Скрыншот відэа: «Лепш тэлефануйце Солу»

Скрыншот відэа: «Лепш тэлефануйце Солу»

У скарбонцы згадак Беларусі ў папулярных амерыканскіх фільмах і серыялах папаўненне. Гэтым разам кінаробы паказалі матч зборнай Беларусі па футболе. Праўда, зусім эпізадычна.

Беларускія футбалісты з'явіліся ў кадры ў серыяле «Лепш тэлефануйце Солу» — гэта прыквел звышпапулярнага ў свой час шоу «Ва ўсе цяжкія». У 3-й серыі 5-га сезона адзін з герояў серыяла Нача Варга глядзіць футбол — гэта зразумела па воклічы «Гол!», заўважыў канал «Пьяные подкасты».

Адна са спадарожніц Нача ў гэты час праводзіць маніпуляцыі з пультам і выпадкова пераключае канал. Менавіта ў гэты момант на пару секундаў у кадры з'яўляецца матч, які глядзелі героі серыяла. Гэта таварыская гульня паміж зборнымі Беларусі і Мексікі.

Аўтары серыяла выбралі запіс рэальнага матчу — адзінага паміж гэтымі дзвюма камандамі. Ён адбыўся на «Барысаў-Арэне» 18 лістапада 2014 года. Тады пастаянныя ўдзельнікі чэмпіянатаў свету прывезлі ў Беларусь моцны склад, але гаспадары перамаглі з лікам 3:2.

Чаму ў серыял трапіла менавіта гэтая гульня? Верагодна, таму што Нача па сюжэце працуе на мексіканскі наркакартэль. Але з часам кінаробы трохі наблыталі — дзеянні серыяла разгортваюцца ў пачатку 2000-х, а не ў 2014-м.

Акрамя таго, у кадры можна заўважыць кіналяп: да таго, як паказалі тэлевізар, каментатар пракрычаў «Гол!», але ў кадры з матчам відаць, што лік у гульні да 18-й хвіліны не адкрыты. Дарэчы, першы гол гледачы ўбачылі толькі пасля перапынку.

У самім серыяле «Ва ўсе цяжкія» таксама не абышлося без згадкі Беларусі: герой Сол Гудман у адной з серый расказвае, што ў яго ёсць хакер, які жыве ў Мінску ў падвале.

Чытайце таксама:

Гуам, Бутан, Макаа… Высветлілася, з кім вяла перамовы Беларуская федэрацыя футбола аб правядзенні спарынгу

Пратасевіч і Мейрэліш знялі класны, але нестандартны серыял пра таямнічае знікненне ў Галівудзе

«Рыплі»: тонкі і густоўны дэтэктыў у стылі нуар, але не для ўсіх

10 новых серыялаў, якія выйдуць вясной

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0