Беларускі ўрад абмеркаваў сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя перспектывы развіцця МАЗа — аднаго з двух прадпрыемстваў са «спісу Мясніковіча», па якім патэнцыйны пакупнік («Растэхналогіі») не стаў абвяргаць сваёй цікавасці.

Цікавасць расійцаў павінная падмацоўвацца павелічэннем долі беларускага вытворцы на рынку Расіі.

Дэ-факта цяпер МАЗ у тым ліку працуе на ацэнку, якую будзе праводзіць для «Растэхналогій» вядомая кансалтынгавая кампанія Ernst & Young. Цяпер абмяркоўваецца новы варыянт стварэння сумеснага прадпрыемства з удзелам МАЗа і КаМАЗа. Прапаноўваецца, у прыватнасці, унесці ў статутны фонд СП па 49,9% акцый МАЗа і КаМАЗа.

Але капіталізацыя КаМАЗа большая, чым МАЗа. У якасці прыкладу: валавы прыбытак МАЗа за 2010 год быў каля 82 млн даляраў, КаМАЗа — каля 228 даляраў, па выніках 1-га квартала 2011 года гэтыя суадносіны выглядае так: адпаведна 20 млн і 54 млн даляраў. Таму расійскі бок настойвае, каб у склад СП увайшлі і іншыя беларускія прадпрыемствы. Разглядаецца, напрыклад, удзел ММЗ, магчыма, БАТЭ.

Раней першы віцэ-прэм `ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка заяўляў, што СП з удзелам МАЗа і КаМАЗа можа быць створана да канца бягучага года.

А пакуль МАЗ аднаўляе свае пазіцыі на рынку Расіі, дзе яго доля ў перыяд крызісу знізілася да рэкорднага мінімуму. Гэты мінімум — 3,4% ад усяго аб’ёму продажаў — прыпаў на 2009 год, у 2010 годзе доля склала 9,5%, хоць у 2005 годзе яна была 17,7%.

Паводле апошніх дадзеных, доля МАЗа ў першым квартале 2011 года вырасла ў сегменце аўтамабіляў поўнай масы 14–40 тон з 8,8% (дадзеныя першых трох месяцаў 2010 года) да 14,3%.

Такім чынам, па выніках 1-га квартала 2011 года МАЗ заняў у Расіі трэцяе месца па аб’ёмах продажаў грузавікоў. Наперадзе яго КаМАЗ і замежныя вытворцы (35,2%). Доля КаМАЗа ў параўнанні з першымі трыма месяцамі 2010 года і ў цэлым 2010-м годам скарацілася. У 1-м квартале 2010 года яна складала 59%, па выніках 2010 года — 46,8%. А вось продажы замежных вытворцаў, наадварот, выраслі. Для параўнання: у 1-м квартале 2010 года іх продажы складалі 11,3%, па выніках 2010 года — 25,1%.

На паседжанні ўрада, якое адбылося 19 ліпеня, была ўхваленая інвестыцыйная праграма для МАЗа на 2011 год. Яе аб’ём складзе 131,3 млрд рублёў. Па сённяшнім курсе гэта каля 25 млн даляраў, да канца 2011 года гэтая сума, не выключана, можа ў даляравым эквіваленце знізіцца ў разы. У гэтым плане, каб захаваць канкурэнтаздольнасць не толькі на расійскім рынку, але і ўнутры рынку Мытнага саюза, МАЗу трэба шукаць стратэгічнага партнёра з добрай не толькі тэхнічнай, але і фінансавай базай. Перыяд, калі абмяркоўвалася магчымасць далучэння КаМАЗа да МАЗа (канец 1990 — пачатак 2000) незваротна страчаны. І застаецца толькі шукаць найбольш спрыяльныя магчымасці супрацоўніцтва пад эгідай свайго галоўнага канкурэнта. КаМАЗ, у адрозненне ад МАЗа, не страціў замежнага партнёра (канцэрн МАN), а знайшоў і ўмацоўвае і паглыбляе стратэгічныя адносіны з ім, не баючыся ў тым ліку прадаваць акцыі. Акцыянерам КаМАЗа з’яўляецца кампанія Daimler-Benz (11% у статутным фондзе), якая з сакавіка 2011 года ў рамках ТАА «Мэрсэдэс Бенц Транс Усход» пачала вытворчасць нямецкіх грузавікоў у Набярэжных Чаўнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?