Беларуская дэвальвацыя, паводле дадзеных Сусветнага банка, стала самай буйной у свеце за апошнія 20 гадоў, абагнаўшы эфіопскую і аргентынскую. Між тым нават за меншы паказчык у краінах ўспыхвалі народныя бунты, а ўрады і прэзідэнты вымушаныя былі сыходзіць у адстаўку.

«Салідарнасць» прааналізавала, якія палітычныя наступствы чакалі краіны, чые эканомікі перажылі сур’ёзную дэвальвацыю.

Расія

Абвал рубля ў жніўні-верасні 1998 г. ледзь не прывёў да змены палітычнага кіраўніцтва. Тагачаснаму прэзідэнту Барысу Ельцыну з вялікай цяжкасцю ўдалося ўтрымацца ва ўладзе. А вось урад на чале з Сяргеем Кірыенкам на сваім месцы не заседзеўся і быў адпраўлены ў адстаўку.

Эканамічны крызіс у Расіі пазбавіў насельніцтва большай часткі зберажэнняў і істотна знізіў узровень жыцця. Банкаўская сістэма трапіла ў калапс мінімум на паўгода. 17 жніўня па ўзгадненні з МВФ урад Расіі на чале з Кірыенкам абвясціў аб мараторыі на аплату абавязанняў на 90 дзён. У выніку курс даляра на працягу некалькіх дзён вырас удвая. Гэта і паслужыла прычынай адстаўкі Кірыенкі.

Аргентына

Крызіс у Аргентыне ў канцы 2001 г. — пачатку 2002 г. адзначыўся бурнымі палітычнымі падзеямі, якія прывялі да змены ўрада, прэзідэнта і рэзкай змены эканамічнага курсу краіны.

Дэвальвацыя нацыянальнай валюты і захады па замарожванні банкаўскіх рахункаў для прадухілення масавага адтоку фінансавых рэсурсаў з Аргентыны выклікала паўсюдныя страйкі, якія перараслі ў вулічныя беспарадкі. У выніку народных бунтаў, у якіх загінула 30 чалавек і некалькі сотняў было паранена, урад вымушаны быў сысці ў адстаўку. А неўзабаве, 21 снежня 2001 года, прэзідэнт Ф. дэ ла Руа адмовіўся ад пасады, хоць да тэрміну, адведзенага яму канстытуцыяй, заставалася яшчэ 2 гады.

Інданезія

Да падзення палітычнага рэжыму прывёў валютна-фінансавы крызіс у Інданезіі ў 1998 годзе. Дэвальвацыя рупіі выклікала скарачэнне ВУП на 13,7%, звальненні працоўных, адток капіталу з краіны. Пачаліся масавыя дэманстрацыі грамадзян, у асноўным студэнтаў, незадаволеных унутранай палітыкай прэзідэнта Сухарта, незадоўга да гэтага зноў абранага на пасаду кіраўніка дзяржавы.

МВФ прапанаваў краіне дапамогу ў памеры 42 млрд даляраў у абмен на выкананне шэрагу патрабаванняў, ад якіх урад адразу адмовіўся, але неўзабаве, усвядоміўшы сітуацыю, пайшоў на заключэнне дамовы.

Крызіс і разгул гвалту ў краіне (у выніку народных выступленняў загінула больш за тысячу чалавек) прывялі да адстаўкі прэзідэнта Сухарта. Прэзідэнт Бухарудзін Юсуф Хабібі, што прыйшоў яму на змену, палепшыў адносіны з МВФ, за некалькі месяцаў знізіў інфляцыю (яе ўзровень дасягаў 77% у год).

Уругвай

У 2002 годзе на Уругвай абрынуўся фінансавы крызіс, што пагоршыўся ад фінансавых узрушэнняў у суседніх Бразіліі і Аргентыне. Ратуючы валютныя рэзервы, парламент Уругвая прыняў закон аб замарожванні банкаўскіх укладаў. Дэвальвацыя нацыянальнай валюты выклікала на вуліцах уругвайскіх гарадоў успышкі хваляванняў, якія нагадалі аргентынскія бунты, што адправілі ў адстаўку ўрад гэтай краіны.

Сітуацыя крыху палегчылася, калі краіна ў жніўні 2002 у якасці экстранай дапамогі атрымала 1,5 млрд даляраў ад ЗША. У разгар крызісу міністр эканомікі Уругвая падаў у адстаўку.

Эквадор

Абвал цэн на нафту ў 1998-м выклікаў у Эквадоры фінансавы крызіс. Для выратавання эканомікі ўрад звярнуўся па дапамогу да МВФ, а ў пачатку 2000 амерыканскі даляр замяніў сукрэ ў якасці нацыянальнай валюты. Незадаволеныя палітыкай урада індзейцы пачалі ў некаторых раёнах узброены супраціў распрацоўкам нафты і будаўніцтву трубаправодаў. Індзейскі фронт «Пачакуці» ў 2000 арганізаваў мірны марш на сталіцу. Гэтым скарысталася ваенная хунта на чале з палкоўнікам Лусіа Гуцьерэсам, якая ажыццявіла мірны захоп улады. Ім, аднак, пад ціскам ЗША давялося саступіць уладу віцэ-прэзідэнту Набоа, які аднавіў ранейшы рэжым.

Лусіа Гуцьерэс правёў некалькі месяцаў у зняволенні, стаўшы адным з самых папулярных палітыкаў. Выйшаўшы на волю, Гуцьерэс аб’яднаўся з індзейцамі «Пачакуці» і паабяцаў вярнуць нафту пад кантроль Эквадора. Гэта забяспечыла яму перамогу на выбарах 2003 года.

Гэта толькі некаторыя прыклады палітычных наступстваў, якія выклікала дэвальвацыя ў краінах, якія перажылі фінансавы крызіс. А чым адгукнецца яна для беларускіх уладаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?