У Гомелі ўвечары 15 чэрвеня спецназ разагнаў удзельнікаў акцыі маўклівай салідарнасці, ёсць затрыманыя.

У 19,00 на плошчы Леніна сабраліся каля 180 чалавек, тут жа з’явіліся супрацоўнікі спецназа і аўтазак. Міліцыянты праз гучнагаварыцелі папярэдзілі гамяльчан, што на плошчы рыхтуецца несанкцыянаваная акцыя, і перасцераглі грамадзян ад удзелу ў ёй, пагражаючы адміністрацыйным і крымінальным пераследам.

Затым спецназ стаў адціскаць людзей з плошчы. У гэты час на праспекце Леніна 

быў затрыманы рэгіянальны лідар руху «За Свабоду» Пётр Кузняцоў, які накіроўваўся на акцыю.
Міліцыянты запхнулі яго ў аўтамабіль і даставілі ў аддзел крымінальнага вышуку Цэнтральнага РАУС, дзе паведамілі, што малады чалавек падобны да злачынцы, які сарваў шыі жанчыны залаты ланцужок коштам 7 млн рублёў. Злачынства, па словах міліцыянтаў, адбылося ў мінулы чацвер.

«У мяне патрабуюць алібі. Маўляў, дзе я быў у мінулы чацвер. Ці не зрываў залаты ланцужок ў кагосьці з шыі?» — паведаміў Кузняцоў.

Па яго словах, пяць актывістаў руху «За Свабоду» на плошчу так і не дабраліся. Іх месцазнаходжанне невядома, мабільныя тэлефоны не адказваюць.

На плошчы Леніна былі затрыманыя і змешчаныя ў аўтазак гомельскія журналісты Павел Міцкевіч і Ларыса Шчыракова.

Супрацоўнікі спецназу растлумачылі затрыманым, што ім неабходна прайсці ў аўтазак, каб «пачытаць там Канстытуцыю». У дадзены момант журналісты і яшчэ трое затрыманых дастаўлены ў Цэнтральны РАУС.

Тым часам людзей адціснулі з плошчы Леніна, пасля чаго яны разышліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?