Скрын сюжэта АНТ з перапіскамі

Скрын сюжэта АНТ з перапіскамі

Днямі канал брэсцкага ГУБАЗіКа апублікаваў скрыншоты перапіскі Віталя Чопіка з «экстрэмісцкім фарміраваннем Вясна».

Віталь Чопік — актывіст з Брэста, якога вінавацяць у тым, што ён хадзіў на суды і перадаваў з іх інфармацыю праваабаронцам. Яго моцна збілі пры затрыманні, ён патрапіў у лякарню. А пасля на каналах ГУБАЗіКа з'явіліся відэа з ім і гэтыя скрыншоты.

Але ў нас узніклі сумневы — дзіўна, што ўся ягоная «перапіска» ўмясцілася ў адзін дыялог за адзін дзень. Таксама перапіска, якую прыпісваюць Чопіку, мусіла быць вельмі старой, што дзіўна для дасведчанага актывіста.

Мы звярнуліся па каментар да дзяўчыны, якой прыпісваюць гэтыя скрыншоты — актывісткі з Брэста Ганны Багдановіч. Яна запэўнівае, што гэтага дыялогу ніколі не было. Імаверна, губазікаўцы стварылі дыялог адмыслова для паказу па дзяржТБ.

Але мы звярнулі ўвагу яшчэ на тры акалічнасці. Першая — на скрыншотах не пазначаная дата, але па відэа выглядае так, што гэта адна перапіска. Гэта бачна па часе.

Спачатку гаворка ідзе пра суд над Радзівонам Качатковым. Гэта хлопец, якога затрымалі па вяртанні з Польшчы і асудзілі 21 лютага 2023 на два з паловай гады калоніі за «распальванне варожасці». Адзін з суразмоўцаў (па версіі губазікаўцаў — Віталь Чопік) кажа, што «пракурор запатрабаваў яму 2,5 года калоніі». 

Скрыншоты перапісак з каналаў ГУБАЗіК

Скрыншоты перапісак з каналаў ГУБАЗіК

У наступным сказе ён кажа, што «схадзіў на суд да Паліўкі, яму прысудзілі сем гадоў калоніі» — прозвішча Паліўка забылі замазаць у рэпартажы на АНТ. Але суд над жыхаром Лунінца Аляксандрам Паліўкам адбыўся толькі праз год, 4 сакавіка 2024-га. Такім чынам, гэтага не магло быць у адным дыялогу.

Скрыншот перапіскі з відэа АНТ

Скрыншот перапіскі з відэа АНТ

Другая дэталь — мы не адшукалі палітвязня з прозвішчам «Кавалевіч», якога судзілі б па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Але менавіта гэта прозвішча фігуруе ў перапісцы, якую апублікаваў канал АНТ. Яго няма ні ў раскладах судоў, ні ў спісах праваабаронцаў, якім нібыта перадаваў звесткі Чопік. Магчыма, Кавалевіча ўвогуле не існуе.

Трэцяя — у дыялогу «Аня Вясна Брэст» просіць «аўдыязапіс з суда». І «Чопік» скідвае яго ў фармаце.mp4 — гэта пашырэнне стандарту MPEG-4 для відэафайлаў. Захаваць у такім фармаце аўдыя ў штатным рэжыме немагчыма — для гэтага існуе пашырэнне.m4a.

Такім чынам, выглядае так, што скрыншоты фэйкавыя. І ні Віталь Чопік, ні Ганна Багдановіч, ні іншыя актывісты не маюць да іх аніякага дачынення.

Чытайце таксама:

Прапагандысты прыдумалі фэйк пра назіральнікаў на выбарах і «Вясну» — і самі ж яго выкрылі

Дзяржаўныя медыя пачалі разганяць фэйк пра Ціханоўскую, «якая заклікае забіваць палесцінскіх дзяцей»

Як ГУБАЗіК стварае фэйкавыя перапіскі з фэйкавымі ўдзельнікамі плана «Перамога»

Клас
16
Панылы сорам
20
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
49