы: амаль 35% дамоў будуць вышынёй да дзесяці паверхаў, столькі ж — чатырох- і пяціпавярховыя, астатнія — нізкапавярховыя. Будаўніцтва мікрараёна пачнецца ўжо ў 2013 годзе.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пашыраць Мінск больш не трэба, неабходна асвойваць тэрыторыі ўнутры горада, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. «Мінск трэба рабіць утульным домам для гараджан», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?