Магілёвец Гардзей Рапінчук — шчаслівы ўладальнік незвычайных гадаванцаў. Красавік 2024 года

Магілёвец Гардзей Рапінчук — шчаслівы ўладальнік незвычайных гадаванцаў. Красавік 2024 года

Усё пачалося з мурашынай фермы

Хлопчык марыў пра мурашыную ферму гадоў з 6. З таго часу, як убачыў яе ў інтэрнэце, стаў маме «заязджаць» усю галаву гэтымі мурашкамі.

Тры гады таму падчас прагулкі сям'я зайшла ў заакраму «Какаду». Там і знайшлася амаль такая ж ферма, пра якую марыў хлопчык.

Самая маленькая каштавала 70 рублёў. Каб яе купіць, Гардзей нават скіраваў на маму Кацю погляд ката са «Шрэка». Але мама, як аказалася, была зусім не супраць зрабіць яму такі падарунак, таму што разумела: гэта не проста цацка, а цалкам сабе карысная рэч, якая дасць дзіцяці ўяўленне пра жыццё насякомых і навучыць адказнасці.

З тых часоў юны натураліст назірае за муравейкамі праз празрыстыя сценкі іх штучнага жылля. І ўжо нават набыў яшчэ адну ферму — крыху большую. Цяпер ён ведае, хто галоўны ў малюсенькай «дзяржаве», хто працаўнік, а хто абаронца-салдат. Хлопчык навучыўся сам яе даглядаць.

«Вось гэтая самая вялікая мурашка — матка, а круглыя беленькія — гэта яйкі, — па даросламу сур'ёзна тлумачыць ён. — Ферму трэба трымаць у чысціні і парадку. Раз у 11 дзён мурашкам трэба даваць бялок і насенне маку, кожныя 4 дні наліваць свежую ваду. Бялок — гэта лічынкі жука Зафабаса або прусакі. Яны прадаюцца ў краме як жывы корм. На адно кармленне хапае адной лічынкі».

Мурашыная ферма

Мурашыная ферма

Змяя Нірвана

З'яўленне дома змяі мама Каця лічыць цалкам заканамернай падзеяй. Любоў да гэтых жывёл з'явілася ў Гардзея пасля аднаго выпадку, які адбыўся з імі сем гадоў таму на Дні горада.

У Магілёве праходзілі святочныя гулянні. На цэнтральнай вуліцы было поўна народу. Чатырохгадовы малы Гардзей уцёк занадта далёка наперад ад мамы. У нейкі момант яна страціла дзіця з-пад увагі ў натоўпе мінакоў.

«Я глядзела па баках і ніяк не магла яго знайсці, — успамінае Кацярына. — Я вельмі спалохалася, што ён згубіўся. У адзін момант я паварочваю галаву і бачу, што ён стаіць, а ў яго на шыі заматаная вялізарная змяя. У мяне, натуральна, шок. Фатограф кажа: «Не бойцеся, я яго сфатаграфую. Першы раз бачу, каб дзіця так спакойна рэагавала на змяю».

Гардзей Рапінчук. Фота Кацярыны Рапінчук

Гардзей Рапінчук. Фота Кацярыны Рапінчук

З тых часоў, па словах мамы, у яго пасялілася ідэя-фікс завесці паўзучую гадаванку. Цяпер, калі Гардзей падрос і ўжо мае ўяўленне пра адказнасць за тых, каго прыручыў, дома з'явілася Нірвана — маісавы полаз.

Праўда, Кацярына спадзявалася на яе з'яўленне крыху пазней, калі сыну споўніцца гадоў з 18. Але Гардзей вырашыў па-іншаму. Хлопчык сам адклаў на змяю, збіраючы кішэнныя грошы. І мама, убачыўшы гэта, здалася, тым больш што змейка зусім не атрутная.

Праўда, тэрарыум для яе, які каштаваў 85 рублёў, прыйшлося ўсё адно аплачваць бацькам. Яшчэ і за дастаўку заплацілі 20 рублёў.

Гардзей трымае ў руках змяю Нірвану

Гардзей трымае ў руках змяю Нірвану

Гардзею гадаванка падабаецца сваім характарам.

«Яе толькі адпусці ў тэрарыум — адразу адчуваецца спакой, — расказвае пра сваю ўлюбёнку хлопчык. — Ляжыць такая сабе ў хованцы дзе-небудзь і глядзіць на цябе».

Таму і імя для яе абралі адпаведнае. У будызме «нірвана», паводле аднаго з паняццяў, азначае адсутнасць усялякага хвалявання і турботы. Быў, вядома, яшчэ адзін жартоўны варыянт — назваць паласатую гадаванку Наташай, у гонар бабулі. Але тата Віця такі жарт не ацаніў.

Корміць Нірвану Гардзей замарожанымі мышамі, якіх замаўляе ў інтэрнэце. Вязуць іх з мышынай фермы з Гомеля ў спецыяльным кантэйнеры — тэрмабоксе. За 10 штук трэба аддаць 22 рублі, плюс 4 рублі — за скрынку. Гэтай колькасці хапае змяі на 10 тыдняў. А праз 4 месяцы, кажа Гардзей, яе трэба будзе карміць ўжо жывымі мышамі. Іх можна будзе разводзіць самім або купляць у заакраме.

Чысціць тэрарыум прыходзіцца прыкладна раз на месяц. Паколькі Нірвана — несумненная фаварытка сярод астатніх гадаванцаў, Гардзей робіць гэта з задавальненнем, таму што гэта лішняя нагода ўзяць малую на рукі, пагладзіць і палашчыць.

Гекон Дуа

Канкуруе з Нірванай ў прыхільнасці хіба што гекон Дуа. З латыні яго імя перакладаецца як «дуэт». Назвалі так плямістага эўблефара не выпадкова. Гэтая парачка — Гардзей і яшчарка — праводзяць разам даволі шмат часу. Быццам бы яны неаддзельныя адзін ад аднаго.

Гекон Дуа

Гекон Дуа

У тэрарыуме, які замовілі для «ўсмешлівага» гадаванца за 120 рублёў з Наваполацка, Гардзей стварыў усе ўмовы для зручнасці новага жыхара. Нават «ванну» збудаваў, дзе Дуа «адмакае» ў перыяд лінькі.

Малады гекон яшчэ расце, таму «гарнітурчык» становіцца яму зацесны даволі часта і па меры росту старую скуру ён скідае. Перыяд лінькі Гардзей вызначае па колеры. У гэты час яшчарка становіцца вельмі белай. Гэта значыць, што ванну трэба тэрмінова набіраць.

Сілкуецца Дуа цвыркунамі, якія мама Каця купляе па 16 рублёў за 250 грам. Ва ўпакоўцы прыкладна 200 цвыркуноў, якіх хапае дзесьці на паўгода. Перад кармленнем Гардзей абмаквае цвыркуна ў спецыяльны парашок-кальцый. Бутэлечка каштуе 40 рублёў.

Мадагаскарскія тараканы

Пра тое, што Гардзей вырашыў купіць мадагаскарскіх тараканаў, у сям'і не ведаў ніхто. Хлопчык знайшоў праз «Куфар» заводчыцу і замовіў некалькі штук. Цяпер тараканы жывуць у пластыкавым кантэйнеры з «Фікс Прайса» за 8 рублёў. Туды Гардзей насыпаў зямлю і прадумаў прытулак, дзе малыя могуць схавацца і адчуваць сябе ў бяспецы.

Гардзей прадэманстраваў, як бясстрашна бярэ іх у рукі. Падлетак наўмысна патармашыў іх трохі пальцам па бліскучых спінках, пасля чаго яны пагрозліва зашыпелі. Мабыць, ім не занадта падабаецца, калі іх чапаюць.

Мадагаскарскія тараканы

Мадагаскарскія тараканы

Слімакі Ахаціны

Слімакі Ахаціны з'явіліся ў Гардзея зусім нядаўна. Двух з іх клічуць Лола і Гэры, як у мульціку пра Спанч Боба. Для трэцяга, самага буйнога, імя пакуль не прыдумалі.

Тут узнікла пытанне, чаму слімакоў назвалі мужчынскім і жаночым імёнамі, бо большасць малюскаў — гермафрадыты. Гэта і праўда так, але, як лічаць некаторыя спецыялісты, у «сямейнай» пары слімакоў кожная бярэ на сябе абавязкі самца або самкі. Вось і нашыя гадаванцы таксама вызначыліся, якая роля ў сям'і адведзена ім.

На сямейны бюджэт утрыманне слімакоў асабліва не ўплывае, таму што яны непераборлівыя ў ежы і доглядзе. Харчуюцца звычайнымі агуркамі. Ласунак — траву або галінкі, Гардзей прыносіць з вуліцы і проста апарвае яго кіпнем.

Павук-птушкаед

Павук-птушкаед па імені Туз — адзіны з усёй экзатычнай калекцыі, каго бацькі не дазваляюць чапаць рукамі, таму што ён атрутны.

А яшчэ Гардзей расказаў, што Туз часам скідае валасінкі, якія могуць выклікаць у чалавека алергічную рэакцыю. Таму юны заводчык не раіць купляць такога гадаванца тым, у каго ёсць алергія.

Павук-птушкаед па імені Туз

Павук-птушкаед па імені Туз

Гардзей гаворыць, што ў наступным годзе збіраецца завесці скарпіёна, на што мама скептычна хітае галавой. А вось іншую ягоную мару — стаць герпетолагам або серпентолагам, падтрымлівае. Бо менавіта з дзіцячых захапленняў часта нараджаецца рэальная прафесія.

Чытайце таксама:

Экзатычныя канкурэнты коцікаў. Якіх незвычайных хатніх гадаванцаў можна сустрэць у беларускай правінцыі

Навуковец раіць саджаць на лецішчы лаванду і разводзіць паўлінаў. Навошта?

«У яе вельмі мудры погляд». У мінскім гатэлі паселяць экзатычную птушку

Клас
18
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
16
Абуральна
36